Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія памежнікі прадухілілі ўвоз у Літву зь Беларусі радыяактыўных лісічак. Норма радыяцыі ў іх была перавышаная больш чым удвая, паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

Небясьпечны груз быў знойдзены ў аўторак увечары на КПП пры праверцы грузавога аўтамабіля з прычэпам, за рулём якога знаходзіўся 55-гадовы грамадзянін Беларусі. Пры ўезьдзе грузавіка на КПП спрацавала стацыянарнае абсталяваньне вымярэньня радыяцыі. Памежнікі праверылі грузавік дадаткова ручнымі прыборамі вымярэньня радыяцыі, высьветлілася, што радыяцыйны фон лісічак дасягаў каля 50 мікрарэнтген у гадзіну пры дапушчальным фоне 20 мікрарэнтген. Замер быў выраблены звонку прычэпа, магчыма, фон усярэдзіне быў бы яшчэ вышэйшы.

Паводле дакумэнтаў, груз накіроўваўся з аднаго беларускага прадпрыемства празь Літву ў краіны Заходняй Эўропы. У адпаведнасьці з устаноўленым парадкам быў апавешчаны Цэнтар радыяцыйнай бясьпекі Літвы. Памежнікі вырашылі не пускаць груз зь Беларусі. У цэлым сёлета літоўскія памежнікі выявілі 72 выпадкі перавышэньня радыяцыйнага фону, паведамляе DELFI.

Некалькі гадоў таму Інстытут навакольнага асяродзьдзя ў Мюнхэне распаўсюдзіў заяву адносна чарговай партыі радыяактыўных лісічак, якія трапілі ў гандаль нямецкай фэдэральнай зямлі Баварыя і, мяркуючы па ўсім, таксама прадаваліся ў самых розных краінах ЭЗ. Згодна з дазымэтрычнымі вымярэньнямі, што праводзіліся супрацоўнікамі інстытуту, у кожным кіляграме гэтых імпартаваных грыбоў утрымлівалася 1000 бэкерэляў цэзію-137, што амаль удвая перавышала дапушчальную норму.

Як сьцьвярджала навуковая супрацоўніца мюнхэнскага інстытуту, фізык Карын Вурцбахер, «апошнім часам пры праверцы ўсходнеэўрапейскіх грыбоў павелічэньне цэзію проста кідаецца ў вочы. Відавочна, што гэтыя грыбы паходзяць з пацярпелых ад чарнобыльскай радыяцыі рэгіёнаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны, хоць у якасьці пастаўшчыка можа значыцца Літва ці іншыя не забруджаныя радыяцыяй ўсходнія краіны ЭЗ. Нярэдка гандляры ідуць і на іншыя трукі. Яны, напрыклад, зьмешваюць лісічкі, сабраныя на моцна забруджаных тэрыторыях з такімі ж грыбамі, але зь нізказабруджаных раёнаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG