Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што азначаюць зьмены ў законах аб тэрарызьме


12 лістапада ўступілі ў дзеяньне зьмены ў законы аб тэрарызьме і аб супрацьдзеяньні экстрэмізму. Ці істотныя гэтыя зьмены і што яны азначаюць для ўдзельнікаў палітычнага працэсу ў Беларусі?

Папраўкі, пра якія ідзе гаворка, прынятыя ў кастрычніку і тады ж падпісаныя Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле назіральнікаў, зьмены ў законы «Аб барацьбе з тэрарызмам» і «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму» прынцыпова мяняюць паняцьце «тэрарызм». Калі раней пад тэрарызмам меліся на ўвазе пэўныя дзеяньні — выбух, падпал ці іншыя гвалтоўныя дзеяньні, учыненыя ў пэўных палітычных мэтах, то зараз паняцьце «тэрарызму» пашыраецца да катэгорыі зьявы. Заканадаўца разумее пад зьявай ідэалёгію, якая не выключае гвалтоўных дзеяньняў, а таксама самі гэтыя дзеяньні. Навошта зроблена гэткае пашырэньне фармулёўкі?

Адзін з заснавальнікаў партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Аляксей Шэін мяркуе, што ўлада з дапамогай новых паправак у законы, якія тычацца тэрарызму, рыхтуецца да будучых прэзыдэнцкіх выбараў:

Аляксей Шэін

Аляксей Шэін

«Калі раней гаварылася пра тое, што тэрарызм — гэта ўчыненьне выбуху, падпалу ці нешта іншае кшталту гэтага, то цяпер кажуць, што гэта сацыяльна-палітычная зьява, якая ўяўляе сабой ідэалёгію. Адназначна відаць, што наўмысна размылі гэтую фармулёўку, каб гэты артыкул можна было ўжываць больш шырока. Такім чынам, мы назіраем працяг нашай чыста беларускай гульні, якая называецца „зачыстка палітычнага поля перад выбарамі“. Здавалася б, куды ўжо далей зачышчаць? Але відаць, што ўлада ўжо думае пра кампанію 2015 году. Абсалютна перакананы, што, маючы досьвед пасьпяховага запалохваньня ў 2010 годзе, вырашылі і зараз сабе разьвязаць дадаткова рукі, каб было яшчэ лягчэй штосьці такое праводзіць. Ці пагражаць палітычным актывістам. Бо зараз ім ня трэба і выбух „рабіць“. Цябе могуць пакараць толькі за тое, што спрабуеш праз сваю ідэалёгію дэстабілізаваць грамадзка-палітычную сытуацыю».

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

Паводле лідэра «Гавары праўду», былога кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева, зьмены ў закон аб тэрарызьме найперш скіраваныя на грамадзкія структуры дэмакратычнага кірунку:

«У гэтым новым законе асноўнае тое, што дзеяньні — выбух, падпал — падмененыя ідэямі тэрарызму, намерам. Гэта вельмі небясьпечна, бо гэта яшчэ адна спроба нібыта на падставе закону змагацца зь іншадумцамі. Чалавек не даспадобы рэжыму, а значыць, можа быць западозраны ў намеры да тэрарызму. Усё, што зараз робіцца, ідзе ў кірунку ўзмацненьня сілавых структур. Не выключаю, што і апошнія інцыдэнты — якія больш падобныя да хуліганства, але яны дазваляюць уладзе казаць, што мы ўзмацняем сілавыя структуры, а іх трэба яшчэ больш узмацняць. Каб у нас нават вось такіх дробных тэрарыстычных выпадкаў не назіралася. Каб гэтак жа Лукашэнка ўзмацняў краіну, то ўсё ў нас даўно было б добра».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG