Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Булгакаў выехаў зь Беларусі


Валер Булгакаў

Валер Булгакаў

Былы галоўны рэдактар часопіса ARCHE паведаміў Радыё Свабода, што да такога ўчынку яго вымусіла сьледзтва, якое ўлада ўсчала супраць інтэлектуальнага выданьня.

РС: Чаму прынялі рашэньне зьехаць зь Беларусі?

ВБ: Маё рашэньне не зьяўляецца апошнім і канчатковым. Выкліканае яно той акалічнасьцю, што на пазамінулым тыдні беларускія тэлеканалы ажыцьцявілі прапагандысцкі залп па маёй сьціплай асобе. Нагадаю, што 23 і 27 кастрычніка мінулага месяца па беларускім тэлебачаньні ў праграме «Зона Ікс» двойчы паказваліся рэпартажы, якія тычыліся маёй асобы непасрэдна. У адным зь іх сьцьвярджалася, што я галоўны фігурант так званай «кніжнай справы». А ў наступным ужо рабіўся акцэнт, што гэтая «кніжная справа стала крымінальнай».

Вакол маёй сьціплай асобы стварылася сытуацыя ня вельмі здаровая псыхалягічна. Пры такіх абставінах мне было цяжка знаходзіцца ў краіне. Гэта быў занадта вялікі псыхалягічны ціск для мяне. Я часова вырашыў ад’ехаць. Як далей будзе разьвівацца сытуацыя, залежыць ад таго, ці пойдуць нашыя праваахоўныя органы на абвастрэньне сытуацыі, ці не.

РС: Вы з рэпартажу БТ даведаліся пра тое, што вашая справа стала крымінальнай?

ВБ: Відаць, сьледзтва разглядае цяпер магчымасьці, каб інкрымінаваць розныя склады злачынства. Беларускае тэлебачаньне рабіла акцэнт на тым, што калі выяўленыя публікацыі маюць экстрэмісцкі зьмест, то мне пагражае крымінальны перасьлед.

Такім чынам маем, з аднаго боку, склад злачынства, зьвязаны з пашырэньнем экстрэмісцкіх публікацый. З другога боку, не сакрэт, што ёсьць вялікая небясьпека таго, што мне будуць інкрымінавацца дзеяньні, зьвязаныя зь незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю. І, нарэшце, зараз адбываецца вельмі скрупулёзная, паглыбленая, дэталёвая праверка часопіса ARCHE. Адбылася выемка ўсіх да апошняга дакумэнтаў фінансавай справаздачнасьці за апошнія тры гады. Не выключаю, што па гэтым сюжэце таксама будуць спрабаваць яшчэ нешта. Магчыма, паспрабуюць давесьці, што я злоўжываў сваёй службовай пасадай.

РС: Як ішло сьледзтва?

ВБ: Я быў двойчы выкліканы ў Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў. Першы выклік быў зьвязаны з тым, што гэты орган зацікавіўся нашай фінансавай справаздачнасьцю, зьвязанай з купляй паперы і акалічнасьцямі публікацыі часопіса ARCHE ў 2012 годзе.

Другі выклік ужо быў зьвязаны не з маёй дзейнасьцю як дырэктара ўстановы, а з новай сытуацыяй, калі КДБ і міліцыя, дзякуючы апэратыўным мерапрыемствам, адсачылі і канфіскавалі амаль шэсьць тысяч кніжак у Лагойскім раёне. Я даваў тлумачэньні, адкуль яны паходзяць.

РС: У найгоршым выпадку што можа вам пагражаць?
Мяне могуць пасадзіць у турму на неакрэсьлены тэрмін


ВБ: Мяне могуць пасадзіць у турму на неакрэсьлены тэрмін. Калі сплюсаваць усе тры артыкулы, якія распрацоўваюцца цяпер супраць ARCHE, набярэцца гадкоў на сем. Я выключаю сытуацыю, што ўсе артыкулы будуць пацьверджаныя ў судзе. Але сытуацыя цяжкая. Калі столькі ўсяго вакол цябе, вельмі цяжка захоўваць поўную няўзрушнасьць.

БТ выкарыстоўвае забароненыя прапагандысцкія прыёмы. Самі размовы ў ДФР адразу не пакідалі ані найменшага сумневу, што для супрацоўнікаў гэтага органу я ў лепшым выпадку эканамічны правапарушальнік, а ў горшым — эканамічны злачынца. Інспэктар, які праводзіў са мною першую гутарку, адразу на пачатку размовы сказаў, што ён паважае мае палітычныя погляды, але я, так бы мовіць, парушыў беларускае заканадаўства, спрабуючы іх пашыраць.

РС: Як вашая сям’я, жонка і двое малых дзетак, перажываюць тое, што адбываецца?

ВБ: Пакуль не адбываецца нічога фатальнага. Ёсьць стан стрэсу і шоку. Але гэта ня нешта надзвычайнае. Ніхто не памёр, ніхто не захварэў. Узьніклі абставіны, якія на нейкі час прымушаюць мяне быць далёка ад свайго роднага дома.

РС: Пры якіх умовах вы можаце вярнуцца?

ВБ: Калі будуць разгортвацца падзеі ў кірунку ўзбуджэньня крымінальнай справы па нейкіх незразумелых абвінавачаньнях, напрыклад — злоўжываньне службовай пасадай у мэтах крадзяжу маёмасьці ці незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, то асаблівай ахвоты вяртацца назад ня будзе. Але сытуацыя дынамічная, яна ўвесь час мяняецца. Я не магу сказаць, што я ніколі не вярнуся.
Я не магу сказаць, што я ніколі не вярнуся


РС: Ці кампанія падтрымкі ARCHE ўплывае на сытуацыю? Чым яшчэ можна дапамагчы?

ВБ: Грамадзтва, безумоўна, рэагуе. Але ў нашай сытуацыі няма ўнівэрсальнага спосабу нам дапамагчы. Найлепшы спосаб засьведчыць увагу да нашага часопіса — наведваць наш сайт, купляць нашыя выданьні, нягледзячы на тое, што адбываецца.

Валера Булгакава 18 кастрычніка гаспадарчы суд Гарадзенскай вобласьці аштрафаваў паводле абвінавачаньня ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці — за продаж кніг і часопіса. Штраф склаў пяць базавых велічынь, або пяцьсот тысяч рублёў. Падаткоўцы таксама арыштавалі больш за пяць тысяч асобнікаў кніг і часопісаў. Затрымалі Валера Булгакава ў Горадні 14 верасьня падчас прэзэнтацыі новай кнігі.

Пры канцы кастрычніка Беларускае тэлебачаньне ў праграме крымінальнай хронікі «Зона Ікс» прадэманстравала два сюжэты аб справе ARCHE. У прыватнасьці, гаварылася, што выдаўцы часопіса ARCHE абвінавачваюцца ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, што рахункі выданьня арыштаваныя і што вынятыя 5 з паловай тысяч асобнікаў кніг, выдадзеных пад рэдакцыяй Валера Булгакава. Паводле аўтараў сюжэту, гэтая літаратура зьмяшчае «альтэрнатыўны погляд на гісторыю акупацыі Беларусі ў гады вайны».

«Сумнеўная літаратура з прэтэнзіяй на экстрэмізм» — так ахарактарызаваў выданьні часопіса ARCHE журналіст Аляксандар Вярбіцкі ў сюжэце праграмы «Зона Ікс».

У якасьці прыкладаў прыводзіцца тое, што ў выданьнях ёсьць выявы «свастыкі, а таксама карыкатуры, якія, па словах адмыслоўцаў, далёкія ад рэальнасьці».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG