Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Шапэн, Мальер, Напалеон II, Кафка, Максім Багдановіч — усе гэтыя выбітныя людзі памерлі ад сухотаў. Гэтую цяжкую інфэкцыйную хваробу, вядомую з глыбокай старажытнасьці, лекары дагэтуль не перамаглі. Летась у сьвеце ад сухотаў памерла больш за паўтара мільёна чалавек. Адна траціна насельніцтва Зямлі інфікаваная палачкай Коха. Найбольш высокая захворвальнасьць на сухоты адзначаецца зараз у Афрыцы — 130 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва. У краінах Эўропы сярэдні паказьнік — 50 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва. Як выглядае сытуацыя з сухотамі ў Беларусі?

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2011 годзе ў Беларусі сярэдні паказьнік захворвальнасьці на сухоты — 41,1 выпадка на 100 тысяч насельніцтва. У Магілёўскай і Гомельскай абласьцях — 50 выпадкаў на 100 тысяч. Больш за 10 тысяч беларусаў пакутуюць на актыўную форму тубэркулёзу. Летась на сухоты ў краіне захварэлі 3900 чалавек, у тым ліку 63 дзіцяці. Мэдыкі адзначаюць паступовае зьніжэньне — пік захворваньняў прыпаў на 1990-я гады, калі штогод у Беларусі выяўлялі больш за 5 тысяч тых, хто захварэў упершыню.

Лекар навукова-практычнага цэнтру пульманалёгіі і фтызіятрыі, кандыдат мэдычных навук Алег кажа, што апошнім часам зьмяніўся сацыяльны склад ягоных пацыентаў:

«Зараз сухоты — гэта такая хвароба, на якую пакутуюць ужо шмат нармальных людзей, якія не ўваходзяць ні ў якія групы рызыкі, ніколі не былі ў кантакце з хворымі. Захварэў — выявілі сухоты. Цалкам нармальныя людзі».

Другая асаблівасьць — хвароба стала больш падступнаю. Паводле міжнароднай клясыфікацыі, Беларусь уваходзіць у лік 27 краінаў з высокай доляй так званага мультырэзыстэнтнага тубэркулёзу, устойлівага да сур’ёзных супрацьсухотных лекавых сродкаў. Краінавы каардынатар праграмы барацьбы з сухотамі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя Валянцін Русовіч апавёў:

«Парадку 32% (а гэта лічыцца высокім узроўнем сярод наноў выяўленых пацыентаў з тубэркулёзам) маюць мультырэзыстэнтны штам, які лечыцца больш складана і працягла».

Да таго ж 70% сярод выпадкаў паўторнага лячэньня складаюць хворыя з мультырэзыстэнтнымі формамі сухотаў. Практыкуючы лекар РНПЦ пульманалёгіі і фтызіятрыі Алег кажа:
Калі сухоты з шырокай лекавай устойлівасьцю, то верагоднасьць вылечыць іх значна меншая, чым пры раку лёгкага


«Рэзыстэнтныя формы сухотаў, мультырэзыстэнтныя, шырокарэзыстэнтныя — яны маюць высокую сьмяротнасьць. Паміраюць пэрыядычна і нармальныя людзі ад тубэркулёзнага мэнінгіту, калі лёгкія ўжо зусім развальваюцца. Шырокую лекавую ўстойлівасьць практычна вылечыць нельга. Калі сухоты з шырокай лекавай устойлівасьцю, то верагоднасьць вылечыць іх значна меншая, чым пры раку лёгкага».

Паводле інфармацыі галоўнага пазаштатнага пульманоляга краіны, дырэктара РНПЦ пульманалёгіі і фтызіятрыі Генадзя Гурэвіча, сьмяротнасьць ад тубэркулёзу летась склала 7,7 чалавека на 100 тысяч насельніцтва.

У пэнітэнцыярнай сыстэме, якая заўжды была вельмі закрытай, сытуацыя з тубэркулёзам застаецца складанай, хоць пэўныя зрухі, дзякуючы праграмам Глябальнага фонду і Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, усё ж ёсьць, кажа Валянцін Русовіч:

«Калі параўнаць, то 7 гадоў таму была такая пікавая сытуацыя — у 7 разоў большая захворвальнасьць сярод зьняволеных, чым сярод цывільнага насельніцтва, — то зараз яна зьніжаецца. Але ўсё адно ў 3,5 раза большая, калі параўнаць з цывільным насельніцтвам».

Паводле зьвестак Інфармацыйна-адукацыйнай установы «Плятформа», у месцах пазбаўленьня волі прыкладна 2 тысячы вязьняў пакутуюць на сухоты.

Прадстаўнікі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, каардынатары праекту ААН, — бадай, адзіныя, каго часам дапускаюць у Рэспубліканскі турэмны шпіталь у Воршы, дзе лечацца зьняволеныя. Апошні раз яны былі там у кастрычніку, кажа Валянцін Русовіч:

«Будынак шпіталя непрыстасаваны і стары (з 1960-х гадоў), і пабудаваны без выкананьня асаблівых стандартаў інфэкцыйнага кантролю. Там якая асноўная праблема — вялікая скучанасьць. І зараз адмовіліся ад рэканструкцыі гэтага шпіталя з-за недахопу сродкаў. Да апошніх дзён была надзея на рэканструкцыю Рэспубліканскага турэмнага шпіталя, а цяпер прынялі рашэньне, што ня будуць ні рэканструяваць, ні будаваць новы шпіталь. У лепшым выпадку будуць толькі рамонтныя працы».

Нядаўна зьявілася інфармацыя пра значны рост сухотаў ва ўстановах пэнітэнцыярнай сыстэмы, пра ўсплёск захворваньняў у Івацэвіцкай калёніі. З-за перапоўненасьці Аршанскага шпіталя хворыя застаюцца ў мэдсанчастках калёніяў.

У 2011 годзе прымусова лячыліся паводле рашэньня суду каля 1 тысячы хворых на сухоты. У Беларусі некалькі мэдычных установаў закрытага тыпу: у Багушэўску (Сеньненскі раён Віцебскай вобласьці), у Наваельні (Дзятлаўскі раён Гарадзенскай вобласьці), у Воўкавічах (Дзяржынскі раён Менскай вобласьці). Ва ўсіх установах праблемы адны і тыя ж: пацыенты пэрыядычна абвяшчаюць галадоўкі на знак пратэсту супраць дрэнных умоваў утрыманьня (усе ўстановы пабудаваныя больш за 40 гадоў таму), а мясцовыя жыхары скардзяцца, што хворыя на сухоты свабодна ходзяць па населеных пунктах.

Прынамсі, у Багушэўску адну праблему быццам бы разьвязалі, кажа актывіст грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Мікалай Петрушэнка:
Паставілі міліцэйскія пасты і больш-менш спынілі доступ хворых за межы гэтага гарадка


«Вельмі ўзмацнілі ахову, абнесьлі калючым дротам на грошы, выдзеленыя Ўсясьветнай арганізацыяй аховы здароўя. Паставілі міліцэйскія пасты і больш-менш спынілі доступ хворых за межы гэтага гарадка».

Гэта адбылося зусім нядаўна — перад парлямэнцкімі выбарамі праўладны кандыдат у дэпутаты Аляксандар Папкоў выканаў наказ выбарцаў. А ў астатнім, кажа спадар Петрушэнка, —

«Галоўны ўрач засталася тая ж самая, доступу грамадзкасьці туды няма, дэпутатам абраны начальнік пасялковай міліцыі. Там праблемы толькі нарастаюць. Паводле апошніх чутак, месяц таму была галадоўка пратэсту».

Але колькасьць хворых на прымусовым лячэньні будзе павялічвацца. Сёлета ў ліпені ўступіў у сілу Закон «Аб прадухіленьні распаўсюду захворваньняў, якія ўяўляюць небясьпеку для насельніцтва», згодна зь якім накіроўваць на прымусовае лячэньне будуць ня толькі бактэрыявыдзяляльнікаў, але і ўсіх, хто адмаўляецца лячыцца амбуляторна.

Адмыслоўцы кажуць, што гэта апраўдана. Лекар НРПЦ пульманалёгіі і фтызіятрыі Алег выказаў такое меркаваньне:

«Чалавек, які выдзяляе мікабактэрыі сухотаў (да прыкладу, у яго шырокая лекавая ўстойлівасьць і яго ня могуць вылечыць і ня могуць спыніць бактэрыявыдзяленьне) — у ідэале ён павінен знаходзіцца ў ізаляцыі. То бок яго павінны трымаць ва ўстановах паліятыўнай тэрапіі».

На думку прадстаўніка краінавага бюро Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя Валянціна Русовіча, прымусовая ізаляцыя павінна існаваць толькі як крайняя мера. Міжнародныя арганізацыі прапануюць пашырыць магчымасьці амбуляторнага лячэньня і матываваньня пацыента — зацікаўліваць яго сацыяльнай дапамогай, прадуктовымі пакетамі, як гэта робіцца ва ўсім сьвеце:

«Ёсьць, вядома, людзі з праблемамі сацыяльнымі, вызваленыя зь месцаў пазбаўленьня волі. Але бальшыня пацыентаў шпіталяў — гэта ціхія людзі з алькагольнай залежнасьцю. Калі да іх прыходзіць дамоў і даваць прэпараты, такі пацыент пасьпяхова завершыць лячэньне, калі такая сыстэма ёсьць. У многіх краінах гэта практыкуецца, выдзяляецца на кожнага пацыента мэдсястра, якая штодзень наведвае хворага. І курс лячэньня — ад 6 месяцаў да 1,5 года амбуляторна».
У любым выпадку, калі чалавек кашляе, трэба праверыцца на сухоты


Але на гэта патрэбныя сродкі, якіх заўжды не хапае. З 2005 году ў Беларусі працуе дзяржпраграма «Тубэркулёз», якая павінна працягвацца кожныя 5 гадоў. Гранты на барацьбу з сухотамі з 2007 году выдзяляюць Усясьветная арганізацыя аховы здароўя і Глябальны фонд. Зараз дзейнічае праект Глябальнага фонду «Ўкараненьне стратэгіі „Стоп ТБ“ у Беларусі». Тэрмін дзеяньня — 2011–2015 год.

Каардынатар праекту Вольга Атрошчанка: «Агульны аб’ём фінансаваньня — 27 мільёнаў 800 тысяч даляраў. На сёньняшні дзень падпісана пагадненьне на фінансаваньне першай фазы — да канца 2013 году 17 мільёнаў 330 тысяч. Да 2015 году будзе выдзелена яшчэ больш за 10 мільёнаў. На пэнітэнцыярную сыстэму прадугледжана 2 мільёна даляраў ЗША».

Цяпер у Беларусі няма абавязковай флюараграфіі, абавязковых прышчэпак дзецям — так званых «манту» і «пірке». Раньняя дыягностыка сухотаў — на адказнасьці самога чалавека. Кашаль, высокая тэмпэратура, рэзкае зьніжэньне вагі, патлівасьць — вось асноўныя сымптомы хваробы. Лекар-пульманоляг раіць:

«У любым выпадку, калі чалавек кашляе, трэба праверыцца на сухоты. Прынамсі, выключыць тубэркулёз. Няхай выявяць пнэўманію, бранхіт, абы не тубэркулёз».
XS
SM
MD
LG