Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячорка: 1,5 мільёна даляраў пайшлі не апазыцыі, а на ўтрыманьне КНГ АБСЭ


У часе онлайн-канфэрэнцыі на сайце Свабоды лідэр Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк абрынуўся з рэзкай крытыкай на адрас «так званай апазыцыі», якая, паводле ягоных слоў, за апошнія паўтара дзясятка гадоў нічога не зрабіла і праваліла ўсё, што можна было праваліць. Па словах Зянона Станіслававіча, цяперашняя апазыцыя была ўтворана колішнім кіраўніком місіі АБСЭ ў Менску Гансам-Георгам Вікам, а на яе «раскрутку» былі патрачаныя немалыя сумы грошай, што прызнаў і сам нямецкі амбасадар: «Гэтыя людзі ганебна памыліліся, паставіўшы на грошы і на чужога каня», — падсумаваў спадар Пазьняк.

Відавочна, Зянон Пазьняк меў на ўвазе суму, якую яшчэ ў 2004 годзе згадваў Ганс-Георг Вік у інтэрвію «Белорусской газете»: «У 1999 годзе Лукашэнка падпісаў Стамбульскія пагадненьні, у якіх узяў на сябе абавязаньні дыялёгу з апазыцыяй, забесьпячэньня дэмакратычных выбараў, свабоды слова, спыненьня ціску на СМІ. Ён усё гэта падпісаў!». Вырашыўшы, што подпіс прэзыдэнта нечага варты, АБСЭ выдзеліла 1,5 мільёна даляраў на падтрымку дыялёгу паміж урадам Беларусі й апазыцыяй. Пра тое, што сродкі былі адрасаваныя нейкай канкрэтнай палітычнай сіле, ня згадваецца.

Экс-старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка перакананы, што Зянон Пазьняк наўмысна падмяняе паняцьці, намагаючыся «прышпіліць» да апазыцыі нейкія ўяўныя гранты:

Вінцук Вячорка

Вінцук Вячорка

«Найперш, трэба адрэагаваць на паклёпніцкія заявы пра нібыта фінансаваньне тагачаснай апазыцыі Гансам-Георгам Вікам і Кансультацыйна-наглядальнай групай АБСЭ. Ва ўсялякім разе, ні я, ні партыя, дзе я тады старшыняваў, да гэтага фінансаваньня, калі яно і было, ня мелі ніякага дачыненьня. Гэта па-першае. Па-другое, я не палянаваўся ўважліва пачытаць крыніцу, а менавіта інтэрвію спадара Віка «Белорусской газете». Там ясна сказана: на мэты дыялёгу і дэмакратызацыі, пад якімі падпісаўся Лукашэнка ў Стамбуле, былі вылучаныя прыблізна 1,5 мільёна даляраў, і гэта быў бюджэт Кансультацыйна-наглядальнай групы АБСЭ. Гэта значыць, што КНГ АБСЭ, якая працавала ў Беларусі, здаецца, два з паловай гады, з гэтага бюджэту аплочвала свае выдаткі: арэнду, жытло для супрацоўнікаў, іхнія выправы, у тым ліку дадому, ня танных замежных экспэртаў, заробкі сабе і г. д. Напэўна, у той бюджэт КНГ АБСЭ таксама ўваходзіла паездка дэлегацыі беларускай апазыцыі ў Стамбул на саміт АБСЭ — на той гістарычны і важны саміт. І ў гэтай паездцы, дарэчы, браў удзел, за Вікавы, так сказаць, грошы, ня хто іншы, як Юры Беленькі — намесьнік Пазьняка па Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі.

Кожны, хто мае хоць нейкі досьвед у мэнэджэрскай арганізацыйнай працы, разумее і ведае, на што ідуць такія бюджэты. І, прызнацца, калі я пачуў Пазьняка, падумаў: няўжо такі спрактыкаваны ў выведцы і дыпляматыі «воўк» як Ганс-Георг Вік, раптам пачаў выплёскаваць на публіку нейкія факты пра нейкія сакрэтныя апэрацыі? Безумоўна, гэта глупства. Ён назваў тыя лічбы, тыя факты, якія відавочна адлюстроўваюцца ў дакумэнтах АБСЭ. Таму ніякіх сэнсацыяў няма, а рабіць высновы, якія зрабіў Пазьняк, — гэта проста паклёпнічаць на беларускія дэмакратычныя сілы. Нагадаю, што сам Пазьняк ад 1996 году па-за межамі Беларусі. Ведаць пра падзеі 1999-2000 гадоў непасрэдна ён ня мог, значыць, карыстаўся пэўнымі крыніцамі інфармацыі. Якія ў яго крыніцы — ён сказаў сам. Зрэшты, кожны сам сабе выбірае інфарматараў і дараднікаў: скажы мне, хто твой дараднік, і я скажу, хто ты».

Спадар Вячорка кажа, што, паводле лёгікі Зянона Пазьняка, толькі ён можа кіравацца ідэямі, а ўсе астатнія ў стане апазыцыі перасьледуюць выключна мэркантыльныя інтарэсы. З такім падыходам, лічыць Вінцук Вячорка, разьлічваць на кансалідаваную перамогу дэмакратыі дастаткова складана.

На абвінавачаньні Зянона Пазьняка адрэагаваў і іншы дэмакратычны палітык Лявон Баршчэўскі. У сваім разгорнутым камэнтары ён расказаў, што пры канцы 1990-х меў канфідэнцыйную сустрэчу з Гансам-Георгам Вікам і ўдакладніў, пра што канкрэтна вялася гаворка:

Лявон Баршчэўскі

Лявон Баршчэўскі

«Не магу змаўчаць, бо ў час Віка быў в. а. кіраўніка фронту на Беларусі. А цяпер павінен некаму даводзіць, што я не асёл. Увосень 1998-га Ганс-Георг Вік запрасіў мяне на размову. Я адмовіўся размаўляць у памяшканьні місіі АБСЭ, мы выйшлі ў поле, што было тады вакол нямецкага цэнтру ІВВ. Гаварылі больш за 2 гадзіны сам-насам, па-нямецку. Вік сказаў, што зусім не зьбіраецца ўмешвацца ў справы партый або рухаў у Беларусі, але яму здаецца, што калі б асноўныя палітычныя сілы мелі адзіную праграму і сцэнар, як дэмакратызаваць Беларусь, усім было б лягчэй. Калі ж гэтага ня будзе, «вакол хутка будзе Масква» («hier überall wird Moskau sein»). Я сказаў: важна, каб ён гэта сам сказаў Зянону Пазьняку, сустрэўся зь ім за мяжой. Мне здаецца, што такая сустрэча пазьней была. У кожным разе, на наступнай вузкай нарадзе кіраўніцтва БНФ, у якое тады ўваходзілі, між іншым, спадары Беленькі і Папкоў, я падрабязна расказаў пра размову зь Вікам. Натуральна, ні пра якія грошы, тым больш, пра такія шалёныя сумы, гаворка не ішла. Калі б яна была, пра гэта ведалі б тыя ж Папкоў ды Беленькі. Грашовымі пытаньнямі ў фронце тады займаўся іх блізкі калега Анатоль Крыварот — як адказны сакратар управы. Адкуль тады гэтыя намёкі на нейкія грошы? Калі мы нядаўна сустракаліся зь Зянонам Пазьняком у Варшаве, ён асабіста сказаў мне: «Я ведаю, Лявон, што ты ніякіх замежных грошай на палітычную дзейнасьць ніколі не атрымліваў — за гэта цябе і цаню».

Што да «розных калякіных і лябедзек», нічога сказаць не магу. Але можна любіць ці не любіць Анатоля і яго партыю, але застаецца фактам: Лябедзька за апошнія 15 гадоў быў не адзін раз моцна зьбіты і адседзеў не адзін месяц у турмах. Амаль усе зьніклыя і дзіўна памерлыя палітыкі (Захаранка, Карпенка, Ганчар) былі сябрамі АГП. Так, палітык мае права на любыя выказваньні, але павінен больш дакладна падбіраць словы — каб ніякае БелТА не магло іх перакруціць. Гавару гэта толькі цяпер, ведаючы, што спадар Вік даўно на пэнсіі (яму 84 гады), жыве ў прыгарадзе Бэрліна, і мае словы на яго кар’еры ўжо ніяк не адаб’юцца. Астатнім з завідушчымі вачыма скажу: калі б у беларускай апазыцыі калі-небудзь меліся сапраўды вялікія грошы, гэтай улады даўно б тут не было. Нездарма некалі Лукашэнка сказаў: „Гэтую апазыцыю трэба насіць на руках“. А гэты чалавек ня мае сантымэнтаў у галаве і прагаворваецца паводле Фройда: ведае, што супраць ягоных мільярдаў апазыцыя ня можа супрацьпаставіць нават некалькі соцень тысяч».

Тым часам у інтэрвію Свабодзе Зянон Пазьняк заявіў, што «гэтай апазыцыі, якая абанкруцілася, якая стлуміла грошы Захаду, якая нарабіла столькі шкоды беларускаму народу, трэба вымятацца з палітыкі, да аднаго чалавека, каб іх духу там не было!».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG