Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што магло стаць прычынай адстаўкі старшыні КДБ? Ці можна зьвязваць гэта з барацьбой кланаў у кіраўніцтве Беларусі? Якую вагу мае КДБ сярод іншых сілавых структураў? На гэтыя пытаньні адказвае галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня «Ежедневник» Сяргей Сацук.

— Часам пэўныя зьмены ў беларускіх сілавых структурах назіральнікі разглядаюць як барацьбу пэўных кланаў у атачэньні Лукашэнкі. Ці ўпісваецца адстаўка Зайцава ў гэтую парадыгму, у вэрсію барацьбы кланаў?

Не. Барацьбы кланаў у нас ужо гады тры як няма. Даўно ўсе кланы, якія змагаліся паміж сабой, ліквідаваныя. Застаўся адзін клан — Віктара Лукашэнкі, іншых даўно няма. Я думаю, што гэта звычайная ратацыя кадраў, і Зайцаў у хуткім часе ўсплыве на іншай пасадзе.

— Ён ня так шмат папрацаваў на гэтай пасадзе, да таго ж ён досыць малады…

— Вось таму што малады, гэта і падобна да звычайнай ратацыі. Калі б быў стары, гэта азначала б, што яго хочуць назаўжды адставіць.

Сур’ёзных прэтэнзіяў КДБ апошнім часам прад’явіць няма за што. Адзінае — «плюшавы дэсант», але гэта недапрацоўка памежнікаў. Хоць нядаўна быў зьняты кіраўнік контравыведкі, і таму тут можа быць сувязь менавіта з плюшавым дэсантам.

— Якую ролю зараз грае КДБ сярод іншых сілавых структураў? Ці самы ён галоўны, ці, напрыклад, ахова прэзыдэнта вышэйшая?

— КДБ дакладна ня самы галоўны. Ахова прэзыдэнта можа даваць распараджэньні супрацоўнікам КДБ. Калі ж глядзець па функцыях, то ў КДБ функцыяў значна больш.

Зараз самая галоўная структура — гэта Сьледчы камітэт. У КДБ хоць сьледзтва засталося, але вельмі вузкае, толькі тое, што тычыцца нацыянальнай бясьпекі. Астатняе ў іх адабралі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG