Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: Virtuti militari з Пагоняй


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў
1.

Прачытаў днямі паведамленьне: будзьце спакойныя, грамадзяне, нашы вайскоўцы ў Афганістан не патрапяць! А навошта ім тая далячынь, калі й так усе грудзі ў ордэнах? За ўмацаваньне абароназдольнасьці і так далей. Што праўда, самі ордэны, калі паўзірацца, няўцямныя: ні назвы яркай, ні выгляду. «Воінскай славы», «За асабістую мужнасьць», «Ордэн айчыны». Ніякай адметнасьці: быццам палітаддзел Беларускай вайсковай акругі пераштампаваў з улікам новых рэалій. То квадрат на квадраце, то зорка, дрэнна скапіяваная з савецкай узнагароды. Ёсьць увогуле пэрл: крыж, у сярэдзіну якога ўляпілі маёрскую зорачку.

Каб хаця б дадумаліся «партызанскі ордэн імя дзеда Талаша» зрабіць або маршала Якубоўскага нейк выкарыстаць, які з Горацкага раёну паходзіў. Ці тую ж крэпасьць-герой на заходніх рубяжах. Але ж не: усё дзеля ваеннай тайны, ніякіх каранёў. Няўрокам калі трапіць у палон наш маёр, каб не здагадаліся – каму ён служыць. «Я толькі выконваў загады свайго камандзіра, больш нічога ня ведаю і кропка».

Але патрэбны вайскоўцам традыцыі, грунт, бяз гэтага прэсны хлеб салдацкі не смакуе! Усё ж ім звычайна сьняцца «крыж зь мячамі» або, скажам, «ордэн белага арла». Зусім не квадрат на квадраце. На жаль, не было часу нацыянальным дзеячам на ўзнагароды. Лявон Вітан-Дубейкаўскі, напрыклад, толькі стварыў эскізы ўзнагародаў БНР. Пасьля Другой сусьветнай вайны Рада БНР «на экзылі» мела «час і натхненьне»: калі ласка – вось вам два ордэны – «Пагоні» і «Зялезнага Рыцара». Нават NRM у нашы дні распрацаваў шэраг сваіх крыжовых ордэнаў у стылі адзнакаў таго ж бацькі Балаховіча (убачыць можна ў кніжцы альбома «Нуль шэсьць»). Дзяржаўным мужам ёсьць на што арыентавацца.

Канечне, крыжам з чарапамі ад Булак-Балаховіча сёньня можна напалохаць НАТО. Але ёсьць іншая прапанова: існуе ўзнагарода зь вядомай назвай, з доўгай гісторыяй. Галоўнае: яна мае дачыненьне да Беларусі! Што таксама важна: ёю перасталі ўзнагароджваць. Маю на ўвазе Virtuti militari (Вайсковай доблесьці).

2.

Трапіўся мне Virtuti militari нядаўна за мяжой на антыкварным рыначку. Патрымаў у руцэ. Ляжаў ён сярод іншых – італьянскіх, часоў дучэ, югаслаўскіх, якімі ўзнагароджваў спачатку кароль, потым Іосіф Броз Ціта. Крыж з польскім арлом, зь сіняй стужкай ордэнскай.

Усяго россыпы: манэты, падсьвечнікі, узнагароды. Але я не калекцыянэр, проста назва кнігі «Кавалеры Virtuti militari» Казімежа Радовіча ў памяці са школьных часоў: аб тым, як палякі бараніліся на паўвостраве Вэстэрплятэ ў 1939-м. Першыя стрэлы Другой сусьветнай вайны там прагучалі, лічыцца. На моры супраць іх стаяў нямецкі карабель «Шлезвіг-Гальштэйн». Даўно няма, затоплены, а называюць яго то лінкорам, то браняносцам, так і ня вырашылі. Але ў любым разе палякам было горача.

Карацей, прыцягнуў маю ўвагу ордэн. Пацікавіўся: колькі каштуе? Семдзесят эўра… Хвіліна міжвольнай мэлянхоліі: хтосьці быў узнагароджаны, любоўна прышпільваў да грудзей, пазіраваў фатографу. Адчуваў уласную годнасьць. А цяпер плата за баявую адвагу, за подзьвіг – ня болей чым тавар: давай грошы і ўзнагарода твая.

3.

Усё прадаецца, абы грошы, і так заўжды было. А перш даступны Virtuti militari сёньня на польскім інтэрнэт-аўкцыёне, пачатковая цана ад пяцідзесяці злотых, менш за дваццаць даляраў. У міжваенны час шэсьць з паловай тысяч такіх было ўручана, але большасьць – за вайну 1920 году. Вядома, прайшлася яна й па Гарадзеншчыне таксама. Схаджу, думаю, на вайсковыя могілкі ў Горадні, дзе пахаваныя ўдзельнікі баёў. Пацэліў! Прынамсі на адным крыжы пазначана: тут ляжыць кавалер Virtuti militari.
Крыж на магіле кавалера Virtuti militari Вільгельма Загорскага. Пахаваны на вайсковых могілках у Горадні на вуліцы Белуша
Крыж на магіле кавалера Virtuti militari Вільгельма Загорскага. Пахаваны на вайсковых могілках у Горадні на вуліцы Белуша

Наколькі памяталася, за Вэстэрплятэ менавіта такі ордэн павінен быў мець наш Янка Брыль. Бо ўсе 182 абаронцы, жывыя і мёртвыя, былі ўзнагароджаныя. Аказалася, гэта легенда. Адзін польскі аўтар пасьля сустрэчы з Брылём зьвязаў яго з Вэстэрплятэ. Пісьменьнік пазьней абвяргаў, але безвынікова. Лена Глагоўская ў беластоцкім «Часопісе» напісала пра гэтую гісторыю падрабязна. Янка Брыль сапраўды ў складзе польскай марской пяхоты абараняў у верасьні 1939-га Гдыню, але не паўвостраў Вэстэрплятэ ў гданьскім порце. Аднаму з абаронцаў Вэстэрплятэ, на жаль, не пашанцавала пасьля вайны: закатавалі ў кракаўскай турме, палічылі злосным «польскім нацыяналістам». А чалавек усяго быў вайсковым доктарам.

У Аляксея Карпюка Virtuti militari быў дакладна. Напэўна, на цэлую Горадню адзіны. Ордэн, пазбаўлены кароны. Саму ўзнагароду камуністы пакінулі, як і дзяржаўны герб — арла, але без каралеўскага «галаўнога ўбору». Гэта ўсё роўна, каб у нас пакінулі рыцара, але бяз крыжа ці пазбавіўшы мяча. Я таксама на антыкварным рынку прыцэньваўся да таго ордэна, часоў ПНР. Ня думаў, што неўзабаве ўбачу арыгінал, першапачатковы Virtuti militari, якому больш за дзьвесьце гадоў.

4.

Не сакрэт, ордэн заснаваў апошні кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, «пад заслону». Ляжыць крыж пад шклом у Варшаве ў палацы, дзе жыве сёньня польскі прэзыдэнт. І ўзнагародная папера, падпісаная, зразумела, асабіста манархам, сам бачыў. Падпісаная сваяку, Юзафу Панятоўскаму. Ён сам ордэн і прыдумаў, дарэчы. Якраз здарылася адзіная ўдалая для Варшавы бітва ў кароткай вайне паміж Рэччу Паспалітай і Расейскай імпэрыяй. Станіслаў Аўгуст паслухаў Юзафа і даў дабро на Virtuti militari. У царыцы Кацярыны затрэсьліся буклі і фальбонкі: абразіў жанчыну былы палюбоўнік!

Не пасьпелі нацешыцца гусары з уланамі, як заснаваны 22 чэрвеня 1792 году ордэн скасавалі ў канцы лета. Прарасейская Таргавіцкая групоўка, так званая «канфэдэрацыя» падбала. І – дэпэшу тэрмінова царыцы Кацярыне, якая ў Санкт-Пецярбургу «кофій без удавольствія піла». Ясна, паперу зноў мусіў падпісаць кароль. Virtuti militari ня проста перасталі ўзнагароджваць, яго забаранілі насіць! Трапіцца такі герой на гарадзенскім Рынку або на варшаўскай Длугей, дзе арсэнал вайсковы знаходзіцца, і – пад арышт яго!

Але існавала яшчэ Горадня, якая нараджала незалежніцкія настроі! Аднойчы на сойме, калі дакладна – 23 лістапада 1793-га – яны пераважылі, ордэн «Віртуці мілітары» быў адноўлены. Для мяне важны момант: падзея адбывалася там, дзе жыву, у адзіным у Беларусі горадзе з каралеўскімі традыцыямі ў мінуўшчыне. Магу схадзіць у былую залю соймаў у любы час. Царыца Кацярына потым націснула, каб узнагароду паўторна скасавалі. Ясна: калі ёсьць ордэн за подзьвігі, знойдуцца тыя, каго пацягне на гераічныя ўчынкі!

Для мяне цікавая акалічнасьць: чатыры ступені ордэна маюць арла і на крыжы саму назву Virtuti militari, але існавала пятая ступень – срэбны крыж. Зусім адрозны. Унутры сіні рыцар на кані, наша Пагоня. А сам крыж сьцісла пазначаны каралеўскімі ініцыяламі: SAPR – Станіслаў Аўгуст Панятоўскі Кароль. Адзін з гарадзенскіх палацаў да сёньня аздабляе такі каралеўскі вэнзэль.

Virtuti militari працягваў існаваць і надалей, у Варшаўскім гэрцагстве. Але той, што з Пагоняй, забараніў цар Аляксандар І. Наступны, Мікалай І, зрабіў яшчэ цікавей: задушыўшы паўстаньне 1830-31 гадоў, чапляў сваім афіцэрам Virtuti militari за перамогу над паўстанцкай арміяй у Варшаве.

5.

Апошняя вайна. Польскі ўрад у Лёндане спакойна прышпільваў Virtuti militari за подзьвігі і ні аб чым не падазраваў. Але на ўсходзе пачынала нараджацца «Народная Польшча». Virtuti militari пачалі ўручаць у Беларусі! Генэрал Зыгмунт Бэрлінг у лістападзе 1943-га адзначыў шаснаццаць удзельнікаў «бітвы пад Леніна» (вёска называлася насамрэч Раманава, што бальшавікам непрыемна нагадвала аб царах, назву зьмянілі). Што цікава, гэта было ўзнагароджаньне срэбным крыжам, на якім яшчэ кароль зьмясьціў Пагоню. Ніякай выпадковасьці: беларускія землі былі часткай краіны пад Пагоняй!

Урэшце Virtuti militari перасталі прышпільваць. Ды няхай. У мёртвых сталі забіраць! Вось навіна была! Першым у пэўным сэнсе казлом ахвярным небарака Леанід Ільліч стаў, які атрымаў узнагароду за ўяўныя перамогі. Войцэх Ярузэльскі, калі сацыялістычны лягер дажываў свае апошнія месяцы, задумаўся, ды пазбавіў ордэна Леаніда Брэжнева, які даўно спачываў пад крамлёўскай сьцяною. Быццам адпомсьціў дзеду за ваеннае становішча, якое сам мусіў абвесьціць у ПНР пад крамлёўскім ціскам.

Лех Валэнса скасаваў узнагароджаньне былога намесьніка Берыі генэрала Сярова, таксама пасьмяротна. Цікава, што яшчэ Хрушчоў пакараў таго Сярова: забраў залатую зорку Героя Савецкага Саюзу і ордэн Суворава – узнагароду за «пасьпяховую дэпартацыю» народаў Паўночнага Каўказу. Але палякам тады каманды не было. Што праўда, Сяроў пацярпеў зусім не з-за паплечніцтва зь Берыем. Была шумная гісторыя: ягоны пратэжэ палкоўнік Пянькоўскі прадаў на Захад ядзерныя сакрэты СССР. Але самому Пянькоўскаму зусім не пашанцавала, паставілі да сьценкі. Нарэшце Лех Качынскі ануляваў Virtuti militari якогасьці «товажыша» Раманоўскага. Не абы за што: за катаваньні польскіх патрыётаў.

Вам ня трэба больш Virtuti militari? Давайце нам! Але толькі той, што з рыцарам конным, нам чужога арла ня трэба. Бо хто такі вайсковец, калі ён ня рыцар?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG