Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: Сякерка пакараны за «непадпарадкаваньне памежнікам»


2 мільёны рублёў штрафу каштавала старшыні Гомельскай абласной арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» Уладзімеру Сякерку спроба высьветліць у беларускіх памежнікаў прычыну высадкі зь цягніка на памежным пункце пропуску «Цяруха».

14 лістапада суд Чыгуначнага раёну прызнаў партыйнага актывіста вінаватым у непадпарадкаваньні памежнікам пры выкананьні імі службовых абавязкаў і пакараў партыйца адміністрацыйным штрафам у памеры 20 базавых велічыняў, што адпавядае 2 мільёнам рублёў.

Інцыдэнт на памежным пункце пропуску здарыўся акурат месяц таму, калі Ўладзімер Сякерка вяртаўся з Украіны дамоў цягніком Чарнігаў-Гомель. Начальніца зьмены памежнікаў, старшы лейтэнант Алеся Цыганкова запатрабавала, каб Сякерка пакінуў цягнік і кіраваўся ў службовае памяшканьне.

Уладзімер распавёў у судзе, што не адразу пакінуў цягнік. Прасіў напачатку патлумачыць прычыну высадкі, як таго патрабуе актыкул 17 Закону «Аб органах памежнай службы». Памежніца заявіла, што «для разьбіраньне». Зь якой нагоды — не патлумачыла. Актывіст патрабаваў тлумачэньняў. І толькі калі на свой чарговы запыт Сякерка пачуў, што ёсьць пытаньні да ягонага пашпарта і што яго высадзяць гвалтам, ён пакінуў вагон.

Сякерка: «Мне сказалі, што ў мяне непарадак нейкі з пашпартам. Але гэта была адкрытая мана, як потым высьветлілася. Я знаходжуся ў нейкіх там сьпісах, і трэба было мытнікам правесьці мне асабісты дагляд. Мяне адразу ж здалі мытнікам, і тыя прыступілі, скажам так, да выкананьня сваіх абавязкаў».

З прычыны інцыдэнту цягнік быў затрыманы на 20 хвілінаў. Нічога крамольнага актывіст ня вёз. У акце затрымкі цягніка, падпісаным памежнікамі й чыгуначнікамі, указана: «высадка грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які праходзіць па сьпісе базы дадзеных».

Прадстаўнік Гомельскай памежнага атраду ня змог сказаць у судзе, ці была патлумачана Сякерку прычына ягонай высадкі зь цягніка. Нічога ён не сказаў і пра сьпісы. Заявіў толькі, што ягоныя калегі належным чынам выконвалі свае службовыя абавязкі.

Пра сьпісы, аднак, згадала ў сваім рапарце старшы лейтэнант Цыганкова. Напісала, што Ўладзімер Сякерка быў затрыманы як грамадзянін, які «праходзіць па сьпісах даручэньняў праваахоўных органаў».

Сякерка: «Я ня ведаю, у якіх сьпісах знаходзіцца маё прозьвішча. З-за гэтага мытная служба й правяла асабісты дагляд. Я ставіў гэтае пытаньне і перад мытнай, і перад памежнай службай. Нейкага ўцямнага адказу не атрымаў і зараз вымушаны буду папрасіць пракурора разабрацца, хто складае гэтыя сьпісы і на якой падставе. І,галоўнае, як выйсьці з гэтых сьпісаў».

Спадар Сякерка згадвае таксама, што падобныя інцыдэнты з партыйнымі й грамадзкімі актывістамі на мяжы здараюцца, як правіла, напярэдадні нейкіх значных палітычных кампаній. Гэтым разам — перад парлямэнцкімі выбарамі. Яго асабіста затрымлівалі яшчэ і ў верасьні на памежнай станцыі Гудагай, калі ён вяртаўся ў Беларусь зь Вільні.

Сякерка: «Такія праблемы ўзьнікаюць пэрыядычна, і зьвязаны яны найчасьцей з нейкімі палітычнымі кампаніямі і акцыямі. Я думаю, гэтым разам затрыманьне й дагляд зьвязаны з парлямэнцкімі выбарамі. Таму й адбываюцца такія інцыдэнты».

Дарэчы, тры дні таму Ўладзімер Сякерка таксама езьдзіў ва Ўкраіну. Ніякіх заўваг да ягонага пашпарта на гэты раз не было.
XS
SM
MD
LG