Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выбух каля віцебскага КДБ: падазраваных няма


Паводле Сьледчага камітэту, усіх затрыманых па падазрэньні ў датычнасьці да выбуху каля віцебскай управы КДБ адпусьцілі.

Але няма зьвестак пра тое, каб справу, распачатую паводле артыкула 339 Крымінальнага кодэксу «Хуліганства», ужо скасавалі.

Паводле афіцыйных дадзеных са Сьледчага камітэту, які займаецца расьсьледаваньнем па факце выбуху каля будынка Віцебскай абласной управы КДБ увечары 11 лістапада, затрымана было каля 60-ці чалавек. Большасьць зь іх адпусьцілі той самай ноччу, трое заставаліся пад вартай да 14 лістапада. Потым зьявіліся зьвесткі, што падазраваны застаўся адзін. Урэшце і яго адпусьцілі, паведаміў Сьледчы камітэт, заявіўшы журналістам, што па справе выбуху ля КДБ няма ні затрыманых, ні падазраваных.

Але застаюцца пытаньні, адказаў на якія мы ня ведаем, лічыць віцебскі праваабаронца Павал Левінаў. Да прыкладу, адпушчаныя людзі могуць заставацца сьведкамі ў справе, у іх маглі ўзяць падпіску аб нявыезьдзе або пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва:

«Мы ня ведаем прозьвішчаў: каго затрымалі, каго потым адпусьцілі. Ня ведаем іхнага цяперашняга статусу — кім яны ёсьць у гэтай справе. Мы ня ведаем, ні хто іх затрымаў, ні дзе іх утрымлівалі гэты час. Можа, увогуле гэта нейкі тактычны захад: адпусьціць, каб потым адсачыць іхныя кантакты на волі».

Скантактавацца з тымі, хто быў затрыманы па справе выбуху, пакуль не ўдаецца, працягвае спадар Левінаў:

«Цяжка шукаць іголку ў стозе сена, асабліва калі яна сама ня хоча адшукацца. Вось так, калі перафразаваць прымаўку. Людзі ня йдуць на кантакт, не распавядаюць пра гэта, і, верагодна, яшчэ глыбей „сышлі ў цень“. Між тым як праваабаронцу мяне турбуе, як зь імі абыходзіліся, дзе яны знаходзіліся, ці быў у іх адвакат, ці была аказана мэдычная дапамога, калі гэта было неабходна, у якіх умовах іх трымалі».

Былы апэратыўны супрацоўнік абласной міліцыі Аляксандар Мікулін, агледзешы месца выбуху, зрабіў свае высновы:

«Мяне зьдзівіла тое, што месца выбуху абрана не выпадкова, прафэсійна. Ніводная камэра „ня бачыць“, што там закладалі і хто закладаў. І зарад абраны такі, што небясьпекі не ўяўляў, там не было элемэнтаў, якія б выклікалі асколкавыя раненьні. Дык што гэта было? Вось у Менску плянуецца пашыраная нарада пры прэзыдэнце па працы праваахоўных органаў. Можа, гэта і была праверка працы праваахоўных органаў? Цяжка сказаць».

Спадар Мікулін зьвяртае ўвагу, што ў дзяржаўных СМІ якраз зьявіліся паведамленьні пра вучэньні тэрытарыяльнай абароны, якія праходзілі на Віцебшчыне 13–14 лістапада.

Праўда, інцыдэнт каля віцебскага КДБ у справаздачы не фігуруе. Ніякай згадкі пра яго не было і ў сутачных зводках абласных службаў МНС і МУС.

Затое туды трапіла іншае прыкметнае здарэньне, якое адбылося 14 лістапада: 36-гадовы жыхар Віцебску патэлефанаваў у міліцыю, сказаўшы, што ў будынку холадакамбінату таксама закладзена выбуховае прыстасаваньне. Інфармацыя не пацьвердзілася, «тэлефоннага тэрарыста» знайшлі за некалькі гадзін. Ён патлумачыў, што хацеў праверыць хуткасьць працы адказных структур.

У Віцебску ходзяць разнастайныя чуткі пра тое, ці зьвязаныя паміж сабой усе гэтыя апошнія падзеі.

У любым выпадку, крымінальная справа пра выбух каля КДБ не скасаваная. А таму, кажуць гараджане, можна зноў чакаць затрыманьняў і новага шэрагу падазраваных.
XS
SM
MD
LG