Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустрэча з адвакатам адбылася 9 лістапада, паведаміла жонка палітвязьня Марына Адамовіч. Паводле яе Мікалай Статкевіч пацьвердзіў, што яго перавялі ў іншую камэру, зь лепшымі ўмовамі, а раней яго наведаў праваслаўны сьвятар. Таксама Марына Адамовіч апавяла пра рэакцыю адміністрацыі магілёўскай турмы на скаргу Мікалая Статкевіча, што ў турме не выдаюць туалетнае прыладзьдзе, хаця грошы з пэнсіі на ўтрыманьне рэгулярна адлічаюць.

«Яго спрабавалі запэўніць, што зь ягонай пэнсіі, вось з тых сумаў, што ледзь не напалову вылічваюць, у гэта не ўваходзяць выдаткі на туалетную паперу, мыла, галякі й гэтак далей. Але ж, з новага году зьняволеным будуць выдаваць усё гэта ў гэтай турме. На гэта ён задае рытарычнае пытаньне, чаму толькі ў гэтай турме? Бо ён добра ведае, што не выдаюць гэтага ані ў Шклове, ані ў іншых установах турэмнай сыстэмы. У выніку людзі, якія ня маюць падтрымкі звонку, страшэнна азлабляюцца».

На просьбу пракамэнтаваць адстаўку старшыні КДБ Вадзіма Зайцава Марына Адамовіч выказалася гэтак.

«Ён кіраваў КДБ, узяў на сябе як кіраўнік ведамства адказнасьць за тое, што там адбывалася. За незаконныя ўтрыманьні, за зьдзекі, за незаконныя прысуды. Ад гэтага яму ўжо не адмыцца».

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня за падзеі 19 сьнежня. Беларуская апазыцыя, улады Эўразьвязу і ЗША дамагаюцца вызваленьня Статкевіча, якога лічаць палітвязьнем.
XS
SM
MD
LG