Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясьніковіч прапанаваў Індыі «Гродна-Азот»


Прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч прапанаваў індыйскім бізнэсмэнам прыняць удзел у прыватызацыі ААТ «Гродна-Азот» і ў іншых праектах.

Як паведаміла прэс-служба ўраду, 14 лістапада Мясьніковіч прыняў удзел у адкрыцьці Індыйскага міжнароднага гандлёвага кірмашу ў Дэлі, дзе прысутнічаў прэзыдэнт Індыі Пранаб Мукерджы.

На гэтым кірмашы сваю прадукцыю прадставілі больш за 60 беларускіх кампаній. Мясьніковіч заявіў, што найбольшую цікавасьць Беларусь мае да партнэрства з індыйскімі дзелавымі коламі ў прамысловасьці, фармацэўтыцы, мэталюргіі, энэргетыцы, сфэры высокіх тэхналёгій. Цяпер у Беларусі мае бізнэс больш за тысячу індыйскіх кампаній. Мясьніковіч заклікаў да пашырэньня індыйскай прысутнасьці ў эканоміцы Беларусі:

«Беларусь — надзейны эканамічны партнэр і добры мост паміж Эўропай і Эўразіяй. З улікам гэтага мы прапануем індыйскаму бізнэсу канкрэтныя праекты».

Сярод іншага Міхаіл Мясьніковіч прапанаваў дзелавым колам Індыі прыняць удзел у прыватызацыі і пашырэньні магутнасьцяў ААТ «Гродна Азот»:

«Тут можна, выкарыстоўваючы азотныя, калійныя і фосфарныя ўгнаеньні, рабіць кампанэнты для вашага рынку».

Апрача таго, Беларусь стварае ў Індыі вытворчасьць па сэрвісным абслугоўваньні БелАЗаў, плянуе арганізацыю сумесных вытворчасьцей аўтамабільнай і трактарнай тэхнікі.

«Мы прапануем ствараць сумесныя прадпрыемствы ў Індыі ў галінах, дзе беларусы маюць прызнаны вопыт вытворчасьці, тэхналёгіі і ноу-хау. Мы акажам пры гэтым выгадную інвэстыцыйную падтрымку», — падкрэсьліў прэм’ер-міністар Беларусі.


Ацэнка прапаноў Мясьніковіча незалежнымі экспэртамі — пазьней на нашым сайце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG