Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паводле афіцыйных зьвестак, увечары 11 лістапада ля будынка Віцебскай абласной управы КДБ спрацавала самаробнае выбуховае прыстасаваньне. Выбух пашкодзіў два вакны. Таксама ў КДБ кажуць, што затрымалі трох падазраваных.

Вось што бачылі і чулі ўчорашнім вечарам жыхары суседніх з будынкам КДБ дамоў па вуліцы Савецкай у Віцебску. Управа КДБ месьціцца ў доме № 18, а спадарыня, якая прасіла не называць яе імя, жыве на другім баку вуліцы:

«У мяне дом — на рагу Суворава і Савецкай. Вечарам нешта як грукне! Ну, бываюць розныя там салюты, але тут ня так грукнула! Аж вокны зазьвінелі. Але ісьці глядзець, што там здарылася, неяк не хацелася... А ранкам іду на працу — гляджу, усё чырвонай стужкай абгароджана! Кажуць, што кагосьці там ужо злавілі. Але навокал і міліцыя яшчэ дзяжурыць, і стужка яшчэ вісіць».

У афіцыйным паведамленьні Камітэту дзяржбясьпекі гаворыцца пра трох затрыманых, адзін зь якіх нібыта вызначаецца адметнымі паводзінамі. Паводле супрацоўнікаў КДБ, ён раней неаднаразова тэлефанаваў у гэтую ўстанову ды скардзіўся на прадстаўнікоў улады.

Апошняя акалічнасьць дужа бянтэжыць яшчэ аднаго жыхара вуліцы Савецкай:

«Калі сыходзіць з таго, што ў нас народ уладам ня верыць зусім, дык у нас паўкраіны такіх „неадэкватных“, хто ў чымсьці ня згодны з уладамі. А куды КДБ глядзіць? Калі нехта неадэкватны можа нешта ўзарваць каля самага КДБ, дык звычайныя людзі проста безабароннымі сябе адчуваюць у гэтай краіне! І калі гэта здарылася ўчора там у 18.46, то чаму яны маўчалі да 10-й раніцы сёньня, немаведама чаго чакалі? А народ ужо ўзнэрваваны, і цяпер любым іхным тлумачэньням проста не паверыць!»

Маці абвінавачанага ў тэрарызьме і расстралянага за выбух у менскім мэтро Ўладзіслава Кавалёва праводзіць паралель паміж тымі і сёньняшнімі падзеямі. Любоў Кавалёва адзначае, што і тады, і зараз падазраваных «вылічылі» літаральна на працягу сутак:


Любоў Кавалёва

Любоў Кавалёва

«Ужо затрыманыя людзі, і невядома па якіх прыкметах затрыманыя... Усё раскрылі, не выходзячы з кабінэтаў! А КДБ ужо ў нас даўно няма даверу, і ўсе гэтыя выбухі ўжо пасьля расстрэлу хлопцаў — невядома, чыіх рук гэтая справа... Хлопцаў расстралялі, у тым ліку, за дзіцячыя пэтарды, а тут артыкул — „хуліганка“...»

Згодна з афіцыйнай вэрсіяй, выбухнула самаробная піратэхнічная прылада. І па гэтым факце распачата крымінальная справа ў адпаведнасьці з артыкулам 339 Крымінальнага кодэксу — за хуліганства.

Віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда перакананы, што разглядаць гэтую справу трэба зусім у іншым ключы:

«Гэта ж быў выбух каля якога будынка? Каля КДБ, мы ведаем гэтую кантору з 1937 году. Я лічу, гэта цалкам палітычная справа! Калі б звычайная „хуліганка“, то маглі б кінуць куды заўгодна. Але ж не — у органы ўлады, менавіта ў КДБ! Гэта выклік. Маўляў, бачыце, што можа быць, калі так далей усё будзе працягвацца ў нашым жыцьці!»

Імёнаў падазраваных пакуль не называюць. І жыхары Віцебску больш імпэтна абмяркоўваюць затрыманьне і сам выбух на інтэрнэт-форумах ці ў сацыяльных сетках, чымсьці на вуліцы ці ў краме. У горадзе не відаць ані ўзмоцненых міліцэйскіх патрулёў, ні АМАПу . Толькі каля будынка КДБ, усё яшчэ абнесенага чырвонай стужкай, дзяжураць міліцыянты і людзі ў цывільным. І хоць прайшлі ўжо амаль суткі, падыходзіць да месца выбуху катэгарычна забаронена.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG