Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дрэннае харчаваньне, стрэсы — цукровы дыябэт


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

14 лістапада — Усясьветны дзень барацьбы з дыябэтам. У Беларусі колькасьць хворых на дыябэт штогод павялічваецца на 22 тысячы чалавек. Лекары заклікаюць патэнцыйных хворых трымацца здаровага ладу жыцьця.

Праваабаронца Кацярына Садоўская хворая на цукровы дыябэт больш за 20 гадоў. Лекі пэнсіянэрка прымала нават у зьняволеньні, якое адбывала паводле крымінальнай справы аб абразе кіраўніка краіны. Выйшаўшы з-за кратаў, Кацярына Садоўская зьмяніла месца лекаваньня з паліклінікі на камэрцыйную ўстанову, чым вельмі задаволеная:

«Я пайшла ў „школу здаровага харчаваньня“. Ранкам мы езьдзім на сьнеданьне, а затым нам расьпісваюць на ўвесь дзень парадак харчаваньня — колькі бялкоў, тлушчу ці вугляводаў мы можам зьесьці. І ў мяне пайшлі лепшыя вынікі: я прымаю інсулін, і паколькі зьменшылася вага — зьменшылася і колькасьць інсуліну, я сябе значна лепш адчуваю. Канечне, мне тут у школе больш падабаецца, чым у паліклініцы, бо тут сапраўды ёсьць вынік. Ня тое, што колеш гэты інсулін усьляпую — і ўсё, ці ўвесь час — абавязкова еш аўсянку, хоць адзін раз на дзень еш аўсянку, а яна не ідзе, але еш, бо інструкцыя. Тут жа канкурэнцыя, таму хоць я некаторыя лекі і перастаю прымаць, а мяне ў паліклініцы прымушаюць — прымай, і ўсё. Мэдфармін мне не пасуе, але змушаюць прымаць, хоць мне ад яго і дрэнна. Падыходы ў дзяржаўных і недзяржаўных установах розныя».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі на сёньня зарэгістраваныя 223 тысячы хворых на цукровы дыябэт. Штогод гэтая лічба павялічваецца на 8–10%, альбо на 20–22 тысячы чалавек. Сыстэматычны прыём лекаў — абавязковая ўмова пры змаганьні з хваробай. Дзяржаўная сыстэма аховы здароўя ладзіць таксама праграмы прафіляктыкі ў адмысловых школах.

мы нікога ня лечым — лечаць у паліклініках. Мы толькі навучаем, як падбіраць прадукты харчаваньня — бялкі, тлушчы, вугляводы...

Камэрцыйныя ўстановы за пэўную аплату прапануюць дапамогу практычную, кажа інструктар Клюбу здаровага харчаваньня Антаніна:

«Мы для кожнага вырашаем праблему індывідуальна: для дыябэтыкаў гэта адно, для гіпэртонікаў і сардэчнікаў — іншае. А бываюць усе разам. Але мы нікога ня лечым — лечаць у паліклініках. Мы толькі навучаем, як падбіраць прадукты харчаваньня — бялкі, тлушчы, вугляводы і гэтак далей. Мы таксама не прызначаем лекаў, але калі людзі нармалізуюць сваё харчаваньне, губляюць вагу, то кажуць, што за дваццаць гадоў ім і лекары гэтулькі не дапамаглі».

Мэдыкі заяўляюць, што захворваньне на цукровы дыябэт штогод выяўляюцца як у дзяцей малога ўзросту, так і ў людзей 45–50 гадоў і старэйшых. Галоўныя прычыны захворваньня старэйшай групы — гіпэртанія, залішняя вага, стрэсы. Працягласьць жыцьця дыябэтыкаў-жанчын складае 72 гады, у мужчын — 68. У змаганьні з хваробай шмат залежыць ад саміх людзей, кажа галоўны эндакрыноляг Беларусі Ала Шапялькевіч:

«Што тычыцца мэдычнай тэрапіі, то яна адпрацаваная і даступная. Але, прабачце, каня можна падвесьці да вады, але прымусіць яго піць нельга. І мы гэта бачым: калі чалавек сьвядома выконвае ўсе рэкамэндацыі лекара, то вынікі цудоўныя — працягласьць жыцьця такога чалавека большая, чым у людзей без дыябэту. Калі ж чалавек да рэкамэндацыяў ставіцца абыякава, то і вынік сумны».

Як паведамляе Ўсясьветная фэдэрацыя дыябэту, сёньня ў сьвеце на цукровы дыябэт пакутуюць 366 мільёнаў чалавек. Бліжэйшымі гадамі колькасьць хворых можа дасягнуць 500 мільёнаў.
XS
SM
MD
LG