Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея прымушае Беларусь адмовіцца ад партоў краін Балтыі


Урады краінаў Балтыі стрымана адрэагавалі на заяву Аляксандра Лукашэнкі пра намер Беларусі пераарыентаваць перавалку сваіх грузаў на парты Ленінградзкай вобласці Расеі, паведамляе інфармацыйны партал Delfi.

У прыватнасьці, падчас сустрэчы кіраўнікоў МЗС Літвы, Латвіі і Эстоніі 9 лістапада ў Вільні было выказана спадзяваньне, што рашэньне Менску выклікана эканамічнымі, а не палітычнымі прычынамі. Гэтак, міністар замежных спраў Эстоніі Урмас Паэт сказаў, што «гэта ня справа дзяржаў, а справа партоў»: «Калі паглядзець больш уважліва, то можна пабачыць, як мяняюцца партнэры і аб’ёмы грузаў. Таму я не лічу, што мы павінны пераацэньваць гэтае пытаньне».

У сваю чаргу, міністар камунікацый і транспарту Літвы Элігіюс Масюліс зазначыў, што заява Аляксандра Лукашэнкі «не такая ўжо нечаканая». Паводле чыноўніка, апошнім часам было ўсё больш сведчаньняў таго, што ўплыў Расеі на беларускія прадпрыемствы, якія экспартуюць сваю прадукцыю праз балтыйскія парты, расьце: «Расея выставіла пэўныя ўмовы ў абмен на дапамогу, і Беларусі няма куды падзецца». Аднак ён лічыць, што дзейныя кантракты літоўскіх і беларускіх кампаній пра перавозку грузаў па чыгунцы церазь Літву і пагрузку ў Клайпэдзкім порце павінны быць рэалізаваныя.

Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў Менску з губэрнатарам Ленінградзкай вобласьці Аляксандрам Дразьдзенкам 9 лістапада сказаў, што пытаньне пра пераарыентацыю беларускіх грузаў на расейскія парты абмяркоўвалася падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным:

«Мы прынялі прынцыповае рашэнне пра пераарыентацыю вялікіх аб’ёмаў грузаў, у тым ліку калійных угнаеньняў, з партоў балтыйскіх дзяржаў на вашы парты. Прэзыдэнт адназначна падтрымаў гэтую ініцыятыву. Нам трэба дамовіцца з чыгуначнікамі Беларусі і Расеі й хутчэй рэалізаваць гэтыя дамоўленасьці».

Аднак улады краінаў Балтыі лічаць, што ўсе эканамічныя складнікі — кошт, хуткасьць і якасьць перавозкі грузаў — цалкам на іх баку. Порт у Санкт-Пецярбургу і новыя тэрміналы, што будуюцца ў гэтым рэгіёне, фізычна не гатовыя да дадатковага абслугоўвання вялікага аб’ёму грузаў. Кіраўніцтва Літвы, прыкладам, кажа, што пагрузкі ў Клайпэдзкім порце надзвычай разнастайныя, таму магчымае скарачэньне патоку беларускіх грузаў ня стане балючым.
XS
SM
MD
LG