Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбух у Віцебску. Затрыманыя дзясяткі чалавек?


Быдынак КДБ у Віцебску

Быдынак КДБ у Віцебску

Апрача таго, што гэта тры чалавекі, іншых афіцыйных зьвестак няма. Але ў Віцебску ходзіць пагалоска, што ў ноч з 11 на 12 лістапада былі затрыманыя дзясяткі чалавек.

На інтэрнэт-форумах згадваецца, што «каля 50-ці затрыманых пасадзілі ў актавую залю Кастрычніцкага РАУС» і што затрымлівалі паводле зьнешняга выгляду — тых, хто быў «у чорных куртках з капюшонамі».

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў спрабаваў высьветліць нейкія падрабязнасьці, але пра трох затрыманых, якіх згадвала прэсавая служба КДБ у якасьці падазраваных асобаў, дасюль нічога не вядома.

Спадар Левінаў кажа, што шукаў і тых, каго затрымалі ўвечары і ўночы пасьля выбуху, але такой інфармацыі пакуль таксама мала. Людзі баяцца даваць свае кантактныя дадзеныя і ўвогуле размаўляць на гэтую тэму.

Менавіта ад сваякоў аднаго з тых, хто правёў каля пастарунку некалькі гадзін, у Фэйсбуку зьявілася першая інфармацыя пра выбух каля КДБ. Дзяўчына пісала пра свайго брата, які пяць гадзін чакаў на вуліцы затрыманага сябра.

На думку Паўла Левінава, міліцыянты параўноўвалі затрыманых з кадрамі відэакамэраў і адсейвалі тых, хто зьнешне быў ня дужа падобны.

Супраць тых, хто ўчыніў выбух, заведзена крымінальная справа паводле артыкула 339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства). Але віцебскія актывісты лічаць, што гэта ня проста хуліганства, а нейкі сьвядомы акт палітычнага зьместу — бо «самаробную піратэхнічную прыладу, зьмешчаную ў бляшаны слоік», мэтанакіравана кінулі не абы-куды, а ў будынак КДБ. І адзін з затрыманых, паводле афіцыйнай інфармацыі, «раней ажыцьцяўляў тэлефонныя званкі ў УКДБ зь некарэктнымі выказваньнямі на адрас органаў улады».

Вечарам 11 лістапада ля будынка КДБ па Віцебскай вобласьці (Савецкая вуліца, 18) спрацавала самаробнае выбуховае прыстасаваньне. У КДБ кажуць, што выбух пашкодзіў два вакны. Затрымана трое падазраваных.

Пазьней прэсавая служба КДБ паведаміла: «Паводле папярэдніх ацэнак, прылада ўяўляла сабой кардонны або плястмасавы тубус, начынены 50–70 грамамі піратэхнічнай сумесі і зьмешчаны ў бляшанку ёмістасьцю 0,25–0,33 л без паражальных элемэнтаў. (…) Заведзеная крымінальная справа паводле арт. 339 КК Беларусі (хуліганства)».
XS
SM
MD
LG