Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З падаткавай дэклярацыі ў афіцыйныя СМІ


Леанід Судаленка
Леанід Судаленка

Гомельскі грамадзкі актывіст, праваабаронца і юрыст па адукацыі Леанід Судаленка адмовіўся падаць дэклярацыю пра даходы й маёмасьць за 4 апошнія гады, якой ад яго запатрабавала падатковая інспэкцыя Савецкага раёну.

Судаленка: «Раней я падаваў дэклярацыю, але зьвесткі пра мае даходы нейкім чынам траплялі ў афіцыйныя СМІ, у тым ліку ў абласную газэту. Апрача таго, я не атрымаў адказу, чаму маё прозьвішча зноў уяўляе цікавасьць для падатковай інспэкцыі. Чаму нават у сына, які служыць у войску, запатрабавалі дэклярацыю?»

На адмову падатковая інспэкцыя пісьмова выклікала грамадзкага актывіста да сябе «для падпісаньня пратаколу і ўдзелу ў адміністрацыйным працэсе».

Спадар Судаленка на гэта даслаў у інспэкцыю ліст, у якім паведаміў, што не наважаны выконваць і гэтае патрабаваньне, бо ня ведае, які пратакол ён павінен падпісаць і ў якім адміністрацыйным працэсе ўзяць удзел.

«Адносна запатрабаваньня ад мяне дэклярацыі пра даходы й маёмасьць за апошнія 4 гады тлумачу, што згаданае патрабаваньне зьяўляецца незаконным», — піша ў сваёй заяве ў інспэкцыю грамадзкі актывіст.

На ягоную думку, інспэкцыя з улікам тэрміну даўнасьці можа патрабаваць дэклярацыю ад фізычнай асобы ня больш як за 3 гады. Пры гэтым Судаленка спасылаецца на Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь — ён мае большую юрыдычную сілу, чым іншыя законы, якія ўтрымліваюць нормы грамадзянскага права.

Калі падатковая інспэкцыя выставіць патрабаваньне наконт запаўненьня дэклярацыі пра даходы і маёмасьць за пэрыяд, які не перавышае агульнага тэрміну пазоўнай даўніны, грамадзкі актывіст заяўляе пра гатовасьць выканаць патрабаваньне ў належны тэрмін.

«Я не хаваюся ад падатковай інспэкцыі і гатовы ісьці нават у суд. Я проста хачу атрымаць адказы на свае пытаньні і падаць дэклярацыю на падставе дзейнага заканадаўства, а не з палітычна матываваных прычынаў, не ад цара Гароха», — заяўляе Леанід Судаленка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG