Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску з рэвізіяй прадстаўнікі Міжнароднай фэдэрацыі хакею: спартовых функцыянэраў цікавіць, як ідзе падрыхтоўка да чэмпіянату сьвету-2014. Тым часам выглядае, што «штампаваць» лядовыя палацы дзеля падтрыманьня іміджу хакейнай дзяржавы беларускім уладам усё цяжэй. Сродкаў бракуе на самае неабходнае, таму забавы даводзіцца адкладаць на потым. Нават на радзіме прэзыдэнта ў Шклове вось ужо два гады справа ня рухаецца далей за выкапаны катлаван, а ў Воршы спартовы аб’ект на 3,5 тысячы месцаў пераўтварыўся ў даўгабуд — лядовую арэну тут узводзяць ужо больш за пяцігодку. Ці прыйдзецца скарэктаваць праграму татальнай «хакеізацыі» краіны?

У Воршы падмурак пад будучы лядовы палац заклалі яшчэ да «Дажынак», якія тут ладзіліся ў 2008 годзе. Аднак ашчасьлівіць гараджанаў вялікім крытым катком не ўдаецца дагэтуль — ці то занадта размахнуліся з аб’ёмам (арэны большай умяшчальнасьці ёсьць толькі ў Менску і Бабруйску), ці справа ў элемэнтарным «нямэтавым выкарыстаньні сродкаў». Мясцовыя бачаць яшчэ і іншую прычыну — нефартовае месца. Акурат тут яшчэ за савецкім часам меліся збудаваць вялікі моладзевы цэнтар, але пасьля двух дзясяткаў гадоў парэшткі нерэалізаванай ідэі было вырашана зруйнаваць пад новы амбітны праект:

Спадар: «На безгаспадарчым надзеле, дзе калісьці хацелі ўзьвесьці моладзевы цэнтар, наважыліся збудаваць лядовы палац. У прынцыпе, добрая ідэя, бо Ворша — горад з досыць вялікімі традыцыямі. Нават калі ўзяць канькабежца Ігара Жалязоўскага: вырас як спартовец тут, і першыя ягоныя трэнэры былі таксама адсюль. Займаўся на звычайным катку на льнокамбінаце. Праўда, у Воршы неяк ніколі не было хакею на лёдзе. А вось па хакеі на траве каманда нядрэнная. На базе таго ж ільнокамбінату зрабілі стадыён, паклалі штучнае пакрыцьцё — толькі дзеля таго, каб дзяўчаты гулялі, трэніраваліся. І яны там нармальна „калупаюцца“, добрыя паказваюць вынікі».

Толькі апошнім часам абрысы навабуду пачалі нагадваць спартовы аб’ект. Праўда, за высокім алюмініевым плотам ня надта што ўбачыш. Каб не было сумненьняў, на фасадзе зьверху зьявілася ўдакладненьне па-расейску — «Ледовая Арена». Аднак да завяршэньня будоўлі няблізка. Прынамсі, усю тэрыторыю вакол «арены» цяжкая тэхніка ператварыла ў багну.

Мясцовая жыхарка наракае, што нідзе ў іншых сталіцах «Дажынак» так не марудзілі зь лядовым палацам, які ўсім сваім выглядам павінен сымбалізаваць годную падрыхтоўку да сьвята:

«Ідэя была нармальная. Напэўна, усе нашы жыхары хацелі б такі палац. Тым больш — „Дажынкі“. Усюды, дзе яны праводзіліся, такія комплексы ўжо ёсьць. Але з „Дажынак“ 2008 году мінулі 4 гады, гэта значыць, што лядовы палац будуецца ўжо 5 ці 6 гадоў мінімум. І ён яшчэ не дабудаваны. Магчыма, вельмі вялікі, а магчыма, усё ж не разьлічылі грашовыя сродкі. Можа, грошыкі пайшлі проста не туды, куды трэба».

Аршанцы схіляюцца да таго, што грошы на лядовы палац былі ці элемэнтарна скрадзеныя, ці папросту змарнаваныя ад традыцыйнай безгаспадарнасьці.

Спадарыня: «Ня выключана, што грошы закаталі, ня ведаю, у асфальт, калі рабілі пешаходныя дарожкі. Сёньня зрабілі ходнікі, плітку паклалі, а празь некаторы час яе зноў сталі перакладваць. Закапалі грошы ў зямлю. Значыць, не было кантролю, мы так лічым. І гэта абуральна, што няма кантролю за тым, што робіцца. А вось каб было так: людзі абы-як паклалі, потым здарыўся нейкі казус, і каб яны выправілі недахопы за свае грошы, то больш такога сабе не дазволілі б рабіць. Але, на жаль, няма кантролю за выкананьнем працаў».

І калі лядовы палац у Воршы, мяркуючы па ўсім, прынамсі ў наступным годзе ўсё ж зафункцыянуе, то жыхарам Шклова пакуль такая пэрспэктыва ня сьвеціць. Гаворыць дэмакратычны актывіст, зямляк ініцыятара масавай «хакеізацыі» беларусаў Аляксандра Лукашэнкі, шклаўчанін Рыгор Кастусёў :

«Яго пачалі будаваць у 2010 годзе: навазілі грунт, забілі па́лі, але на ўзроўні падрыхтоўкі пляцоўкі справа замарозілася. Паказальна, што гэты лядовы палац, дакладней — пляцоўка, разьмяшчаецца якраз каля мосту, які гэтым летам у Шклове ўрачыста адкрываў Лукашэнка. І ўсю гэтую сытуацыю ён назіраў, бо ня ўбачыць ня мог фізычна. Да таго ж крыху далей — верталётная пляцоўка, на якую ён прызямляецца. Толькі сапсавалі тэрыторыю, бо ўсё гэта на беразе Дняпра, дзе раней людзі адпачывалі. Сама па сабе задумка для мяне як шклаўчаніна, скажу шчыра, была добрая. Бо там плянаваўся ня толькі лядовы палац, але і басэйн, і летні амфітэатар, і лыжаролерная траса, і прыстань для прагулачных катэраў. Ідэя была клясная, іншая справа, што з грашыма, як заўсёды, складана. Цяпер будоўля стаіць і нічога ня робіцца».

У адпаведнасьці зь дзяржаўнай праграмай разьвіцьця хакею ў Беларусі да чэмпіянату сьвету 2014 году па ўсёй краіне павінны паўстаць больш за паўсотні лядовых палацаў. Найперш хакеізацыяй ахопленыя абласныя цэнтры, а таксама гарады, у якіх ладзяцца «Дажынкі». Аднак за паўтара года да ўсясьветнага першынства плян па арэнах выкананы толькі напалову, і тэмпы ўзьвядзеньня спартовых аб’ектаў заўважна зьніжаюцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG