Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі шукаюць шпіёнаў. У Расеі вызваляюць


Валянцін Данілаў

Валянцін Данілаў

Расейскі фізык Валянцін Данілаў, асуджаны за шпіянаж на карысьць Кітаю, атрымаў ўмоўна-датэрміновае вызваленьне.

Суд у Краснаярску ўмоўна-датэрмінова вызваліў фізыка Валянціна Данілава, які быў асуджаны да 14 гадоў пазбаўленьня волі паводле абвінавачваньні ў шпіянажы на карысьць Кітаю. Да канца тэрміну зьняволеньня яму заставалася крыху больш за тры гады. Многія праваабаронцы лічаць Данілава вязьнем сумленьня.

Былы дырэктар цеплафізычнага цэнтру ў Краснаярску фізык Валянцін Данілаў ў 2004 годзе быў асуджаны судом да 14 гадоў пазбаўленьня волі. Яго абвінавацілі ў перадачы кітайскаму боку сакрэтных зьвестак аб касьмічнай тэхніцы. Суд прысяжных апраўдаў Данілава, але Вярхоўны суд Расеі на зварот пракуратуры вярнуў справу на новы разгляд. Іншы склад прысяжных прызнаў віну фізыка.

Сам Валянцін Данілаў у інтэрвію Радыё Свабода прычыны завядзеньня крымінальнай справы супраць сябе камэнтаваў так: "Мне здаецца, у ФСБ ёсьць два аддзелы. Адзін аддзел працуе па разьвіцьцю і падтрымцы міжнароднага супрацоўніцтва навукоўцаў (асабліва зь Кітаем), а іншы аддзел раскрывае злачынствы па выдачы дзяржаўнай таямніцы ў выніку гэтага супрацоўніцтва. У маім выпадку было менавіта так. Адзін супрацоўнік прыходзіў і казаў: давай наперад, прасоўваць навуку на кітайскія грошы, а потым прыходзіць другі і кажа, а ў нас да вас пытаньні, папрашу вас у камэру".

Восеньню 2011 года Данілаў адбыў дзьве траціны тэрміну пакараньня і ў адпаведнасьці з законам падаў хадайніцтва аб зьмякчэньні прысуду - аб пераводзе ў калёнію-пасяленьне. Як паведамляў сам Валянцін Данілаў ў сваім блогу на Радыё Свабода, на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне ён не спадзяваўся, таму прасіў толькі аб зьмякчэньні рэжыму. Суд, зрэшты, адмовіў і ў гэтым, матываваўшы тым, што Данілаў парушаў рэжым.

Аднак 13 лістапада суд Краснаярску задаволіў хадайніцтва навукоўца аб умоўна-датэрміновым вызваленьні. Пра гэта ў інтэрвію РС распавяла адвакат Данілава Алена Яўменава:

«На сёньняшні дзень у Данілава не было ня зьнятых спагнаньняў. Характарыстыку, прадстаўленую калёніяй, можна ацаніць як станоўчую. Ён адбыў дзьве траціны ад прызначанага тэрміну пакараньня. Гэта значыць былі выкананы ўсе неабходныя ўмовы для таго, каб суд прыняў рашэньне аб ўмоўна-датэрміновым вызваленьні».

Паводле адвакаткі, пракуратура падтрымала хадайніцтва аб умоўна-датэрміновым вызваленьні Данілава і наўрад ці будзе абскарджваць рашэньне суду на працягу найбліжэйшых 10 дзён. Такім чынам на волю ён павінен выйсьці 24 лістапада. Алена Яўменава не выключае, што ў будучыні Данілаў будзе дамагацца апраўданьня па справе аб шпіянажы:

«Усё будзе залежаць ад яго жаданьня, але мне падалося, што, нягледзячы на працяглы тэрмін адбыцьця пакараньня, ён ня страціў цікавасьці да таго, каб дамагацца свайго апраўданьня... Яму трэба пабачыцца з сям'ёй, прывыкнуць да жыцьця, не зьвязанага з ізаляцыяй ад грамадзтва. Ён вельмі доўга знаходзіўся пад вартай, за гэты час у яго вырас ўнучка, пайшла ў школу, і наогул шмат у яго сям'і адбылося падзей, якія патрабуюць асэнсаваньня».

Многія расейскія праваабаронцы павіталі рашэньне аб умоўна-датэрміновым вызваленьні Валянціна Данілава. Так кіраўнік Маскоўскай Хэльсынскай групы Людміла Аляксеева ў інтэрвію Інтэрфаксу назвала яго «сумленным чалавекам» і «таленавітым навукоўцам, які не заслужыў ніводнага дня турмы». Падобнай пазыцыі прытрымліваецца кіраўнік Незалежнай экспэртна-прававой рады Расеі Мара Палякова:

«Вядома, я вітаю яго вызваленьне. Я ў прынцыпе за тое, каб людзей, якія прабылі ў месцах пазбаўленьня волі і нармальна сябе паводзілі, вызвалялі ўмоўна датэрмінова. Я за любую гуманізацыю ў дачыненьні да людзей, якіх пазбаўляюць свабоды, але ў дадзеным выпадку я яшчэ і рада за навукоўца. Мяркуючы па вядомай мне інфармацыі, яго прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці было далёка не бясспрэчным. Былі вялікія сумневы ў тым, што ён наогул быў вінаваты ў тым, што перадаў сапраўды сакрэтныя зьвесткі, а не тыя, што былі ў адкрытым друку. Думаю, што нават калі ён сапраўды перадаваў нешта сакрэтнае, то гэта не было наўмысным. Упэўненая, што гэта магла быць проста памылка».

Па словах Мары Паляковай, у выпадку калі Валянцін Данілаў будзе дамагацца перагляду сваёй справы, Незалежная экспэртна-прававая рада гатовы вывучыць матэрыялы і аказаць магчымае садзеяньне.

***

У Беларусі тым часам Камітэт дзяржаўнай бясьпекі затрымаў Андрэя Гайдукова, які, паводле КДБ, займаўся паводле заданьня замежнай выведкі зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару.

Дваццацідвухгадовы Андрэй Гайдукоў працуе апэратарам на наваполацкім "Нафтане".

Артыкул 356 Крымінальнага кодэкса прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі згодна з часткай 1 і аж да сьмяротнай кары — згодна з часткай 2 (здрада дзяржаве, зьвязаная з забойствам).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG