Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае» ў Магілёве


13 лістапада ў Магілёве адбылася прэзэнтацыя кнігі «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае». Прадставілі выданьне магілёўскай грамадзе ягоныя аўтары: пісьменьнік Уладзімер Арлоў і дызайнэр Зьміцер Герасімовіч. Сустрэча праходзіла ў гарадзкім цэнтры культуры і адпачынку.

На прэзэнтацыю прыйшлі блізу сотні чалавек. Некаторыя наведаліся ўжо з набытым у кнігарні выданьнем. Кнігу, паводле Ўладзімера Арлова, не дазволілі па невядомых прычынах прадаваць у самім цэнтры культуры. Пісьменьнік са скрухай таксама паведаміў грамадзе, што ў Магілёве ў продаж паступіла толькі некалькі дзясяткаў асобнікаў новай кнігі. Прычына — у асаблівым статусе абласнога кнігагандлю, які доўга вырашаў, ці варта прадаваць гістарычнае выданьне. У іншыя абласныя цэнтры кніг паступіла ў дзясяткі разоў болей.

Як паведаміў публіцы Ўладзімер Арлоў, да Магілёва публічная прэзэнтацыя кнігі адбывалася толькі ў Менску. У сталіцы яе прадставілі менчукам ў дзень, калі Францыска Скарына 495 гадоў таму выдаў у Празе першую сваю беларускую кнігу. У Магілёве ж прэзэнтацыю кнігі «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае» прымеркавалі да заснаваньня Скарынам 490 гадоў таму друкарні на этнічнай беларускай тэрыторыі.



Прэзэнтаваную кнігу Ўладзімер Арлоў назваў фаліянтам. Падкрэсьліў, што яна выдатна ілюстраваная У ёй 2000 ілюстрацыяў — бальшыню зь якіх чытач убачыць упершыню. Некаторыя разьдзелы кнігі таксама стануць адкрыцьцём для чытача.

Арлоў: «Гэта кніга пра тое, што беларусы гістарычна, мэнтальна — эўрапейскі народ. У нас эўрапейская гісторыя. Яскравыя праявы якой мы бачым у рэнэсансе, якога не было ў нашых усходніх суседзяў. У рэфармацыі. У тым, што нашы студэнты вучыліся ў заходніх унівэрсытэтах на працягу стагодзьдзяў. І толькі пасьля прыходу расейскіх акупантаў нашым юнакам забаранілі атрымліваць адукацыю на захадзе. А тых, хто вучыўся там пачалі прымусова вяртаць. Нашы гарады мелі магдэбурскае права. Магдэбурскага права ніколі не было на ўсход ад Смаленску. Адданасьць эўрапейскім каштоўнасьцям нашыя продкі даказвалі, падымаючыся на вызвольныя паўстаньні супраць расейскіх каляніяльных уладаў, каб вырвацца з Расейскай імпэрыі, якую клясыкі марксізму-ленінізму справядліва называлі турмой народаў. У нас эўрапейская гісторыя, і гэта пропуск у нашу эўрапейскую будучыню».
У нас эўрапейская гісторыя, і гэта пропуск у нашу эўрапейскую будучыню


Зьміцер Герасімовіч казаў меней за Ўладзімера Арлова. Больш слухаў. Адзначыў, што існуюць цяжкасьці ў атрыманьні матэрыялаў зь літоўскіх архіваў, архіваў іншых краін. Зазначыў, што дамаўляцца пра доступ да гістарычных крыніцаў трэба на дзяржаўным узроўні, а не на прыватным, як цяпер. Спадар Герасімовіч падкрэсьліў, што для кнігі было сабрана значна больш ілюстрацыяў, чым ў ёй зьмешчана.

Кнігу «Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае» выдалі ў Славаччыне. Паводле яе аўтараў, выданьне зьбіраюцца перакласьці на іншыя эўрапейскія мовы. Прыгадалі на магілёўскай прэзэнтацыі й імёны аўтараў, якія не дажылі да яе выданьня: картографа Віктара Цемушава і гісторыка Ігара Чаквіна.

Па сканчэньні прэзэнтацыі Ўладзімер Арлоў і Зьміцер Герасімовіч ахвотным падпісалі кнігі.

Арганізавалі прэзэнтацыю магілёўская арганізацыя Таварыства беларускай мовы і Гарадзкі цэнтар культуры і адпачынку. Што да забароны прадаваць кнігу, то, як удалося высьветліць, Цэнтар ня мае права нешта прадаваць.
XS
SM
MD
LG