Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гурт «Палац»: мы самі ствараем фальклёр


Гурт «Палац» прэзэнтаваў альбом «Кола грукатала» і дыск сайд-праекту «Салдат-доктар».

Лідэр гурту Алег Хаменка кажа, што альбом «Кола грукатала» працягвае традыцыі «Палаца», адно што аўтарскіх кампазыцыяў стала значна больш:

«Палац» пачынаўся з народных песень, якія мы сапраўды бралі ў народу, у фальклёры. Цяпер на ўсім дыску толькі адзін трэк, які ёсьць народнай песьняй. Але фальклёр — гэта не музэй. Музыкі, у тым ліку і прафэсійныя, ствараюць тое, што пазьней будзе называцца народнай творчасьцю, фальклёрам. «Госьці» Лявона Вольскага ці «Гуляць дык гуляць» — вось сучасны фальклёр. Тым ня менш у гэтых песень ёсьць аўтары, і яны вядомыя. Іншая справа, што дасягнуць таго, каб твая творчасьць пачала лічыцца народнай, вельмі цяжка. Мы імкнемся да гэтага».

Альбом «Кола грукатала» — гэта 10 трэкаў, праца над якімі вялася цягам амаль 10 гадоў. Аўтар бальшыні кампазыцыяў — Алег Хаменка. Усе песьні зьвязаныя зь беларускімі сьвятамі, прыкметамі, легендамі і паданьнямі. Удзельнікі калектыву перакананыя, што трэба браць тэмы, датычныя беларускай гісторыі, і на іх падставе ствараць аўтарскія тэксты, інакш фольк-музыка загоніць сама сябе ў тупік.

«Сайд праект „Салдат-доктар“ — гэта казка для дзяцей і дарослых. Гэта цікавы аповед, які б я раіў паслухаць у машыне ў дарозе. Гэта твор, які дасьць глебу для разважаньняў на самоце і для цікавых спрэчак у кампаніі, — кажа Хаменка. — „Салдат-доктар“ — гэта музычная прыпавесьць, але калі гаварыць пра прэм’еру на вялікай сцэне, то я б думаў пра тэатральную пастаноўку, а не канцэрт».

Казка «Салдат-доктар», выдадзеная на асобным дыску разам з трыма музычнымі творамі, — вынік пераасэнсаваньня Алегам Хаменкам старой беларускай аповесьці, якая была запісаная пры канцы 19 ст. у вёсцы Глыбава на Магілёўшчыне фальклярыстам Еўдакімам Раманавым.

«Гэтая казка можа быць яркай ілюстрацыяй таго, які ёсьць беларус на самой справе, з усімі яго праблемамі, комплексамі ды страхамі», — лічыць Алег Хаменка.

Прадстаўнік кампаніі «Вігма», якая выпусьціла абедзьве кружэлкі, Аляксей Багдасар’ян заявіў на прэзэнтацыі, што ў дачыненьні да беларускай музыкі патрабуецца іншы, адмысловы падыход, незвычайная тактыка продажу: «Не выпадае, каб такая музыка, якую грае „Палац“, стаяла ў супэрмаркетах побач з шансонам і поп-выканаўцамі. Мы шукаем іншыя спосабы рэклямы беларускай музыкі».

XS
SM
MD
LG