Лінкі ўнівэрсальнага доступу

14 лістапада спаўняецца 200 гадоў Паўлюку Багрыму, легендарнаму сялянскаму паэту і таленавітаму майстру-кавалю.

І хоць адзіны ацалелы верш ягоны даўно стаўся хрэстаматыйным, і хоць да сёньня вісіць у касьцёле ягонага роднага Крошына, што блізу Баранавічаў, выкаваная ім жырандоля з жаўрукамі ды імем аўтара, дасьледчыкі не разгадалі ўсіх таямніц ягонага жыцьця і творчай спадчыны. Некаторыя ўвогуле лічаць Паўлюка Багрыма вынікам містыфікацыі.

Баранавіцкі краязнаўца Міхась Маліноўскі даўно і актыўна змагаецца супраць тых, хто прызнае і шануе Паўлюка Багрыма. Сёлета ён нават спрабаваў далучыць да гэтага змаганьня КДБ. А вось дасьледчык Ігар Запрудзкі перакананы, што яму ўдалося навукова абвергнуць аўтарства шаснаццацігадовага хлапчука зь вёскі Крошын у дачыненьні да знакамітых радкоў «Зайграй, зайграй, хлопча малы...» Ён мае цэлы шэраг літаратуразнаўчых аргумэнтаў, але ўсе яны зводзяцца да аднаго.

«Справа ўся ў тым, што, як вы разумееце, той жа Багрым меў даволі абмежаваную ступень адукацыі: чытаць, пісаць, лічыць. Плюс, чытаў ён байкі ў асноўным — Нарушэвіча, Эзопа і гэтак далей. І дзіўная рэч: чалавек, які чытае і ведае байкі, ну, а байка — гэта любімы жанр клясыцыстаў, раптам праяўляецца як выразны такі рамантык. Натуральна, я лічу, што ён ня мог быць аўтарам гэтага верша».

Знойдзеныя калегам Ігара Запрудзкага Язэпам Янушкевічам дакумэнты пераконваюць, што Паўлюк Багрым жыў у Крошыне, бунтаваў разам з аднавяскоўцамі супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, складаў вершы пра гаротны лёс ды варты пачэснага месца ў гісторыі беларускай літаратуры. Свае навуковыя знаходкі спадар Янушкевіч выклаў у выдадзенай нядаўна кнізе «А ў маскалях трудна жыці». У кнізе чытач знойдзе шмат дакумэнтаў з архіву крошынскага ксяндза Каруся Жураўскага, датычных Паўлюка Багрыма.

«Гэта сама мэтрыка ягонага нараджэньня на лацінскай мове, мэтрыка сьмерці ягонай маці і мэтрыка сьмерці ягонага бацькі Язэпа Багрыма, а таксама і нечаканы перадшлюбны пратакол, зь якога мы даведваемся, што ў 1864 годзе Паўлюк Багрым, маючы 52 гады, ажаніўся з удавой Карнэліяй Шышлоўскай. А яшчэ гэтыя дакумэнты дапамагаюць зразумець тое, што за год да вядомай нам крошынскай трагедыі, якая прагрымела тады па Літве, пры тым, што больш за дзясятак непакорных крошынцаў саслалі ў Сыбір, у 1827 годзе само сямейства Багрымаў перажыло трагедыю ня меншую, калі Паўлюку давялося хаваць свайго брата, васьмімесячнага Антосіка, і трохгадовую сястру Паўлінку. Так што для таго, каб выказваць на ўвесь голас тыя пачуцьці, якія выказаныя ў гэтым творы, Паўлюк Багрым меў падставы».

Землякі Паўлюка Багрыма ніколькі не сумняваюцца ў ягонай паэтычнай спадчыне ды імкнуцца годна шанаваць яе. Двухсотгадовы юбілей Багрыма яны адзначалі ў Крошыне 4 лістапада грамадзкімі высілкамі. Гаворыць старшыня баранавіцкай суполкі ТБМ Віктар Сырыца:

«Мы спадзяваліся, што гэтае сьвята будзе адзначацца на такім жа ўзроўні, як яно пачыналася ў дзевяностыя гады. Вось тады ініцыятарамі багрымаўскага фэсту былі міністэрствы культуры і асьветы, гарадзкі і раённы выканаўчыя камітэты ўдзельнічалі. А цяпер статус гэтага фэсту значна панізіўся на дзяржаўным узроўні. Але людзі памятаюць».

Сьвята ў вёсцы Крошын

Сьвята ў вёсцы Крошын



Дзякуючы настойлівасьці баранавіцкіх актывістаў да двухсотых угодкаў іхнага знанага земляка была выдадзеная паштовая капэрта. І гэта ўвесь удзел дзяржавы ў шанаваньні юбілею Паўлюка Багрыма.




Паўлюк Багрым нарадзіўся 14 лістапада 1812 году ў вёсцы Крошын непадалёк ад Баранавічаў. Вучыўся ў пачатковай парафіяльнай школе, фундатарам якой быў ксёндз Магнушэўскі. Пазнаёміўся з вальнадумнай паэзіяй; пачаў пісаць сам. У сувязі зь сялянскімі хваляваньнямі 1828 году ў Крошыне і за распаўсюджваньне верша «Бунт хлопаў» (варыянт «Рабункаў мужыкоў» Яна Баршчэўскага) прыцягваўся да сьледзтва.

Паўлюк Багрым, як і ягоны бацька, быў кавалём. У рамястве дасягнуў мастацкіх вяршыняў, пра што сьведчыць зробленая ім каваная жырандоля, якая і сёньня захоўваецца ў Крошынскім касьцёле. Памёр у 1891 годзе. Пахаваны на мясцовых могілках.

Зь літаратурнай спадчыны паэта захаваўся толькі адзін верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы...», які стаў хрэстаматыйным для беларускай літаратуры.

Зайграй, зайграй, хлопча малы...

Зайграй, зайграй, хлопча малы,
І ў скрыпачку і ў цымбалы,
А я зайграю ў дуду,
Бо ў Крошыне жыць не буду.

Бо ў Крошыне пан сярдзіты,
Бацька кіямі забіты,
Маці тужыць, сястра плача:
«Дзе ж ты пойдзеш, небарача?..»

Дзе ж я пайду? Мілы Божа!
Пайду ў сьвет, у бездарожжа,
У ваўкалака абярнуся,
З шчасьцем на вас азірнуся.

Будзь здарова, маці міла!
Каб ты мяне не радзіла,
Каб ты мяне не карміла,
Шчасьліўшая ты бы была!

Каб я каршуном радзіўся,
Я бы без паноў абыўся:
У паншчыну б не пагналі,
У рэкруты б не забралі
І ў маскалі не аддалі.

Мне пастушком век ня быці,
А ў маскалях трудна жыці.
А я і расьці баюся,
Дзе ж я, бедны, абярнуся?

Ой, кажане, кажане!
Чаму ж ня сеў ты на мяне?
Каб я большы не падрос
Ды ад бацькавых калёс.

Упершыню гэты верш апублікаваў у сваіх успамінах наваградзкі адвакат Ігнацы Яцкоўскі. На думку Рамуальда Зямкевіча (і Максіма Гарэцкага), Паўлюку Багрыму належала і аўтарства ананімнага верша антыпрыгоннага духу «Гутарка Данілы зь Сьцяпанам».

У 1985 годзе ў Крошыне адкрыўся музэй народнага мастацтва і рамёстваў імя Паўлюка Багрыма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG