Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрытая канфрантацыя з Масквой — новая лінія Мэркель?


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель

Андрэас Шокэнхоф — крытык палітыкі Масквы ў нямецкім ўрадзе

На гэтым тыдні канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель накіроўваецца з афіцыйным візытам у Расею. У мінулую пятніцу Бундэстаг ухваліў надзвычай крытычны даклад аб сытуацыі ў Расеі упаўнаважанага нямецкага ўраду па адносінах з РФ, намесьніка старшыні фракцыі ХДС Андрэаса Шокэнхофа.

Бундэстаг таксама прыняў рэкамэндацыйную рэзалюцыю, якой заклікаў канцлера Мэркель паставіць падчас сустрэчы з Пуціным ў Маскве пытаньні правоў чалавека ў Расеі. Ухвалены парлямэнтам Нямеччыны даклад Андрэаса Шокэнхофа зьвязвае рэзкае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Расеі зь вяртаньнем у Крэмль Уладзімера Пуціна.

Калі праект дакладу Шокэнхофа быў абнародаваны ў мінулым месяцы, Міністэрства замежных справаў Расеі выказала абурэньне і назвала дакумэнт «паклёпам». Прэзыдэнт Пуцін асабіста заявіў, што не прызнае спадара Шокэнхофа прадстаўніком нямецкага ўраду.

У адказ на гэта прэсавы сакратар Мэркель назваў рэакцыю Масквы дзіўнай і нагадаў, што толькі Бэрлін вырашае, хто прадстаўляе нямецкі ўрад. Ён пацьвердзіў, што Шокэнхоф паедзе з Мэркель у Маскву на пасяджэньне двухбаковага «Пецярбурскага дыялёгу».

У інтэрвію часопісу Der Spigel Андрэас Шокэнхоф патлумачыў сваю пазыцыю.

Der Spigel: Спадар Шокэнхоф, у якасьці ўпаўнаважанага ўраду Нямеччыны па Расеі вы сталі аб’ектам жорсткай крытыкі з боку Масквы. У нямецка-расейскіх адносінах наступіў новы «ледніковы пэрыяд»?

Андрэас Шокэнхоф
Андрэас Шокэнхоф
Шокэнхоф: Выказваньні Масквы з нагоды маёй пазыцыі — гэта сыгнал аб адчужэньні. Шкада, бо недахоп даверу шкодзіць нашым агульным інтарэсам. Расея і Нямеччына заключылі партнэрства па мадэрнізацыі. Сёньня ўяўленьне Масквы аб мадэрнізацыі адрозьніваецца ад нашага. Гэта трэба адкрыта абмяркоўваць.

Der Spigel: Стрыманая фармулёўка. Масква назвала вас паклёпнікам. Гэта ж інкрымінавалася і абвінавачаным на паказальных працэсах Сталіна.

Шокэхоф: На жаль, выкарыстаньне гэтага паняцьця спалучаецца з палітыкай запалохваньня, сьведкамі правядзеньня якой у Расеі мы ў цяперашні час зьяўляемся.

Der Spigel: Чаму?

Шокэнхоф: Справа ў тым, што цяпер паліцыя, юстыцыя і заканадаўцы робяць стаўку на запалохваньне і рэпрэсіі ў адносінах да насельніцтва. І можна нават пазначыць дакладную дату пачатку гэтага працэсу — 6 траўня 2012 года.

Der Spigel: Гэта быў дзень масавых дэманстрацый напярэдадні інаўгурацыі прэзыдэнта Уладзімера Пуціна.

Шокэнхоф: З тых часоў адбываецца сумнеўнае разьвіцьцё: абмежавалі права на свабоду сходаў, потым прынялі новы закон аб недзяржаўных арганізацыях, у адпаведнасьці з якім няўрадавыя арганізацыі, якія атрымліваюць фінансавую падтрымку з-за мяжы, лічацца «замежнымі агентамі». І нарэшце, Дума зноў прыраўняла паклёп да злачынства.

Der Spigel: Вы лічыцца, што Расія на шляху да дыктатуры?

Шокэнхоф: Што на нядобрым — гэта дакладна. Паглядзіце на дэмаграфічнае разьвіцьцё або на драматычныя «ўцёкі» капіталу. Вялікая колькасьць людзей з добрай адукацыяй зьяжджаюць з краіны. Дрэнныя перадумовы для мадэрнізацыі.

Der Spigel: Пуцін і яго людзі вас яшчэ ўвогуле слухаюць?

Шокэнхоф: Расея — гэта не толькі Пуцін. У краіне вядзецца адкрытае і ажыўленае абмеркаваньне. Яшчэ некалькі гадоў таму такое і ўявіць сабе было нельга. Цяпер апазыцыя як раз спрабуе структурызавацца. Ёсьць ўпэўненая ў сабе сярэдняя кляса, якая патрабуе большага ўдзелу ў палітычным жыцьці краіны. Гэтыя працэсы забясьпечваюць адкрыты абмен меркаваньнямі і шчыльнае грамадзянскае супрацоўніцтва. Спрыяць такому супрацоўніцтву — задача нямецкай палітыкі ў дачыненьні да Расеі.

Der Spigel: Няпростая задача. Паводле паведамленьняў расейскага боку, вы перасталі быць для іх жаданым партнэрам па перамовах. Вы ўсё роўна маеце намер накіравацца на «Пецярбурскі дыялёг», які пройдзе ў Маскве праз два тыдні?

Шокэнхоф: Зразумела. На «Пецярбурскім дыялёгу» я каардыную працоўную групу «Грамадзянская супольнасьць». Форум як раз і стваралі для такіх сытуацый, як сёньняшняя, калі ўзьнікае непаразуменьне і не хапае даверу. Зараз патрэба ў адкрытым і менш фармальным дыялёгу ня зьнікла, а толькі павялічылася.

Der Spigel: Але дыялёг прадугледжвае наяўнасьць двух бакоў.

Шокэнхоф: Калі я гляджу на ўдзельнікаў, якіх назвалі з расейскага боку, то мяне напаўняе аптымізм. Гэтыя мужчыны і жанчыны выказваліся крытычна пра палітыку Расеі. Удзельнікі — ня толькі набліжаныя да Крамля. Я ўпэўнены, што мы зможам адкрыта абмяркоўваць і тыя пытаньні, па якіх у нас розныя меркаваньні. Таму дыскусія аб мэтах і задачах «Пецярбурскага дыялёгу» сябе ўжо апраўдала.


***

Паміж Масквой і Бэрлінам былі надзвычай цёплыя адносіны, калі канцлерам Нямеччыны быў Герхард Шродар. Адносіны зьмяніліся пры Мэркель. Канстанцыя Штэлзэнмюлер, супрацоўніца нямецкага Фонду Маршала кажа, што для гэтых адносінаў нямецкія дыпляматы ўжываюць тэрмін «стратэгічныя». Гэта азначае, што бакі маюць розныя каштоўнасьці, але Нямеччыне для пэўных мэтаў патрэбная Расея. «Расея ня можа прэтэндаваць на тэрмін саюзьнік ці сябра» — падкрэсьліла экспэрт.

Прыкладна траціна спажываньня прыроднага газу ў Нямеччыне прыпадае на імпарт з Расеі. Мэркель робіць крокі для зьмяншэньня гэтай залежнасьці шляхам будаўніцтва вугальных электрастанцый і разьвіцьця радовішчаў польскага сланцавага газу. Канцлер таксама вядомая як адзін з самых гучных эўрапейскіх крытыкаў прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, блізкага саюзьніка Масквы.

Эдвард Лукас, міжнародны рэдактар ​часопісу The Economist і аўтар кнігі «Падман: Шпіёны, хлусьня і як Расія падманвае Захад», кажа, што адкрытая канфрантацыя з Масквой — новая палітычная лінія кіраванага Мэркель Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу.

Лукас кажа, што падзеі апошніх тыдняў робяць плянаваную паездку Мэркель у Маскву асабліва цікавай, ён кажа, што гэта, магчыма, будзе самы цікавы тыдзень у нямецка-расейскіх адносінах за апошнія 10 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG