Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Саньнікаў жорстка скрытыкаваў Віленскі мэмарандум апазыцыі


Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў

Экс-кандыдат на выбарах прэзыдэнта былы палітвязень Андрэй Саньнікаў, які атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі, назваў Віленскі мэмарандум беларускай апазыцыі «шкодным і небясьпечным».

У інтэрвію Свабодзе лідэр «Эўрапейскай Беларусі» заявіў, што арганізатары віленскай сустрэчы апазыцыі 3 лістапада не дапусьцілі да перамоваў іх прадстаўніка.

Андрэй Саньнікаў так патлумачыў, чаму ён не падпісаў Віленскі мэмарандум:

«Я прафэсійна глядзеў гэты мэмарандум, і хачу сказаць, што так дакумэнты ўвогуле ня робяцца. Той, хто яго чытаў, заўважыць, што гэта проста непісьменны дакумэнт, а я лічу, што ён яшчэ і небясьпечны, таму што там яшчэ ёсьць рэчы, якія накіраваныя не на абарону незалежнасьці Беларусі, а супраць.

Першае, што ў мяне выклікае пытаньні, гэта калі згадка пра палітвязьняў ідзе неяк ускосна. Я лічу, што зараз такая сытуацыя, што кожную сустрэчу трэба выкарыстоўваць для таго, каб патрабаваць вызваленьня палітвязьняў і пайменна ўсіх іх называць. Бо ідуць пэўныя гульні, каб кагосьці лічыць палітвязьнем, а кагосьці не. Гэтым павінна пачынацца і заканчвацца любая сустрэча. Вось мы зараз сустракаемся з „Эўрапейскай Беларусьсю“ ў Варшаве, абмяркоўваем усе пытаньні, і першае, што мы абмяркоўвалі, — гэта пытаньне па палітвязьнях.

Другое — тое, што там кажацца пра самаізаляцыю Беларусі. Ведаеце, гэта дасягненьне ўсіх палітычных сілаў, усёй апазыцыі, што ёсьць самаізаляцыя дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі і няма самаізаляцыі Беларусі, таму што і грамадзкія дзеячы, і палітыкі сустракаюцца на самым вышэйшым узроўні з эўрапейцамі, амэрыканцамі, з палітыкамі Расеі, Украіны.
Падпісвацца пад такімі небясьпечнымі рэчамі я проста не магу і з прафэсійнага пункту гледжаньня, і з пункту гледжаньня маралі


Трэцяе — тое, што там кажуць пра тое, што трэба патрабаваць гарантыяў незалежнасьці Беларусі. Быццам бы ніхто ня ведае, што гэтыя гарантыі былі атрыманыя намі ў 1994 годзе. І я ня думаю, што тыя, хто рыхтаваў гэты дакумэнт, ня ведалі пра гэта. Я лічу, што гэта было зроблена наўмысна. Я б проста звольніў тых людзей, хто гэтым займаўся. Таксама там згадваецца аўтарытарны рэжым, а не таталітарны ці дыктатура і шмат іншых рэчаў. Я лічу, што мэмарандум проста небясьпечны. Падпісвацца пад такімі небясьпечнымі рэчамі я проста не магу і з прафэсійнага пункту гледжаньня, і з пункту гледжаньня маралі».

Паводле спадара Саньнікава, шмат пытаньняў падчас падрыхтоўкі мэмарандуму зьнялося б, калі б прадстаўніку «Эўрапейскай Беларусі» не адмовілі ў праве прысутнічаць у нарадзе апазыцыі 3 лістапада ў Вільні. Прозьвішча гэтага прадстаўніка спадар Саньнікаў не назваў.

Андрэй Саньнікаў прадказвае, што ніякай каардынацыі паводле гэтага мэмарандуму сярод тых, хто яго падпісаў, ня будзе. Наконт далейшых кантактаў «Эўрапейскай Беларусі» з гэтымі структурамі спадар Саньнікаў заявіў:

«Мы заўсёды працавалі з усімі, і ў нас ёсьць разуменьне, што такое Рада БНР, мы заўсёды паважліва ставіліся да яе як да сымбалю нашай гісторыі, да таго органу, які павінен будзе сымбалічна зацьвердзіць дэмакратызацыю і незалежнасьць Беларусі ў блізкай будучыні, я спадзяюся».


Вячорка не захацеў спрачацца з Саньнікавым


Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

Удзельнік сустрэчы беларускай апазыцыі 3 лістапада, прадстаўнік аргкамітэту «Беларускага руху» Вінцук Вячорка адмовіўся ўступаць у палеміку з спадаром Саньнікавым і выказаў цалкам пазытыўную ацэнку Віленскага мэмарандуму:

«Я мяркую, што каштоўнасная аснова і герархія гарантыяў незалежнасьці гэтага дакумэнту абсалютна бясспрэчная, бываюць такія гістарычныя павароты, калі трэба ясна прагаворваць каштоўнасьці і пагрозы нашай незалежнасьці, і тое, што іх можа ўхіліць. З гэтага гледзішча ў дакумэнце ўсё абсалютна правільна. І вельмі правільна, што Рада БНР як рэзэрвовы гарант цягласьці нашай незалежнасьці праявіла гэтую ініцыятыву. І тая палітычная плынь, якую я прадстаўляю, зь вялікай павагай ставіцца да Рады БНР, для нас БНР — гэта сьвятыня».


Мельянцоў: Рада БНР становіцца сувязным зьвяном паміж апазыцыяй у Беларусі і за мяжой


Дзяніс Мельянцоў

Дзяніс Мельянцоў

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў зазначыў, што Віленскі мэмарандум не асабліва выбіваецца з шэрагу папярэдніх падобных дэклярацыяў апазыцыі, але ацаніў яго пазытыўна:

«Цікава ж тое, што ініцыятарам і стрыжнем тут зьявілася Рада БНР. У апошні час яна спрабуе адыгрываць нейкую ролю ў беларускай палітыцы. Я б зьвязаў гэта з тым, што намеціўся сур’ёзны раскол у беларускай апазыцыі на замежную і ўнутрыбеларускую, і Рада БНР спрабуе быць сувязным стрыжнем паміж гэтымі дзьвюма плынямі і не дапусьціць, каб цэнтар апазыцыйных рашэньняў перайшоў да эмігранцкіх арганізацый».

Спадар Мельянцоў назваў дзіўнай адмову некаторых апазыцыйных суб’ектаў ад падпісаньня гэтага мэмарандуму, бо, на яго думку, нічога крамольнага там няма.


Янукевіч адказаў Саньнікаву


Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Адзін з удзельнікаў сустрэчы беларускай апазыцыі 3 лістапада, лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адказаў на крытыку Андрэя Саньнікава на адрас Віленскага мэмарандуму.

Адносна сьцьвярджэньня спадара Саньнікава, што арганізатары не дапусьцілі на сустрэчу прадстаўніка «Эўрапейскай Беларусі», спадар Янукевіч патлумачыў:

«Запрашала Рада БНР, а я быў адным з запрошаных. Я ведаю, што ў адказ на запрашэньне Саньнікаў прапанаваў накіраваць на сустрэчу нейкага свайго прадстаўніка. Яму патлумачылі, што, на жаль, фармат прадугледжвае ўдзел кіраўнікоў арганізацыяў, і прадстаўнікі не падыходзяць. А таксама было паведамлена, што тэкст мэмарандуму будзе накіраваны яму на разгляд, для азнаямленьня. І натуральна, што не было такога, каб нехта прыйшоў і хацеў на гэтую сустрэчу трапіць, а яго не пусьцілі».

Наконт крытыкі самога Мэмарандуму з боку Андрэя Саньнікава спадар Янукевіч зазначыў: «Для мяне гэтыя заўвагі выглядаюць абсалютна несур’ёзна. Гэта штучныя зачэпкі дзеля таго, каб адмовіцца ад падпісаньня гэтага дакумэнту. Я ня ведаю, ці спадар Андрэй Саньнікаў мае далейшыя палітычныя пляны, але ў той час, калі ён знаходзіўся ў Беларусі, калі ён гэтыя пляны ясна акрэсьліваў, была відавочная лінія на тое, каб пытаньне незалежнасьці ў сваёй праграме адсунуць на другі плян і зрабіць акцэнт на прыцягненьне Расеі да вырашэньня беларускага пытаньня. Думаю, што гэты момант надзвычай прынцыповы. Для тых, хто падпісаў гэты мэмарандум, такая пастаноўка пытаньня недапушчальная. Калі Андрэй Саньнікаў лічыць па-іншаму, гэта ягоная пазыцыя, ягонае права, а для нас такая пазыцыя непрымальная».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG