Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сі Цзіньпін, афіцыйна прызначаны генэральным сакратаром Камуністычнай партыі Кітаю, стаў фактычна другім наймацнейшым кіраўніком сьвету.

Некаторыя мэдыі ўжо называюць яго «спадчынным прынцам» і лічаць, што новы лідэр Кітаю належыць да кіруючай эліты ад нараджэньня. Ён – сын аднаго з заснавальнікаў Кампартыі Кітаю Сі Чжунсюня. Яго бацька даслужыўся да пасады намесьніка прэм’ер-міністра Кітаю, аднак у 1960-я гады за крытыку Мао Дзэдуна зьведаў рэпрэсіі: спачатку быў адхілены ад пасады і накіраваны на фабрыку, потым патрапіў у турму. У гэты час і яго сын быў вымушаны пераехаць з Пэкіну ў бедную правінцыю Шэньсі, дзе жыў у сельскай камуне і працаваў на полі ва ўмовах вядомых нам калгасаў.

Цзіньпін, аднак, крыўды на партыю не затаіў і падаў заяву на ўступленьне яшчэ да рэабілітацыі бацькі. Адразу пасьля заканчэньня хіміка-тэхналягічнага факультэту ўнівэрсытэту Ціньхуа пачаў узыходжаньне па апаратнай лесьвіцы кампартыі. Завочна скончыў асьпірантуру па спэцыяльнасьці «Марксісцкая тэорыя і ідэйна-палітычнае выхаваньне».
Сі Цзіньпін і чальцы Палітбюро

Сі Цзіньпін і чальцы Палітбюро


Паступова займаў кіруючыя пазыцыі ў правінцыях Фудзянь, Чжэдзянь і Шанхаі, у 2007-м стаў сябрам Сталага камітэту Палітбюро, у 2008-м намесьнікам Старшыні КНР. Тады ж узначальваў аргкамітэт Алімпійскіх гульняў у Пэкіне.

Яго жонка сьпявачка Пэн Ліюань за чвэрць стагодзьдзя сцэнічнай кар’еры стала ня менш вядомая, чым яе муж. «Яна мае ўсе неабходныя характарыстыкі, каб заняць актыўную пазыцыю на палітычнай сцэне і стаць новай кітайскай Мішэль Абамай ці Карлай Бруні», адзначае брытанская The Independent. Дачка зорнай кітайскай пары вучылася ў Гарвардзе.
Выступае Сі Цзіньпін

Выступае Сі Цзіньпін


Інфармаваныя крыніца адзначаюць, што Сі зьяўляецца прыхільнікам рынкавай эканомікі і належыць да рэфарматарскага крыла партыі. У часе яго набліжэньня да вышэйшай дзяржаўнай функцыі сустракаўся з Баракам Абамам, Дзьмітрыем Мядзьведзевым, Уладзімерам Пуціным.
Пэн Ліюань

Пэн Ліюань


Кітайскі кіраўнік паводле традыцыі займае пасаду дзесяць гадоў. 59-гадовы Сі Цзіньпін мае перад сабой вялікія задачы і вялікія выклікі: краіна, якой яму прыйдзецца кіраваць, мае рэкордную колькасьць насельніцтва і прэтэндуе стаць першай эканомікай сьвету. Кітайцы таксама маюць усё большыя спадзяваньні ня толькі на рост свайго жыцьцёвага ўзроўню, але і на рэформы і палітычныя свабоды.
XS
SM
MD
LG