Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікаваны тэкст Віленскага мэмарандуму апазыцыі


На старонцы Рады БНР у Фэйсбуку апублікаваны поўны тэкст Выніковага Мэмарандуму, прынятага ў Вільні 3 лістапада.

Дакумэнт называецца «Выніковы Мэмарандум нарады старшыняў і кіраўнікоў беларускіх палітычных і грамадзкіх арганізацыяў са Старшынёй Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Аб захадах для забесьпячэньня незалежнасьці Беларусі».
Асноўныя палажэньні Мэмарандуму:

  • Трэба дамагацца як найшырэйшага прызнаньня міжнароднай супольнасьцю, што Аляксандар Лукашэнка і дзяржаўныя органы пад ягоным кантролем, пры адсутнасьці дэмакратычнай легітымнасьці, ня ёсьць правамоцным і дзеяздольным прадстаўніцтвам Беларусі, асабліва у разе прыняцьця ад імя Беларусі абавязкаў і пагадненьняў з наступствамі, якія абмяжоўваюць ці абцяжарваюць яе сувэрэнітэт або датычаць распродажу дзяржаўнай маёмасьці. Гэткія пагадненьні ня будуць абавязковыя для дэмакратычнай беларускай дзяржавы ў будучыні, а стануць прадметам перагляду і магчымага скасаваньня або карэкцыі.
  • Неабходна дамагацца гарантыяў непарушнасьці беларускага нацыянальнага сувэрэнітэту з боку краінаў Эўрапейскага Зьвязу, Злучаных Штатаў Амэрыкі і Расейскай Фэдэрацыі, непрызнаньня міжнародна-праўнай сілы любых небясьпечных для сувэрэннага статусу Беларусі рашэньняў, якія ад яе імя можа зрабіць аўтарытарнае кіраўніцтва, а таксама непрызнаньня легітымнасьці любых шкодных для сувэрэнітэту Беларусі правоў і прывілеяў, якія Расейская Фэдэрацыя можа сьцьвярджаць ці дамагацца ў Беларусі на грунце дактрыны «зоны асаблівых інтарэсаў».
  • Дзеля забесьпячэньня сувэрэнітэту ад рызыкаў крызіснага і пераходнага пэрыяду ў абставінах каляпсу аўтарытарнага рэжыму неабходна распрацаваць і палітычна ўзгадніць супольны пакет першачарговых палітычных, эканамічных і юрыдычных захадаў у галіне энэргэтычнай і харчовай бясьпекі, культурна-інфармацыйнай палітыкі, забесьпячэньня адміністрацыйнай кіравальнасьці ва ўмовах пераходу да дэмакратыі, барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю, а таксама забясьпечыць максымальную падтрымку, якую можна мабілізаваць з боку прыхільных гэтым мэтам дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў.

У Мэмарандуме таксама гаворыцца, што грамадзкія і палітычня арганізацыі павінныя каардынавацца ў справе супрацьстаяньня афіцыйнай прапагандзе, «якая зьнішчае беларускую нацыянальную сьвядомасьць».

«Павінен быць мацнейшы скаардынаваны ціск палітычнай і грамадзянскай супольнасьці ў краіне і за яе межамі дзеля зьмяншэньня ў беларускім грамадзтве пачуцьця страху, найперш вызваленьня і рэабілітацыі палітычных вязьняў, спыненьня палітычных рэпрэсіяў і дэмантажу рэпрэсіўнага апарату, свабоды для сродкаў масавай інфармацыі, а ўрэшце — правядзеньня свабодных выбараў», — адзначаецца ў дакумэнце.

«Прадстаўнікі беларускай палітычнай і грамадзянскай супольнасьці прызнаюць Раду БНР рэзэрвовым палітычным дэпазытарам беларускай незалежнай дзяржаўнай традыцыі», — гаворыцца ў Мэрандуме.

Мэмарандум падпісалі:

Уладзімер Барадач, Аргкамітэт «Савету нацыянальнага адраджэньня»
Вінцук Вячорка, Аргкамітэт «Беларускага Руху»
Аляксандар Дабравольскі, Аб’яднаная грамадзянская партыя
Мікалай Дземідзенка, «Малады Фронт»
Вольга Карач, ГК «Наш Дом»
Колас Уладзімер, Рада беларускай інтэлігенцыі
Аляксандар Мілінкевіч, «Рух «За Свабоду»
Станіслаў Шушкевіч, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада
Янукевіч Аляксей, Партыя БНФ
Някляеў Уладзімер, кампанія «Гавары праўду»
Зянон Пазьняк, Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ
Віталь Рымашэўскі, Аргкамітэт партыі Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя
Вячаслаў Сіўчык, Рух салідарнасьці «Разам»
Ад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі — Івонка Сурвілла, Старшыня Рады БНР

Мацкевіч: У падмурку Хартыі ляжыць тое самае, што і ў Віленскім мэмарандуме


Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч
Палітоляг Уладзімер Мацкевіч разглядае падпісаньне Віленскага мэмарандуму як падзею, якая мае актуальную нагоду і якую можна толькі вітаць:

«Нагоду, магчыма, не зьвязаную з пагрозай незалежнасьці ў дадзены момант, хоць такая пагроза існуе як дамоклаў меч, які досыць доўга ўжо вісіць над намі. А нагода для гэтага мэмарандуму была зьвязаная з актывізацыяй беларускай палітычнай эміграцыі, у якой пачалі стварацца нейкія ініцыятывы па стварэньні часовага ўраду ці ўраду ў выгнаньні. І быў зварот палітычных дзеячаў, што дастаткова нам сымбалічнай улады Рады БНР, якая цягнецца з часу першага абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі, і ня трэба ў гэтым сэнсе ніякіх іншых ініцыятываў, эміграцыя можа дапамагаць грамадзянскай супольнасьці змагацца за дэмакратызацыю Беларусі. І вось гэты Мэмарандум разьвязвае часткова, а можа і зусім, гэтую супярэчнасьць паміж новай эміграцыяй і старой, сталай эміграцыяй, створаным калісьці сымбалічным урадам — Радай БНР — і тымі, хто застаецца ў Беларусі і змагаецца за зьмену палітычнага рэжыму. У гэтым мэта Мэмарандуму. А тое, што ў ім гучыць занепакоенасьць незалежнасьцю — гэта цалкам натуральна».

Тое, што пад гэтым Мэмарандумам няма подпісу Андрэя Саньнікава, што ён адмаўляецца падпісваць агульны дакумэнт, спадар Мацкевіч ацаніў наступным чынам:

«Ведаеце, я ня чуў гэтага ад самога Саньнікава, гэта пакуль ускосныя зьвесткі. І думаю, што нават калі Саньнікаў адмовіўся, то гэта зьвязанае зь нядобрым паразуменьнем з тымі, хто зьвяртаўся да яго або запрашаў далучыцца. У той форме, у якой была сабраная гэтая сустрэча і падпісваўся Мэмарандум, тут ня можа быць супярэчнасьцяў. Было б дзіўна, калі б Хартыя-97 і сам Саньнікаў не далучаліся да такой кансалідаванай дзейнасьці, таму што сама Хартыя паўстала менавіта такім чынам — быў напісаны тэкст, я сам яго пісаў, зьвярнуліся да людзей розных поглядаў з просьбай забыцца пра свае разыходжаньні і погляды і разам далучыцца да дэмакратызацыі краіны, да вяртаньня на цывілізаваны шлях. У падмурку Хартыі ляжыць тое самае, што і ў гэтым Мэмарандуме».


Янукевіч: Віленскі мэмарандум можа стаць фактарам абароны беларускай незалежнасьці


Лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч затрымку з публікацыяй поўнага тэксту Мэмарандуму тлумачыць тэхнічнымі момантамі:

«Падчас абмеркаваньня сутнасных прапановаў і правак было ня вельмі шмат, але рознага кшталту тэкставых, стылістычных, нейкіх іншых заўваг было досыць шмат. Сябры Рады БНР запісвалі гэтыя праўкі ад рукі, і спатрэбіўся нейкі час, каб іх унесьці і пазьней узгадніць з усімі ўдзельнікамі абмеркаваньня».

Тое, што пакуль ня ўсе дэмакратычныя партыі і арганізацыі падпісалі гэты дакумэнт, спадар Янукевіч ня лічыць крытычным:

«Наколькі я зразумеў з паведамленьняў СМІ, Андрэй Саньнікаў прынцыпова і канчаткова адмовіўся падпісаць гэты дакумэнт. Што тычыцца іншых, якія маглі б яго падпісаць, то ў мяне няма інфармацыі. Аднак я спадзяюся, што патрэбен пэўны час і нейкія працэдуры ўзгадненьня, пасьля якіх іншыя далучацца. Але ўжо і на сёньняшні момант колькасьць падпісантаў дастаткова паважная і, магчыма, нават выключная для апошняга часу. Але я спадзяюся на подпісы яшчэ шэрагу суб’ектаў».

Па сутнасьці ж Мэмарандуму спадар Янукевіч зазначыў:

«Я лічу, што гэта важная справа, таму што, асабліва апошнія два гады, існуе вялікая пагроза незалежнасьці Беларусі, ня толькі эканамічная, але і палітычная. У Мэмарандуме сьцьвярджаецца менавіта жаданьне і гатоўнасьць для таго, каб усе гэтыя пагрозы адхіліць, дэкляруецца каардынацыя незалежніцкіх сілаў як унутры краіны, так і беларускай грамады за мяжой, перадусім Рады БНР. А ці будуць да гэтага дакумэнта прыслухоўвацца, ці будзе ён мець яшчэ большую вагу, будзе залежаць ад таго, як тыя, хто падпісаў, будуць яго выкарыстоўваць, прасоўваць, у тым ліку ў сваіх міжнародных кантактах.

Што тычыцца Партыі БНФ, то мы бліжэйшымі днямі зробім пераклад, распаўсюдзім сярод усіх нашых міжнародных партнэраў і будзем актыўна карыстацца гэтым дакумэнтам. Мяркую, што гэтак жа ўчыняць і іншыя, і гэты Мэмарандум зможа стаць моцным фактарам для таго, каб пытаньне абароны беларускай незалежнасьці было заўважнае ў міжнародным парадку дня».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG