Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распрадаюцца «фамільныя багацьці» Лукашэнкі


ілюстрацыйнае фота

ілюстрацыйнае фота

У сеціве зьявілася аб’ява аб продажы жаночага наручнага гадзіньніка. Здавалася б, звычайная справа.

Але гэты гадзіньнік імянны — падараваны невядомаму перадавіку «за асаблівыя заслугі перад Айчынай» самім Аляксандрам Лукашэнкам.

Цана выстаўлена — 350 даляраў. То бок як за добрую швайцарскую марку. Насамрэч у падарункавым варыянце — звычайны «Луч», адзінае, што назва напісаная лацінкай. На зваротным баку — гравіроўка па-расейску: «От президента Республики Беларусь А.Г.Лукашенко». Гадзіньнік, як на сёньняшнія часы, яўна маральна састарэлы — у кветачкі, з парцалянавай інкрустацыяй. Такому цана ў фірмовай краме «Луча» — ад сілы даляраў 30.

Гандляр удакладняе, што гадзіньнік абсалютна новы, ні разу не карыстаны. На прыкладзеным да аб’явы здымку бачны сам «лот»: гадзіньнік упакаваны ў драўляную скрынку са стальной пласьцінай наверсе і з наштампаваным на ёй дзяржаўным гербам. Ніжэй надпіс, зноў жа па-расейску — «ПРЕЗИДЕНТ». Усярэдзіне скрынкі на візытоўцы прадублявана для асабліва недаверлівых: «Лукашенко Александр Григорьевич, Президент Республики Беларусь».

Прадавец піша, што цяпер ён у Кіеве, таму ўсе кантакты — праз электронную пошту.

Такімі недарагімі гадзіньнікамі (у мужчынскім і жаночым варыянце) звычайна ўганароўваюць дзяржаўных службоўцаў сярэдняга зьвяна: настаўнікаў, лекараў, перадавікоў жніва і вытворчасьці, супрацоўнікаў разнастайных ведамстваў, якія адзначыліся прыхільнасьцю цяперашняй уладзе. Нядорага, але — з глыбінным падтэкстам. Ажно выявілася, што на прэзыдэнцкім падарунку можна яшчэ і нядрэнна зарабіць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG