Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2003 годзе другі прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма напісаў кнігу «Ўкраіна — не Расея». Пры чацьвёртым прэзыдэнту Віктару Януковічу насьпеў час пісаць артыкул «Украіна — не Беларусь».

Парлямэнцкія кампаніі прайшлі ў Беларусі і Ўкраіне амаль адначасова, беларускія выбары адбыліся на месяц пазьней — у фізычным сэнсе, і адсталі гадоў на 20 — паводле мерак грамадзка-палітычнага прагрэсу.

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель у траўні гэтага году, ацэньваючы актыўнае згортваньне дэмакратыі ўрадам Віктара Януковіча, параўнала Ўкраіну і Беларусь, дзе «людзі аднолькава пакутуюць ад дыктатуры і рэпрэсій».

Параўнаньне многіх украінцаў абразіла, зь ім спрачаліся і спрабавалі давесьці адваротнае — у прыватнасьці, на кастрычніцкіх выбарах у Вярхоўную Раду.

Калі вынік беларускіх «выбараў» у Палату спадарыня Ярмошына палічыла за пару гадзін, то вынік выбараў у Раду лічылі два тыдні. І гэтыя тыдні сталіся часам жорсткай палітычнай барацьбы.

Як Беларусь у 1996 годзе, Украіна сёлета апынулася на парозе дыктатуры, калі падавалася, што бульдозэру Партыі рэгіёнаў, за штурвалам якога сядзіць прэзыдэнт Януковіч, а паліўныя бакі напаўняюць мільярдэры-алігархі, супрацьстаяць будзе немагчыма.

Партыя рэгіёнаў перад гэтымі выбарамі часткова вярнула вядомую беларусам мажарытарную сыстэму выбараў: палова дэпутатаў цяпер абіралася па партыйных сьпісах, а палова — па мажарытарных акругах, у якіх ад улады ішлі мільярдэры і карупцыянэры. Яны актыўна падкуплялі выбарцаў: грэчкай — пэнсіянэраў, аўтобуснымі прыпынкамі і сельскагаспадарчым інвэнтаром — вясковых жыхароў, кампутэрнымі клясамі, дзіцячымі пляцоўкамі і машынамі хуткай дапамогі — гараджан. Зьмяшаная сыстэма выбараў гарантавала Партыю Рэгіёнаў ад правалу — ва ўсходніх абласьцях, якія яна кантралюе, амаль як Лукашэнка — Беларусь, вынік у мажарытарных акругах выявіўся амаль стопрацэнтна на яе карысьць.

Як і ў Беларусі, украінскай апазыцыі на гэтых выбарах было цяжка прабіцца ў выбарчыя камісіі. Каб іх запоўніць, улады пайшлі на прыцягненьне «тэхнічных партыяў», якія займалі шмат месцаў у камісіях і нулі — у выніковых пратаколах падліку галасоў.

Улада «паклапацілася» і аб тым, каб найбольш яркія і харызматычныя лідэры апазыцыі Юлія Цімашэнка і Юры Луцэнка былі ізаляваныя ад грамадзтва ў турмах, а праўладныя СМІ шмат рабілі, каб пасварыць лідэраў апазыцыі, якія заставаліся на волі.

Украінская апазыцыя ў гэтых умовах змагла дамагчыся шмат. Аб’яднацца, знайсьці новых лідэраў, адгукнуцца на запатрабаваньні грамадзтва. Паводле партыйных сьпісаў апазыцыя разам («Батьківщина», «УДАР», «Свобода») увогуле перамагла, і пры ўмове існаваньня ранейшай Канстытуцыі магла б стварыць кааліцыю і ўрад. Але аўтарытарная ўлада Януковіча загадзя застрахавалася ад такога паражэньня, увёўшы зьмяшаную сыстэму выбараў Вярхоўнай Рады і праз суд вярнуўшы кучмаўскі варыянт Канстытуцыі, паводле якога парлямэнт ужо не фармуе ўрад.

Тое ж, як змагалася ўкраінская апазыцыя за свае галасы, выклікала павагу. Апазыцыянэры біліся за кожную акругу, дзе мелі шанец (у многіх акругах разрыў паміж апазыцыйным і праўладным кандыдатам ішоў на сотні і дзясяткі галасоў), адбівалі атакі спэцназу «Беркут» і хлопцаў у спартовых строях, пераадольвалі адключэньне электрычнасьці на ўчастках падчас падліку галасоў і распыльваньне сьлезацечнага газу... У Віньніцкай вобласьці народны дэпутат Андрэй Паўлоўскі два дні ляжаў на скрынках зь бюлетэнямі, перашкаджаючы іх псаваць і фальшаваць вынік выбараў. А на Валыні кандыдат «Батьківщини» Ігар Гузь некалькі дзён галадаў у памяшканьні акруговай камісіі на знак пратэсту супраць фальсыфікацый.

Шматдзённы падлік галасоў пасьля выбараў, суды, мітынгі, пратэсты, двухтыднёвы пасьлявыбарчы тэлемаратон на Пятым канале, на які прыходзілі дыскутаваць прадстаўнікі і апазыцыі, і ўлады, — усё гэта яскрава паказала, наколькі складаны палітычны працэс ва Ўкраіне, наколькі вялікі напал барацьбы, у якой далёка ня ўсё прадказальна. Не змаглі прайсьці ў Раду карупцыянэры з каманды былога мэра Чарнавецкага ў Кіеве, нягледзячы на раздачу грэчкі і будаўніцтва дзіцячых пляцовак, цалкам прайграла ў сталіцы і кіроўная Партыя рэгіёнаў.

Маючы разам 178 мандатаў, апазыцыя ня зможа сфармаваць у Радзе большасьць. Ня зможа гэтага самастойна зрабіць і Партыя рэгіёнаў, якая мае 185 мандатаў. Палітычныя баталіі ва Ўкраіне працягнуцца. У Радзе будзе моцная апазыцыя. Нават з камуністамі і самавылучэнцамі Партыя рэгіёнаў, палітычная сіла Януковіча, ня зможа сфармаваць у Радзе канстытуцыйную большасьць у 300 галасоў, каб радыкальна памяняць умовы палітычнага працэсу на сваю карысьць.

Гэты вынік абнадзейвае і даводзіць, што Ўкраіна — не Беларусь, што ўлада там будзе мяняцца, што за два гады праўленьня Януковіча не ўдалося задушыць 20-гадовую дэмакратычную традыцыю ўкраінскага грамадзтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG