Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінфін мусіць пазычаць «дарагія грошы»


Міністэрства фінансаў разьмясьціла пад 7,5% гадавых два выпускі валютных аблігацыяў, намінаваных у далярах.

Агульны аб’ём склаў 110 мільёнаў даляраў. Эканамічны аглядальнік Зьміцер Заяц кажа, што гэта амаль утрая больш стратна, чым мець фінансавую дапамогу ад МВФ:

«Адна з крыніц сродкаў пад рэфінансаваньне — гэта прыцягненьне сродкаў унутры краіны. Якраз гэтымі днямі Міністэрства фінансаў заключыла пагадненьне аб продажы валютных аблігацыяў юрыдычным асобам. Юрыдычныя асобы адпачатку хацелі, каб даходнасьць па гэтых аблігацыях знаходзілася ў межах дзесьці 7–7,5% гадавых. З улікам таго, што сродкі МВФ Беларусь тэарэтычна магла б атрымаць пад 2–3% гадавых, зразумела, што тыя сродкі, якія Міністэрства фінансаў сёньня можа ўзяць на ўнутраным рынку, больш дарагія. Прычым значна».

Згодна з разьлікамі адмыслоўцаў, у наступным годзе плацяжы Беларусі, зьвязаныя з абслугоўваньнем і пагашэньнем зьнешняга дзяржаўнага доўгу, складуць больш за 3 мільярды даляраў. Прычым большая частка прыпадае якраз на кампэнсацыю ранейшых пазыкаў Міжнароднага валютнага фонду — 1 мільярд 700 мільёнаў даляраў.


У 2013-м Беларусь павінна будзе выплаціць па пазыках 2,3 млрд даляраў


«Ад 2013 году пачынаюцца пікавыя плацяжы па пагашэньні зьнешняга дзяржаўнага доўгу. Аб’ём рэсурсаў, неабходных для гэтага ў 2013 годзе, складзе каля 2,3 млрд даляраў, што перавышае плацяжы 2012 году ў 2,6 раза», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да бюджэту на будучы год.

«Асноўны аб’ём плацяжоў прыпадае на пагашэньне крэдытаў міжнародных фінансавых арганізацыяў, якія ўзрастаюць у параўнаньні з 2012 годам на 1,4 млрд даляраў, што абумоўлена неабходнасьцю пагашэньня крэдыту МВФ і складзе 1,8 млрд даляраў», — паведамляецца ў цыдулцы.

На пагашэньне працэнтаў па зьнешнім дзяржаўным доўгу ў 2013 годзе будзе накіравана зь бюджэту 786,6 млн даляраў (у 1,3 раза больш, чым сёлета).

«Рост дадзеных плацяжоў абумоўлены значным павелічэньнем сумы зьнешняга дзяржаўнага доўгу ў сувязі з прыцягненьнем у 2012–2013 гадах крэдыту Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, крэдытаў МБРР, Кітаю і Расейскай Фэдэрацыі для будаўніцтва АЭС на агульную суму 6,2 млрд даляраў», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да бюджэту на 2013 год, якую падрыхтаваў Мінфін.

Колькі грошай пойдзе на тое, каб аддаць пазыкі, у мільёнах даляраў ЗША

XS
SM
MD
LG