Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польскі пасол заклікаў вызваліць і рэабілітаваць палітвязьняў


Польскі пасол Лешак Шарэпка на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску назваў шмат фактаў, калі беларускія ўлады адмаўляліся ад супрацоўніцтва з сваім заходнім суседам з палітычных меркаваньняў. Разам з тым ён падаў статыстыку, якая сьведчыць, што беларусы хочуць быць бліжэй да Польшчы — за мінулы год грамадзяне Беларусі атрымалі 300 тысяч польскіх віз, сёлета чакаецца каля 350 тысяч.

Пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка паведаміў, што з наступнага тыдня пасольства пераяжджае на вуліцу Зьмітрака Бядулі, 11. Там яно будзе арандаваць частку плошчаў. Узьвядзеньне новага будынка амбасады зойме каля чатырох гадоў. Некалькі месяцаў польскія дыпляматы мусілі працаваць у цесным памяшканьні консульства ў Менску на вуліцы Крапоткіна — пасьля таго, як беларускія ўлады адмовілі Польшчы ў праве працягнуць арэнду ранейшага будынка на вуліцы Румянцава ў Менску, які выкарыстоўваўся яшчэ з савецкіх часоў.

Пасол прызнаў, што Беларусь і Польшча ніяк не адзначылі 20-ю гадавіну ўсталяваньня дыпляматычных адносін і падпісаньня двухбаковай дамовы аб добрасуседзтве. Замест вечарыны з гэтай нагоды ўлады Беларусі запатрабавалі, каб польскі пасол паехаў у Варшаву на кансультацыі.

Гэтыя факты сьведчаць пра нізкі ўзровень даверу паміж палітычным кіраўніцтвам Беларусі і Польшчы.

«Фон адносінаў паміж Беларусьсю і Польшчай вызначаюць цяпер міжнародныя інстытуты, арганізацыі. Гэта ня толькі Эўразьвяз, сябрам якога зьяўляецца Польшча, гэта і ААН, напрыклад».

Лешак Шарэпка заклікаў беларускія ўлады супрацоўнічаць з дакладчыкам ААН па правах чалавека ў Беларусі і заявіў пра нязьменнасьць пазыцыі Эўразьвязу і Польшчы ў адносінах да Беларусі:

Мы чакаем, каб у Беларусі не было палітвязьняў, а тыя палітычныя дзеячы, якія пацярпелі падчас апошніх падзеяў, будуць рэабілітаваныя і змогуць прымаць удзел у грамадзкім жыцьці Беларусі

«Умовы не мяняюцца, умовы застаюцца ранейшымі. Мы чакаем, каб у Беларусі не было палітвязьняў, а тыя палітычныя дзеячы, якія пацярпелі падчас апошніх падзеяў, будуць рэабілітаваныя і змогуць прымаць удзел у грамадзкім жыцьці Беларусі. Польшча ў поўнай ступені падтрымлівае гэтыя ўмовы, і мы чакаем вырашальных крокаў з боку Беларусі».

Гаворачы пра «не да канца паўнавартасны» ўзровень двухбаковых адносінаў, пасол Польшчы прызнаў:

«Мы б хацелі лепшых адносінаў, гэта было б на карысьць і Беларусі, і Польшчы. Нам, суседзям, ня варта паварочвацца сьпінамі адзін да аднаго. І нават у такі момант мы павінны знайсьці магчымасьць супрацоўніцтва паміж Польшчай і Беларусьсю».

Паводле спадара Шарэпкі, Беларусь і Польшча без асаблівых намаганьняў маглі б у два разы павялічыць двухбаковы таваразварот, які летась склаў 3,2 мільярда даляраў. Але пытаньне ў агульным палітычным і інвэстыцыйным клімаце ў Беларусі.

Ня надта добры ўзровень палітычных адносін уплывае на іншыя пытаньні, у прыватнасьці, на консульскія. У 2011 годзе польскія консульствы ў Беларусі выдалі 300 тысяч віз, за 10 месяцаў гэтага — ужо 294 тысячы, да канца году чакаецца выдача да 350 тысяч віз, паведаміў пасол.

«І ўсё гэта робіцца без павелічэньня штату консулаў. На ўсе нашыя просьбы павялічыць штат няма ніякай рэакцыі зь беларускага боку».

Яшчэ ў верасьні 2010 году польскі бок завяршыў юрыдычнае афармленьне дамовы зь Беларусьсю аб малым прымежным руху. У Беларусі гэты дакумэнт затрыманы на ўзроўні адміністрацыі прэзыдэнта. Польскія дыпляматы некалькі разоў пыталіся, у чым праблема, на што ў МЗС адказалі, што гэта зьвязана з палітычнымі пытаньнямі.

Спадар Шарэпка прызнаў, што Беларусь не рэагуе на прапановы ня толькі з Варшавы, але і з Брусэлю — дасюль няма адказу на ініцыятыву Эўразьвязу аб лібэралізацыі візавага рэжыму, перададзеную ў Менск яшчэ ў чэрвені мінулага году.

Паводле словаў пасла, з 2005 году няма ніякага прагрэсу ў пляне лібэралізацыі дзейнасьці часткі Саюзу палякаў. З гэтым зьвязана і маёмаснае пытаньне, датычнае дзейнасьці 16 Польскіх дамоў, якія Польшча збудавала па ўсёй Беларусі.

Апрача таго, прызнаў пасол Шарэпка, польскі бок не атрымлівае дазволу на эксгумацыю і перапахаваньне парэшткаў польскіх партызан, якія часам ляжаць проста ў полі. Дагэтуль ня вырашаная праблема публікацыі беларускага сьпісу катынскіх ахвяраў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG