Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўстралійскаму журналісту не вяртаюць канфіскаванае абсталяваньне


Нацыянальны аэрапорт «Менск»
Нацыянальны аэрапорт «Менск»

Аўстралійскаму тэлежурналісту Амасу Робэртсу дагэтуль не вярнулі забраную беларускімі мытнікамі тэхніку і асабістыя рэчы.

Ад моманту вынятку апаратуры ў журналіста мінула амаль два месяцы, а ад падачы скаргі ў Генэральную пракуратуру — паўтара.

«Нягледзячы на шматлікія звароты тэлеканалу SBS і запыты ад амбасады Аўстраліі ў Маскве, беларускія ўлады так і не патлумачылі, чаму мяне спынілі, чаму маё абсталяваньне было канфіскаванае і калі яго вернуць. Скарга, накіраваная ў Генпракуратуру больш за месяц таму, здаецца, трапіла ў бюракратычную карусель», — сказаў журналіст у гутарцы з прэс-службай Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Амас Робэртс меў афіцыйную акрэдытацыю пры МЗС і працаваў у верасьні цягам тыдня. У прыватнасці, журналіст здымаў сюжэт пра швэдзкі «плюшавы дэсант». У выніку ён так і ня змог зрабіць матэрыял і прызнаецца, што вельмі расчараваны пападаньнем асабістых дадзеных у рукі беларускіх спэцслужбаў:

«Cем тыдняў таму мытнікі і афіцэры КДБ у менскім аэрапорце вырашылі, што з-за майго інтарэсу да плюшавых мядзьведзяў я ўяўляў пагрозу бясьпецы, — кажа Амас. — Чыноўнік з адміністрацыі прэзыдэнта паабяцаў, што мая справа будзе разгледжана „вельмі ўважліва“. Я вітаю „ўважлівыя“ расьсьледаваньні, бо яны, несумненна, прывядуць да выбачэньняў і вяртаньня майго абсталяваньня. Спадар Лукашэнка, калі ласка, вызваліце майго плюшавага мядзьведзіка — ён ні ў чым не вінаваты!».
Спадар Лукашэнка, калі ласка, вызваліце майго плюшавага мядзьведзіка — ён ні ў чым не вінаваты!


21 верасьня Амас Робэртс меўся пакінуць Беларусь, але быў спынены пры праходжаньні мытнага кантролю ў аэрапорце «Менск-2». Прадстаўнікі мытных службаў і невядомыя ў цывільным забралі ў яго ўсю наяўную апаратуру і носьбіты інфармацыі — аж да мабільнага тэлефона. Пры гэтым палова апаратуры належала асабіста журналісту, а палова — тэлеканалу SBS. Назваць сябе гэтыя людзі адмовіліся. Аўстраліец, у сваю чаргу, адмовіўся падпісваць акт вынятку апаратуры, з-за чаго яму ня выдалі ніякіх дакумэнтаў, якія б пацьвярджалі, што нешта было забрана.

На наступны дзень журналіста па тэлефоне запрасілі на размову ў КДБ, але ён адмовіўся і скіраваўся ў аэрапорт. У часе пашпартнага кантролю да яго падышоў невядомы ў цывільным, які назваўся «прадстаўніком прэзыдэнцкай адміністрацыі», і папрасіў не разьдзімаць скандалу, паабяцаўшы, што найбліжэйшым часам яго рэчы вернуць. Амас Робэртс адляцеў зь Менску, але рэчы так і засталіся ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG