Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залескі: «Мясьніковіч — гэта як цень на сьцяне»


Прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч падчас беларуска-індыйскага бізнэс-форуму ў Нью-Дэлі прапанаваў дзелавым колам Індыі купіць прадпрыемства «Гродна Азот» — частку так званага «фамільнага срэбра». На «Гродна Азоце» кажуць, што ўпершыню чуюць пра такія пляны беларускага ўраду

Год таму расейскі пасол Аляксандар Сурыкаў казаў пра гатоўнасьць Беларусі прадаць «Гродна Азот» расейскаму «Газпрому». Гэта кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка абмяркоўваў са старшынёй «Газпрому» Аляксеем Мілерам. Аднак Расея гэтае прадпрыемства пакуль так і не атрымала.

Не сышліся ў цане, сказаў намесьнік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц: «Сёньня задача ўраду — прадаць задорага. Таму і ходзяць прадаўцы і прапануюць, хто возьме даражэй актыў. Хоць гэта задача на бягучы момант. Трэба думаць не як прадаць. Нашы зьнешнія пазыкі кажуць пра тое, што калі мы атрымліваем многа грошай, мы пачынаем іх вельмі хутка траціць. Як у той прыпавесьці пра рыбку і пра вуду. Трэба ствараць і прыцягваць эфэктыўнага ўласьніка».

Міхаіл Мясьніковіч падчас візыту ў Індыю прапанаваў «Гродна Азот» мясцовым бізнэсоўцам. Спадар Грыц кажа, што гэта «ня першы і не апошні раз камусьці прапануюцца беларускія актывы»:

«Падчас візыту трэба ж пра нешта казаць, у тым ліку пра інвэстыцыі і прыватызацыю. Неаднаразова гэтыя актывы прапаноўваліся Расеі, Казахстану і Азэрбайджану. Няма нічога неардынарнага ў тым, што прапанавалі гэтыя актывы Індыі. Але пытаньне прапановы і продажу, узгадненьне ўмоваў — гэта розныя рэчы. Таму я тут не рабіў бы трагедый. Наагул, нават няма прадмету для размовы».

«Гродна Азот» мае вялікія даўгі, да таго ж адносна яго дзейнічаюць санкцыі ЗША, уведзеныя ў мінулым годзе. На самім прадпрыемстве нічога аб продажы індыйцам ня ведаюць. Сябра незалежнага прафсаюзу Аляксандар Парадкаў гэтак пракамэнтаваў навіну:

«Што там Мясьніковіч сказаў недзе па тэлебачаньні ці радыё — Бог яго ведае. Гэта ж урадавая каманда выехала ў Індыю і Банглядэш. І раптам такая прапанова зьявілася, калі яны перасеклі мяжу Індыі. У мяне такое ўражаньне — гэта каб стварыць бачнасьць, што яны нешта робяць».

Эканаміст Міхал Залескі мяркуе, што індыйцы ня купяць «Гродна Азот», бо ім лепш мець прыпартовы завод такога кшталту, зь якога можна было б угнаеньні морам накіроўваць у Індыю.

«Мясьніковіч — гэта як цень на сьцяне. Тое, што адкідае гэты цень, нам невядома. Мы можам толькі па мітушэньні гэных ценяў здагадвацца пра тое, што адбываецца ў нетрах адміністрацыі і Саўміну. Дзеля чаго пачынаюцца такія рыўкі? Мясьніковіч паехаў, бо яго паслалі. Чаму прадаваць — бо грошай няма. Чаму „Азот“ — бо мы яму самі ўжо рады даць ня можам. „Азот“ спажывае 10–12-ю частку газу ад агульнага спажываньня ў краіне. Газ даражэе, эфэктыўнасьць „Азоту“ не павялічваецца. Вось і трэба зь ім нешта рабіць».

Эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што ў любым выпадку кантрольны пакет акцый улады не прададуць. А гэта азначае, што прыватнік укладзе грошы, але кіраваць ня будзе. І дзяржава знойдзе выйсьце, каб не выплачваць вялікіх дывідэндаў прыватніку. А пошукі пакупнікоў на фамільнае срэбра выкліканыя дэфіцытам валюты.

І пакрыць яго толькі продажам часткі «Гродна Азоту» ня ўдасца: «І іншыя прадпрыемствы рыхтуюцца да прыватызацыі іх акцый. На наступны год абвешчана прыватызацыя акцыяў трактарнага, аўтамабільнага заводаў. Могуць быць прыбыткі ад продажу акцыяў тэлеапэратара МТС і іншых. Патрэбы ў валюце вялікія. Тут толькі адно прадпрыемства, якое можа пакрыць усе нашы дзіркі. Гэта „Беларуськалій“, але таксама ня будзе прададзены кантрольны пакет. Так што спатрэбіцца некалькі прадпрыемстваў прыватызаваць, каб сабраць грошы ў патрэбным для краіны памеры. Само па сабе паступленьне гэтай валюты не вырашае праблемаў нашага разьвіцьця. Толькі закрывае апэратыўныя патрэбы. Гэта часовае вырашэньне пытаньня».
XS
SM
MD
LG