Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства аховы здароўя распачало грамадзкае абмеркаваньне зьменаў у Закон «Аб ахове здароўя», які неўзабаве мае зацьвердзіць Палата прадстаўнікоў. Свае прапановы ўжо выказалі шэраг грамадзкіх і палітычных арганізацыяў, а таксама прадстаўнікі рэлігійных канфэсіяў. У пераважнай бальшыні яны тычацца забароны альбо абмежаваньня абортаў.

Больш за тры тысячы подпісаў пад сваім зваротам ва ўрадавыя органы сабрала партыя «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Актывісты БХД прапаноўваюць забараніць аборты паводле сацыяльных паказчыкаў (гэта значыць, напрыклад, — беднасьць ці адсутнасьць жыльля), увесьці так званы «тыдзень цішыні» для жанчын, якія намерыліся пазбавіцца ад цяжарнасьці, каб у гэты час зь імі працавалі спэцыялісты-мэдыкі, псыхолягі, духоўныя асобы, дазволіць лекарам адмаўляцца ад правядзеньня абортаў.

Партыйныя прапановы адзін з актывістаў БХД Дзяніс Садоўскі пракамэнтаваў гэтак: «Закон, які зараз існуе, не мяняўся яшчэ з савецкіх часоў. І калі гэтыя нашы прапановы будуць прынятыя, то мы ўпэўненыя, што ўжо налета сотні, а магчыма, і тысячы дзіцячых жыцьцяў будуць захаваныя. І гэта вельмі важна. Бо, як сказаў адзін вядомы чалавек, большасьць тых, хто выступаюць за аборты, ужо пасьпелі нарадзіцца. Мы зыходзім з таго, што жыцьцё даецца Богам і мы не павінны вырашаць, хто будзе жыць, а хто не».

Прадстаўнікі Каталіцкага касьцёлу і Беларускай праваслаўнай царквы правялі адмысловы круглы стол, у выніку якога прынялі супольную рэзалюцыю шырэйшага зьместу. Яны прапаноўваюць юрыдычна замацаваць у Законе «Аб ахове здароўя» забарону на сурагатнае мацярынства, на зьмену полавай прыналежнасьці, на экспэрымэнты з эмбрыёнамі чалавека. Але прапановы радыкальных зьменаў у законапраект не азначаюць, што духавенства супрацьстаіць разьвіцьцю навуковага прагрэсу.

Гаворыць прадстаўнік эпархіяльнага ўпраўленьня Беларускай праваслаўнай царквы Андрэй Алежка: «Калі былі выведзеныя тэхналёгіі масавага зьнішчэньня людзей — атамная зброя — першыя хто выступіў за абмежаваньне і забарону гэтых тэхналёгій? Стваральнікі гэтых тэхналёгій — фізыкі-ядзершчыкі. І гэта гістарычны факт. Бо яны першымі зразумелі, што яны стварылі — магчымасьць зьнішчэньня ўсяго жыцьця. Таму тэхналёгіі — гэта яшчэ ня самае галоўнае. Галоўнае, каб яны супадалі з маральнымі нормамі. І тое, што царква супраць прагрэсу, — гэта няпраўда. Царква ня супраць прагрэсу, калі прагрэс супадае з маральнымі нормамі».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі штогод праводзіцца каля 30 тысяч апэрацый па перарываньні цяжарнасьці. Прадстаўнікі каталіцкага касьцёлу і праваслаўнай царквы прапануюць цалкам забараніць аборты, матывуючы гэтую прапанову, сярод іншага, і тым, што яна будзе спрыяць паляпшэньню дэмаграфічнай сытуацыі ў краіне.

Гэта права жанчыны — вырашаць, хоча яна пакінуць гэтае зачатае дзіця альбо не

Экспэрт па пытаньнях гендэрнай роўнасьці Ірына Альхоўка мае на гэты конт іншую думку: «Мне падаецца, што гэта права жанчыны — вырашаць, хоча яна пакінуць гэтае зачатае дзіця альбо не. Хоць аборт — ня самы лепшы выбар з мэдычнага пункту гледжаньня. Тут паўстае права выбару: якім будзе маё жыцьцё? І нельга сёньня жанчыну пазбаўляць гэтага права. Нельга сёньня назваць аборт галоўнай прычынай дэмаграфічнага крызісу ў краіне — гэта цалкам няправільна. У мінулым ужо былі крымінальныя аборты пры Сталіну, і тая забарона не вырашала дэмаграфічнай сытуацыі. І гэта таксама пэўныя маніпуляцыі, якія мне не падабаюцца ў гэтых дыскусіях. Так, эмбрыён чалавечы — гэта эмбрыён, але яшчэ не чалавек, які нарадзіўся. Тут паўстае вельмі шмат прававых працэдур, якія ня вырашаныя ў прапановах людзей, якія выступаюць за забарону абортаў».

Наколькі актыўна праходзіць грамадзкае абмеркаваньне законапраекту і якія меркаваньні маюць самі мэдыкі, у Міністэрстве аховы здароўя паведаміць адмаўляюцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG