Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура: 15$ за дзень незаконнага зьняволеньня — зашмат


Пракуратура Чыгуначнага раёну Гомелю й Міністэрства фінансаў лічаць, што 50 мільёнаў рублёў выплаты маральнай шкоды, альбо 15 даляраў за кожны дзень незаконнага зьняволеньня, гэта зашмат для былога ўрача-псыхіятра Яўгена Дзедушкіна.

Акурат пракуратура, а за ёй і Мінфін, падалі пратэсты на рашэньне суду Чыгуначнага раёну ад 23 кастрычніка — яны не пагадзіліся з прызначэньнем спадару Дзедушкіну 50 мільёнаў кампэнсацыі маральнай шкоды за 397 дзён, праведзеных за кратамі ў сувязі зь незаконным асуджэньнем яго па абвінавачаньні за падпалы гаражоў і гаспадарчых пабудоваў.

Пракуратура не аспрэчвае факт прычыненьня былому ўрачу-псыхіятру маральнай шкоды, але лічыць, што сума кампэнсацыі яўна завышана.

«Памер кампэнсацыі маральнай шкоды павінен вызначацца судом у залежнасьці ад характару прычыненых пацярпеламу фізычных і маральных пакутаў. Пры вызначэньні памеру кампэнсацыі шкоды павінны ўлічвацца патрабаваньні разумнасьці й справядлівасьці. Памер матэрыяльнага пакрыцьця маральнай шкоды падлягае зьмяншэньню да 30 мільёнаў рублёў», — піша ў пратэсьце пракурор Чыгуначнага раёну.

Мінфін у сваю чаргу нагадвае, што кампэнсацыя маральнай шкоды «будзе ажыцьцяўляцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, у якім не прадугледжаны гэты від выдаткаў». Фінансісты таксама просяць зьнізіць памер выплаты кампэнсацыі маральнай шкоды, але канкрэтную суму не называюць.

«Я таксама ня згодны з рашэньнем суду Чыгуначнага раёну, таму 12 лістапада падаў касацыйную скаргу ў абласны суд. Прызначаная сума кампэнсацыі не адпавядае маім маральным пакутам, якія я перанёс. Апрача таго, я страціў працу, пацярпела мая рэпутацыя», — кажа Яўген Дзедушкін.

Ён настойвае на выплаце першапачаткова заяўленай сумы — 500 мільёнаў рублёў.

Дарэчы, Яўгену ня выплачаны яшчэ й 20 мільёнаў рублёў матэрыяльнай шкоды, выдаткаванай у свой час на адвакацкія паслугі. Гомельскі абласны суд накіраваў выканаўчы ліст у Маскоўскі раённы суд Менску, дзе месьціцца Скарб Рэспублікі Беларусь. Аднак, як высьветліў сам Дзедушкін, зь Менску выканаўчы ліст чамусьці перанакіравалі ў Мазыр.

Крымінальная справа супраць былога лекара-псыхіятра Гомельскага абласнога псыханэўралягічнага шпіталя за падпалы ў Навабеліцкім раёне абласнога цэнтру была распачата ў 2008 годзе. Міліцыянты абвінавацілі псыхіятра нават у падпале сваёй бронекамізэлькі.

У дачыненьні да Яўгена Дзедушкіна суд двойчы выносіў абвінаваўчыя выракі. Яго пакаралі 4 гадамі пазбаўленьня волі. Аднак 30-гадовы спэцыяліст з вышэйшай мэдычнай адукацыяй не прызнаваў абвінавачаньняў, абскарджваў выракі, у тым ліку і ў Вярхоўным судзе.

Летась абласны суд вызваліў Яўгена Дзедушкіна з-за кратаў, зьняў супраць яго ўсе абвінавачваньні й прызнаў пацярпелым. Аднак дзяржава дагэтуль ня можа разьлічыцца зь нявінна пакараным грамадзянінам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG