Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязьні ГУЛАГу прапануюць Пазьняку супрацоўніцтва


«Мы прапануем Зянону Пазьняку і КХП-БНФ супрацоўніцтва ў справе абароны Курапатаў — месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій пэрыяду сталінізму, паколькі мэмарыял патрабуе пільнай увагі грамадзкасьці», — гаворыцца ў заяве, якую падпісалі вязьні ГУЛАГу Ўладзімер Раманоўскі, Сяргей Ханжанкоў, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, гісторыкі Ларыса Андросік і Ігар Кузняцоў, культуроляг Вацлаў Арэшка.

Аўтары заявы адзначаюць: «Спадар Пазьняк беспадстаўна абвінавачвае нас і чапляе на нас ярлыкі (...) Мы вельмі ўстрывожаныя тым, што такія дзеяньні старшыні КХП-БНФ спрыяюць ня справе аб’яднаньня грамадзянскай супольнасьці, а яе расколу. Недапушчальна дзяліць памяць пра бязьвінна загубленых ахвяраў сталінізму паводле нацыянальнай, канфэсійнай ці сацыяльнай прыкметаў. Мы супраць любых спробаў манапалізацыі праўды на гісторыю палітрэпрэсій 1920–1950-х гадоў. Мы супраць любых спробаў „прыватызацыі“ месцаў расстрэлаў і пахаваньняў ахвяраў сталінскага тэрору».

«Мы адмаўляемся ад далейшай дыскусіі з старшынёю КХП-БНФ да той пары, пакуль краіна ня вернецца з абсурднага ў нармальны стан, калі людзі шукаюць вытокі сваіх праблемаў ня ў іншых, а ў сабе», — кажуць аўтары звароту.

Канфлікт вакол Курапатаў

28 кастрычніка старшыня КХП-БНФ Зянон Пазьняк скрытыкаваў намер паставіць у Курапатах памятны знак забітым польскім афіцэрам.

У звароце Пазьняка, які быў зачытаны на мітынгу ў Курапатах, гаворыцца: «Нядаўна адна такая асоба паведаміла, што група расейскага „Мэмарыялу“ ў Беларусі заплянавала паставіць крыж у Курапатах у памяць „афіцэраў польскага войска, расстраляных у Беларусі“.

Як адкрывальнік, дасьледчык і кіраўнік археалягічнага дасьледаваньня Курапатаў у 1988 годзе нагадваю, што на сёньняшні дзень няма абсалютна ніякіх падставаў і абсалютна ніякіх археалягічных фактаў, якія б давалі нагоду меркаваць, што ў Курапатах „расстраляныя афіцэры польскага войска“ (і ўвогуле якія-небудзь вайсковыя асобы чыйго-небудзь войска). Тут знойдзеныя трупы толькі выключна цывільных людзей, і ў асноўным — бедных сялян, абутых у галёшы і клееныя гумовыя бахілы».

Знак усталявалі 29-га кастрычніка. На наступны дзень невядомыя яго скралі.

4 лістапада адзін зь лідэраў КХП-БНФ Валеры Буйвал заявіў: «Мы, патрыёты-фронтаўцы, абаронцы Курапацкай сьвятыні, абвяшчаем савецкага палітработніка падпалкоўніка Кузьняцова пэрсонай нон-грата на тэрыторыі Курапацкай сьвятыні і на тэрыторыі іншых сьвятыняў, дзе ёсьць пакутнікі нашага народу».

А ўжо на наступны дзень Кузьняцоў камэнтаваў на сайце «Свабоды» заяву Буйвала: «Гэты першы выпадак у практыцы, у тым ліку і таталітарных краінаў, калі грамадзкая арганізацыя забараняе чалавеку наведваць нейкую тэрыторыю. Тым больш тут гаворка ідзе пра месца пахаваньня. (...) Гэта ўсё адно, што забараніць чалавеку ісьці на могілкі. Гэта тое самае, што сказаць: «Вашыя погляды нас не цікавяць. Гэтая тэрыторыя нам падведамная».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG