Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўная тэма сёньняшняй праграмы — «Сэксуальны гвалт у беларускіх турмах».

Адразу ўдакладнім, што пэўных фактаў і пацьверджаньняў таго, што падобныя выпадкі здараюцца ў беларускіх вязьніцах, мы ня маем. Тым ня менш пагрозы сэксуальнага характару, якія, паводле блізкіх некаторых палітвязьняў, дазваляюць сабе некаторыя турэмнікі на адрас асуджаных, а таксама жахлівыя падзеі ў Глданскай турме былой савецкай Грузіі, далі падставу, каб абмеркаваць гэтае пытаньне.

Чым лепшыя беларускія міліцыянты за грузінскіх?


На выстаўленых у інтэрнэце відэа з тбіліскай турмы бачна, як ахоўнікі гвалцяць зьняволеных гумовымі дубінкамі і нават венікам. На іншых відэа зьнята, як прыкладна 20 ахоўнікаў зьбіваюць па чарзе зьняволеных рукамі і нагамі.

Нярэдка сваякі беларускіх зьняволеных задаюць лягічнае пытаньне: а чым лепшыя беларускія міліцыянты за грузінскіх? Бо і адны, і другія выхаваныя на традыцыях савецкай пэнітэнцыярнай сыстэмы, дзе прыніжэньне чалавека ў турме, у тым ліку і сэксуальны гвалт, лічылася элемэнтам перавыхаваўчага працэсу.

На форуме нашай мінулай праграмы чытач, які назваўся Лёхам, пакінуў наступны допіс. Захоўваем асаблівасьці аўтарскай лексыкі.

«Жыву ў Беларусі, — піша Лёха, — а таму, як кажуць, ад сумы ды турмы не заракаюся. Таму часам і заходжу на ваш сайт, туды, дзе гэтая перадача. У сувязі зь нядаўнімі сэксуальнымі пагрозамі адміністрацыі Мазырскай калёніі на адрас палітвязьня Зьмітра Дашкевіча праз спасылкі выйшаў на вашу мінулагоднюю праграму пра гвалт у беларускіх турмах, у якой пытаньняў аказалася больш, чым адказаў. Ваш сталы наведнік, таксама з былых, напісаў камэнт, на які вы не адрэагавалі».

Далей Лёха дае спасылку на камэнт Зьмітра Каляды.

«Не шукайце чорнага ката ў цёмным пакоі — вы яго ня знойдзеце. Брыдка чытаць пра тое, што гвалцяць у турмах. Мусары на тое і мусары, каб палохаць самымі магчымымі наступствамі. Аднак гэта ня значыць, што гэта адбудзецца. (Калі толькі самі мянты не пачнуць нахабнічаць

Але такое наўрад ці магчыма ў калёніях, бо ўсё таемнае робіцца відавочным. У мусароў тады будуць вялікія праблемы.) Таму размовы пра магчымыя згвалтаваньні — гэта на карысьць бедных. Добрая адмазка для тых, хто падпісвае розныя паперы. Мы падпісалі, таму што пагражалі „апусьціць“. Мянты абяцаюць гэта ня толькі палітычным, а ўсім, каму лічаць патрэбным. Праца ў іх такая, мусарская. У той жа час многім яны такога ня скажуць, проста з-за таго, што гэтая пагроза не пракоціць.

Зразумела, нічога нельга выключаць. Няма роду без выроду (у нас у Беларусі пакуль яшчэ практыкуюцца прэс-хаты). На волі такія рэчы таксама могуць быць. Я не выключаю таксама, што самі пакрыўджаныя зь нейкіх уласных памкненьняў пішуць у СМІ і скардзяцца на сваю долю, распавядаючы пры гэтым нейкую жаласьлівую гісторыю пра сваё жыцьцё. Але ня трэба акцэнтаваць увагу на гэтым, ня трэба раздуваць праблему.

Заяўляю катэгарычна — у беларускіх турмах ня гвалцяць.

Калі такое мае месца, то гэта „бязьмежжа“, за якое прыйдзецца адказваць па ўсёй строгасьці арыштанцкага жыцьця. У вашых перадачах узгадваўся Сяргей Глушак. Спытаецеся ў яго, спытайцеся ў каго-небудзь з палітычных, ці гвалцілі іх падчас іхняй адседкі? І яшчэ. Трэба проста мець на ўвазе, што ў турмах, як і на волі, ёсьць людзі зь нетрадыцыйнай арыентацыяй. Яны ёсьць практычна ва ўсіх турмах сьвету. Адрозьненьне толькі ў назьве…»

Але ўсё ж — што стаіць за запалохваньнем вязьняў сэксуальным гвалтам? Ці гвалцяць іх насамрэч, ці накідаюць ім насуперак іхняй волі статус так званых «недатыкальных» або «апушчаных», мы абмяркуем разам зь Сяргеем Глушаком, які нядаўна вызваліўся з Івацэвіцкай калёніі пасьля 8 гадоў адседкі, і былым палітвязьнем, кіраўніком інфармацыйна-асьветніцкай установы «Плятформа» Андрэем Бандарэнкам, які адбываў пакараньне з 2009 па 2011 год у Бабруйску.


«Турэмнікі няспынна чапляюцца да чалавека»


Іншы былы палітвязень, доктар мэдыцыны, аўтар кнігі «Як выжыць у турме», урыўкі зь якой кожны тыдзень гучаць на нашым радыё, Юры Бандажэўскі называе запалохваньні рознага кшталту элемэнтам магутнага псыхалягічнага прэсінгу. Гэты прэсінг чыніць на «нязручных» зьняволеных турэмная адміністрацыя (часам пры дапамозе іншых сядзельцаў), каб «зламіць волю канкрэтнага чалавека і растаптаць яго як асобу».

Юры Бандажэўскі адзначае: «Турэмнікі няспынна чапляюцца да чалавека, нярэдка кіраўніцтва папраўчых установаў „прэсуе“ зьняволенага з дапамогай некаторых зэкаў. Пагрозы зазналі многія палітвязьні. Ня быў выключэньнем і я».

Рэкамэндацыі прафэсара, з чаго трэба пачынаць, каб супрацьстаяць падобным пагрозам, а таксама архіўныя запісы былых палітвязьняў Васіля Лявонава, Анатоля Лябедзькі, асуджанага Магілёўскай «крытай» турмы Міколы Статкевіча пра тое, што трэба рабіць, каб не зламацца, вы зможаце пачуць у аўдыёвэрсіі перадачы.



Паводле Анатоля Лябедзькі, калі чалавек трапіў у турму, яму трэба думаць пра ўмацаваньне ўласнага духу ды фізычнай формы.

«Калі чалавек мае моцны дух, то гэта рана ці позна падцягне слабую фізычную падрыхтоўку да нейкага вышэйшага ўзроўню. Калі ж няма духу, то тады, нават калі ў цябе Богам дадзеныя нейкія выдатныя фізычныя кандыцыі, ты ня здолееш іх разьвіваць.: Пачынаць трэба зь пераадоленьня ляноты і выйсьця з дэпрэсіўнага стану. У „амэрыканцы“ ў мяне, як і ў кожнага, было шмат часу. Даволі хутка я сказаў сам сабе: або ты будзеш сядзець, сумаваць, думаць пра нешта дрэннае — ці будзеш займацца сам сабой як інтэлектуальна, так і фізычна. На кожны дзень у мяне было сваё хатняе заданьне: падчас абавязковай прагулкі ў турэмным двары, незалежна ад таго, дождж, сьнег, сонца — тысячу разоў адціснуцца. У турэмнай адміністрацыі існуе культ сілы. Калі яны бачаць, што чалавек змагаецца за тое, каб быць у добрай форме, то пачынаюць ставіцца паблажліва».
На кожны дзень у мяне было сваё хатняе заданьне: падчас абавязковай прагулкі ў турэмным двары, незалежна ад таго, дождж, сьнег, сонца — тысячу разоў адціснуцца


Тым часам, лічаць псыхолягі, нечаканае запалохваньне сэксуальным гвалтам асабліва моцна б’е па псыхіцы чалавека, які несправядліва трапіў за краты. Такое запалохваньне нярэдка параўноўваецца з катаваньнямі.

Летась у верасьні дачка Мікалая Статкевіча — Кацярына Статкевіч распавяла журналістам, што бацька ў тэлефоннай размове са Шклоўскай калёніі расказаў: да яго шмат разоў зьвярталіся, каб ён напісаў Лукашэнку просьбу аб памілаваньні, а цяпер ён застаўся ў Шклоўскай калёніі адзіным палітычным — іншыя, маладыя хлопцы, былі вымушаныя падпісаць просьбы аб памілаваньні, бо ім пагражалі згвалтаваньнем.

Як адзначаюць некаторыя нашы слухачы і чытачы, якія маюць родных за кратамі, падчас так званых «хрэсьбінаў» у калёніі з удзелам начальства вязьні, калі не супрацоўнічаюць з адміністрацыяй, чуюць ад турэмнікаў абразы сэксуальнага характару, а таксама пагрозы надаць ім нізкі турэмны статус.

Чаму ўскрыўся Аўтуховіч?


Вядома, што турэмная сыстэма ў Беларусі, як і ў любой постсавецкай рэспубліцы, пабудаваная на старых савецкіх турэмных традыцыях, а таму прыніжэньне чалавека ў турме, у тым ліку і сэксуальны гвалт, лічыцца тут элемэнтам перавыхаваўчага працэсу. Гэтым жа мэтам служыла і служыць своеасаблівая каставая сыстэма, у аснове якой паняцьці, зьвязаныя з сэксуальным гвалтам. Самы нізкі статус «апушчанага», або недатыкальнай асобы, надаецца таму, каго гвалцяць.

На думку праваабаронцаў «Плятформы», у захаваньні такой каставай сыстэмы зацікаўленыя найперш прадстаўнікі праваахоўных органаў. У тых жа СІЗА часам толькі сэксуальнымі запалохваньнямі сьледчым удаецца атрымаць ад падсьледных адпаведныя паказаньні ды прызнаньні. Галоўнае, што раяць у такіх выпадках навічкам-арыштантам, — гэта не баяцца падобных запалохваньняў.

Андрэй Бандарэнка, які адседзеў за кратамі крыху больш за год, прызнае: калі ў грамадзтве існуюць гамафобскія настроі, то непрыязь да людзей зь нетрадыцыйнай арыентацыяй у турме яшчэ мацнейшая, чым на волі. Чалавека могуць абражаць усяляк. З уласнага досьведу праваабаронца ведае: каб выстаяць, патрэбная вялікая сіла, а яшчэ — здольнасьць заставацца чалавекам і веданьне законаў турмы. Гэта цэніцца сукамэрнікамі. Што да самога сэксуальнага гвалту, то за ўвесь час сваёй адседкі ён ніколі не сутыкаўся з такімі выпадкамі і нават ня чуў пра іх. Не паступала падобных скаргаў ад вязьняў і ў інфармацыйна-асьветніцкую ўстанову «Плятформа».

Сяргей Глушак, які за сваё 40-гадовае жыцьцё адбываў пакараньне ў розных папраўчых установах, лічыць, што ў беларускіх турмах ня пойдуць на такі гвалт.

«Ніхто на гэта ніколі ня пойдзе. Гэта раней, у 1980-я, былі „прэс-хаты“, тая ж гарадзенская „крытка“, там былі сядзельцы-крымінальнікі, якім не было чаго губляць. Ну, і трэба было нейкага арыштанта правучыць, зьбіць, дык яго і кідалі ў тую камэру.Такая была сваволя. Аднак потым гэта ўсё кудысьці сышло. У нас дзейнічаюць свае непісаныя законы. Чалавек можа атрымаць фізычна, вэрбальна за нейкі ўчынак. Аднак такога пакараньня, каб кагосьці згвалціць — няма. Бо калі такое здараецца ў камэры, то чалавек ці некалькі людзей, якія ўчынілі такое, яны абавязкова будуць трымаць адказ перад зэкамі, куды б яны ні паехалі, дзе б яны ні апынуліся. Я маю на ўвазе такі варыянт, калі нейкага маладзенькага сымпатычнага хлопчыка, гэтак мовіць, „пераканалі“ (знайшлі аргумэнты) ці прымусілі да сэксу. У гэтым выпадку ніводзін не пазьбегне адказнасьці. Гэта ўсе цудоўна разумеюць».

«Свабода ў турмах: «Але якім чынам і за што вязень можа атрымаць статус „недатыкальнага“ або „пеўня“?»
Увогуле, калі чалавек не захоча атрымаць гэты статус, ён ніколі яго не атрымае. Разумны чалавек ня зробіць нейкіх нечаканых памылак


Глушак: «Гэта калі чалавек па сваёй прыродзе і волі нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі, калі ён сам сябе так пазыцыянуе. А так, у іншых выпадках, у нас дзейнічаюць свае непісаныя законы… З гэтымі людзьмі нельга ні вітацца, ні піць гарбату, напрыклад… Калі кагосьці кідаюць да іх у камэру, то ён мусіць настойваць на сваім высяленьні адтуль або іх выгнаць… Калі ён ведае, што трапіў да «пакрыўджаных», і п’е зь імі гарбату — натуральна, ён трапляе ў гэтую катэгорыю. Калі ня ведае, то нічога зь ім ня будзе. Атрымаюць па вушах тыя ж «пакрыўджаныя», што не паведамілі… Увогуле, калі чалавек не захоча атрымаць гэты статус, ён ніколі яго не атрымае. Разумны чалавек ня зробіць нейкіх нечаканых памылак.

У гэтай сувязі варта ўзгадаць выпадак, які здарыўся летась у Івацэвіцкай калёніі. Размова ідзе пра спробу суіцыду палітвязьня Мікалая Аўтуховіча. Дарэчы, пра гэта «Свабодзе» паведаміў Сяргей Глушак. І на наступны дзень ад некаторых праваабаронцаў, якія ведалі Аўтуховіча, можна было пачуць, што падставай для гэтага стаў перавод палітвязьня ў камэру зь людзьмі зь нізкім статусам. Сяргей Глушак шмат кантактаваў зь Мікалаем Аўтуховічам, калі сядзеў у Івацэвічах.

Глушак: «Чаму Коля ўскрываўся там? Таму што яго падставілі турэмныя афіцэры. Учынілі подласьць насуперак слову афіцэра. А для яго, чалавека з высокім пачуцьцём адказнасьці, слова афіцэра — гэта не пусты гук. І ад гэтага ён моцна пакутаваў. Іншага выйсьця, зь ягонага гледзішча, не заставалася. Сьцьвярджаць, што яго, воіна-аўганца, можна было напалохаць нейкім гвалтам ці статусам — сьмешна. Нас зь ім і яшчэ аднаго вязьня пакаралі за званкі на „Свабоду“. Зразумела, афіцыйныя падставы былі розныя. Коля, напрыклад, сеў у ШЫЗА за тое, што не хадзіў у сталоўку. Мы сядзелі ў камэрах насупраць адна адной. Час ад часу бачыліся, аднак размаўляць удавалася часьцей. Увечары. Там труба, празь якую крычыш… Вось так размаўлялі».

Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

«Свабода ў турмах»: «Як увогуле ставіліся ў вас да палітвязьня Аўтуховіча?»

«Тым, хто асабіста зь ім быў знаёмы — яго не хапае. Яго гэтай зімой пасьля суду перавялі ў Гарадзенскую „крытку“ як злоснага парушальніка дысцыпліны. Колю паважалі і хадзілі да яго па дапамогу і падтрымку. Я сам бачыўся зь ім штодня. Але агулам стаўленьне да такіх людзей тое ж, што і ў грамадзтве. Былі тыя, хто проста не заўважыў, што яго перавялі. А многія нават і ня ведаюць, што такое палітвязень, хто гэта такі…»

Што стаіць за запалохваньнем?


І Сяргей Глушак, і Андрэй Бандарэнка лічаць: пагроза сэксуальным гвалтам у беларускіх турмах — недапушчальны псыхалягічны ціск. У беларускіх турмах, адрозна ад расейскіх ці грузінскіх, ня гвалцяць сэксуальна. Аднак праз каставую сыстэму могуць раздушыць чалавека маральна, зрабіўшы зь яго «пеўня». І такія скаргі ў «Плятформу» паступаюць. Турэмная градацыя будзе захоўвацца ў Беларусі да таго часу, пакуль у самім грамадзтве ня зьменіцца стаўленьне да меншасьцяў. Хоць, дзеля справядлівасьці, трэба адзначыць: гэтыя вельмі моцныя некалі каставыя традыцыі паступова пачынаюць сыходзіць, — кажуць суразмоўцы.

Зь іншага боку, тая жорсткасьць, якую апошнім часам дэманструюць у дачыненьні да мірных грамадзянаў міліцыянты, выклікае шмат пытаньняў.

Наша праграма адкрытая для дыскусіяў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG