Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Добра быць паэтам аднаго верша. А калі верш гэты напісаны па-беларуску ў першай палове ХІХ стагодзьдзя, то аўтар ягоны ледзь не аўтаматычна трапляе ў клясыкі. Праўда, Паўлюк Багрым у клясыкі трапіў не адразу і не аўтаматычна і ляўравага вянка на сваё чало так і не прымераў. Напісаўшы верш-шэдэўр «Зайграй, зайграй, хлопча малы», ён вырашыў падстрахавацца творам, выкананым у больш надзейным за паперу матэрыяле, і выкаваў для Крашынскага касьцёлу падсьвечнік-жырандолю. Яна і сёньня там вісіць, і на яе вернікі паглядаюць як на цудатворны абраз, бо жырандоля ўратавала касьцёл ад разбурэньня. Хацелі яго за савецкім часам ці то ўзарваць, ці то разабраць на будматэрыял для мясцовай сьвінафэрмы, але жырандолю тады дзе павесіць? Зусім беспрытульным твор народнага ўмельца нават у эпоху ваяўнічага бязбожжа застацца ня мог. Пачухалі патыліцы крашынскія атэісты і адступіліся ад сьвятыні.

Такім чынам Паўлюка Багрыма можна лічыць ахоўнікам касьцёлу і паэтам у дзьвюх іпастасях, бо і кавальскім молатам ён працаваў віртуозна, як пяром. Ды і зробленыя зь ювэлірным майстэрствам 33 жаўрукі на жалезным коле – хіба ня сымбаль песеннага мастацтва?
Жырандоля

Жырандоля


Яшчэ адзін несумненны плюс паэтавай нешматслоўнасьці – магчымасьць застацца ў памяці народнай. Я спэцыяльна прайшоўся па Крашыне і замест «добрага дня» даваў мінакам першы радок «Зайграй, зайграй, хлопча малы». І сто адсоткаў сустрэтых мною крашынцаў – ад школьнікаў да старэнькіх, з кіёчкамі, бабуляў – не міргнуўшы вокам, працягвалі: «І ў скрыпачку, і ў цымбалы». І без заахвочваньняў з майго боку чыталі з памяці далей. Падкрэсьлю – ня песьню-паскакуху людзі памятаюць, а 29 радкоў драматычнага вершу, які і завучыць няпроста (там рухомыя націскі, якія – сам чуў – часам зьбівалі з панталыку і прафэсійных чытальнікаў).

Зайграй, зайграй, хлопча малы.
І ў скрыпачку, і ў цымбалы.
А я зайграю ў дуду,
Бо ў Крашыне жыць ня буду.
Бо ў Крашыне пан сярдзіты,
Бацька кіямі забіты,
Маці тужыць, сястра плача:
«Дзе ж ты пойдзеш, небарача?...»
Дзе ж я пайду? Мілы Божа!
Пайду ў свет, у бездарожжа,
У ваўкалака абярнуся,
З шчасьцем на вас азірнуся.
Будзь здарова, маці міла!
Каб ты мяне не нарадзіла,
Каб ты мяне не карміла,
Шчасьліўшая ты б была!
Каб я каршуном радзіўся,
Я бы без паноў абыўся:
У паншчыну б не пагналі,
У рэкруты б не забралі
І ў маскалі не аддалі.
Мне пастушком век ня быці,
А ў маскалях трудна жыці,
А я і расьці баюся,
Дзе ж я, бедны, абярнуся?
Ой, кажáне, кажанé!
Чаму ж ня сеў ты на мяне?
Каб я большы не падрос
ды ад бацькавых калёc.

«Мог бы славай грымець сярод годных паэтаў Эўропы», – спачувальна адгукнуўся на лёс Багрыма Ўладзімер Караткевіч. Не атрымалася, не сышліся зоркі, ня выпаў лёс. Замест эўрапейскай славы грымеў молатам па накавальні ў местачковай кузьні. Пасьля крашынскага сялянскага бунту ў 1828 годзе з Паўлюка Багрыма была ўзятая падпіска ў тым, што ён «никогда и ни перед кем не смеет произносить или переписывать стихи». На вусны паэту была накладзеная пячатка маўчаньня. Заставалася прамаўляць моўчкі – молатам у кузьні.

Зрэшты, чым ёсьць тая прыжыцьцёвая слава? Вогнішчам з саломы, пры якім і пагрэцца не пасьпееш. А вось слава пасьмяротная больш трывалая, і грымець ёю можна даўжэй. Асабліва калі ёсьць аб што – як у выпадку з Багрымам.

Верш у людзкой памяці, цэнтральная вуліца ў Крашыне з каталіцкім і праваслаўным храмамі па абодвух канцах, жырандоля ў касьцёле, надмагільны помнік на крашынскіх могілках з адмысловай шыльдачкай – «Ахоўваецца дзяржавай»…
Помнік на магіле паэта

Помнік на магіле паэта


А шыльдачка, спытаеце, навошта? Вось тут мы і сутыкаемся з адной цікавай калізіяй у айчынным багрымазнаўстве. Справа ў тым, што баранавіцкі краязнаўца Міхась Маліноўскі паставіў сабе за мэту даказаць, што паэта Паўлюка Багрыма не існавала ў прыродзе. І ён гэта даказвае, як умее. Ваяўніча (27 гадоў праслужыў у савецкім войску), самаўпэўнена (замест вершу «Зайграй, зайграй, хлопча малы» прапануе ўключыць у школьныя праграмы свае багрымапагромныя дасьледаваньні), па-дылетанцку (прынцыпова не працуе ў архівах, зьбіраючы вяршкі па чужых публікацыях). Гэтае ваяўнічае і самаўпэўненае змаганьне і прывяло да сумных вынікаў. Начытаўшыся артыкулаў М. Маліноўскага (а ён друкуецца вельмі актыўна), хтосьці невядомы ўжо двойчы разбураў надмагільны помнік Багрыму. Вось і зьявілася на ім адпаведная шыльдачка (ці надоўга яна адпрэчыць вандалаў – невядома).

Гадоў пяць таму М. Маліноўскі выдаў свае опусы асобнай кніжкай і прыслаў мне. Прачытаўшы яе, я зразумеў, што краязнаўца ня проста спрабуе сьпіхнуць Багрыма з пастамэнту (нешта падобнае позна ці рана здараецца ледзь ня з кожным клясыкам), а зацята, зь нейкім малазразумелым азартам хоча прыбіць яго да ганебнага слупа. Паводле Маліноўскага, Паўлюк Багрым быў правакатарам на службе Расейскай імпэрыі і за сваю чорную працу да канца жыцьця меў вялікую ласку ад уладаў. Доказы гэтай хваравітай фантазіі ў кніжцы не прыводзяцца.

Пасьля такіх «адкрыцьцяў» баранавіцкага краязнаўцы цярплівы чытач яшчэ пра шмат што даведаецца. І што пісаў Багрым па-польску (гэта сказана пра беларускую лацінку, якую сёньня нават у мэтро можна сустрэць), і што Багрымаў, аказваецца, было два, і што нарадзіўся адзін зь іх (ці абодва?) ня ў 1812, а ў 1813 годзе… Усіх сваіх папярэднікаў, якія не сумняваюцца ў існаваньні Багрыма-паэта, Маліноўскі безапэляцыйна называе «ілжэдасьледчыкамі» і «люмпэнаўскімі дасьледчыкамі». А крашынскага ксяндза Караля Жураўскага, які пасьля ўзьяднаньня заходняй і ўсходняй Беларусяў прайшоў праз савецкую турму і ўратаваў бясцэнныя дакумэнты, датычныя Багрыма, – «злодзеем і распусьнікам». Аўтар кніжкі быццам ня ведае, што «злодзей», калі ўжо знаходзіўся на Божай пасьцелі, усе крашынскія матэрыялы пераслаў у Беларусь, на рукі гісторыка літаратуры Язэпа Янушкевіча, які іх і апублікаваў – яшчэ ў 1988 годзе.
Літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч

Літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч


Асьлеплены падманным сьвятлом герастратавай славы, М. Маліноўскі намагаецца адабраць у Паўлюка Багрыма і знакамітую жырандолю. Маўляў, не вучыўся крашынскі ўмелец кавальскаму майстэрству, дык як мог тых жаўрукоў выкаваць… Што тут можна параіць сумніўцу-глумліўцу? Прыставіць лесьвіцу да тае жырандолі, узьняцца і прачытаць «аўтограф» каваля: “Павал Багрым выканаў у Крашыне над Шчарай у 1881 г.». Але раіць такое мне ня хочацца. Бо, дабраўшыся да жырандолі, М. Маліноўскі ўбачыць на ёй ня толькі працытаваны надпіс, але і новую тэму для сваіх інсынуацый – выкаваную Багрымам Пагоню…

Пры выпадковай сустрэчы я выказаў М. Маліноўскаму ўсё, што думаю пра яго антыбагрымаўскі опус. Параіў пачытаць дасьледаваньні літаратуразнаўцаў Міколы Хаўстовіча ды Ігара Запрудзкага, якія свае асьцярожныя і карэктныя сумненьні падмацоўваюць усё ж пэўнай аргумэнтацыяй… З тае пары пільнасьць баранавіцкага краязнаўца да ўсяго сказанага, зробленага і прамоўленага мною проста ня мае межаў. Ня буду згадваць, куды і пра што ён апошнім часам пісаў. А вось пра нядаўні ліст, які прыйшоў на радыйную паштовую скрынку 111, колькі словаў сказаць неабходна.

Пачуўшы па Радыё Свабода маю перадачу «Вольная студыя», дзе два абзацы прысьвячаліся Паўлюку Багрыму (надыходзілі яго 200-я ўгодкі), М. Маліноўскі ва ўласьцівым яму ваяўнічым стылі напісаў водгук і адрасаваў яго ў КДБ (копія чамусьці дасталася мне).

Цытую: «Пан Міхал Скобла! Чыста выпадкова на мінулым тыдні натрапіў на Вашую правакацыйную перадачу на Radio Liberty… У эфіры Вы ізноўку паднялі пытаньне аб правакатары, не-не, не аб правакатары Паўле Багрыме, а аб сфабрыкаваным польскімі масонамі і нацыянал-шавіністамі русафобе-паэце Паўлюке (так у тэксьце – М.С.) Багрыме… Зь якой мэтай Вы гэта робіце, хто з калябарантаў штурхае Вас на гэта?». І гэтак далей – і пра Юдавы срэбранікі, і пра здраду радзіме…
Ліст

Ліст


Зрэшты, «мэты і штурхальнікі» – для М. Маліноўскага не таямніца, і таму ён зьвяртаецца наўпрост ва Ўпраўленьне КДБ па Менскай вобласьці з просьбай высьветліць, на якую дзяржаву працуе Міхась Скобла. А заадно – рассакрэціць для яго тыя даносы, якія сто восемдзесят гадоў таму нібыта пісаў малады Паўлюк Багрым…

Прачытаў я той ліст, штэмпэляваны адмысловай пячаткай з адрасам і тэлефонам, і стала мне неяк непамысна і гідка, быццам адкрыў бляшанку з пратэрмінаванымі кансэрвамі. Выдавалі нам такія ў савецкім войску, ледзь яшчэ не з лэнд-лізаўскіх паставак. І падумалася – спазьніўся чалавек нарадзіцца, у 30-я гады тыя, хто перапісваўся з органамі дзяржбясьпекі ў падобным жанры, даслужваліся да хлебных пасадаў, як той жа Лукаш Бэндэ. А што ім сьвеціць сёньня? Нешта ж сьвеціць…

Не пераймайся ты гэтымі пісаньнямі пра Багрыма і ў КДБ – раяць мне сябры. Калі чалавек подлы – не дапамогуць і модлы. Але я добра памятаю, як наш найсумленьнейшы дасьледчык Генадзь Кісялёў незадоўга да сьмерці быў вымушаны праводзіць навуковую экспэртызу псэўданавуковых тэкстаў М. Маліноўскага. Бо Мінадукацыі ўжо зьбіралася выкінуць «мітычнага паэта Багрыма» са школьных падручнікаў. Тады аўтарытэт і высокі прафэсіяналізм Кісялёва перамаглі. Але пытаньне з парадку дня канчаткова ня зьнятае да гэтай пары.

І калі трэцім разам надмагільны помнік Паўлюку Багрыму, які знаходзіцца пад аховай дзяржавы, паспрабуюць зьнішчыць невядомыя зламысьнікі, ня трэба здагадвацца, хто разам зь імі павінен будзе панесьці за гэта адказнасьць. Іх ідэйны натхняльнік, які жыве ў Баранавічах на вуліцы Берасьцейскай. А больш канкрэтны адрас ведаюць ва ўстанове, у якой, відаць, прыйшоў час увесьці штатнага спэцыяліста па Багрыму. Каб даносы шукаў і помнік на крашынскіх могілках пільнаваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG