Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трыццаць гадоў пасьля сьмерці генэральнага сакратара КПСС Леаніда Брэжнева цяперашнія ўладары Крамля апынуліся перад такімі самымі дылемамі, як у свой час Юры Андропаў і Міхаіл Гарбачоў.

Так лічыць аналітык «Свабоды» Браян Уітмар, які на ўгодкі сьмерці Брэжнева напісаў адмысловы блог пад назвай «Дзеці Брэжнева». Прапануем вам пераклад некаторых фрагмэнтаў:

«У шмат якіх адносінах, цяперашняя бітва за будучыню Расеі пачалося 30 гадоў таму.

Браян Уітмар

Браян Уітмар

10 лістапада 1982 г. Леанід Ільіч Брэжнеў памёр, і ягоная сьмерць выклікала зьмену пакаленьняў у савецкім кіраўніцтве ды прывяла ў рух бесьперапынны цыкл рэформаў у Расеі, якія застаюцца няпоўнымі і незавершанымі па сёньняшні дзень.

Імёны гульцоў зьмяняліся, таксама як і рыторыка, але асноўнае пытаньне заставалася практычна такім жа: як ажыцьцявіць неабходныя рэформы, калі яны пагражаюць існуючай эліце.

Сьмерць Брэжнева запачаткавала сыход са сцэны гэтак званай «Клясы 1937» — пакаленьня савецкіх кіраўнікоў, якія хутка пайшлі па прыступках герархіі ў Камуністычнай партыі пасьля сталінскіх чыстак і кіравалі краінай на працягу наступных дзесяцігодзьдзяў.

Да канца кіраўніцтва Брэжнева савецкая эканоміка, якая небясьпечна залежала ад экспарту тавараў, знаходзілася ў стагнацыі і зьніжала аб’ёмы прадукцыі, калі падалі цэны на нафту. Палітычная сыстэма была закасьцянелай, квітнела карупцыя, грамадзкае жыцьцё наскрозь разьядаў цынізм. У маладым пакаленьні пераемнікаў улады высьпеў кансэнсус аб неабходнасьці рэформаў.

За рэформы выступалі дзьве асноўныя сілы — КДБ і тэхнакратычныя «рэжымныя лібэралы» — якія тады стварылі даволі неймаверны альянс. Гэтая дзіўная кааліцыя аб’ядналася, каб выбраць двух савецкіх лідэраў: Юрыя Андропава (кандыдат КДБ) і Міхаіла Гарбачова (выбар «тэхнакратаў»).

за тры дзесяцігодзьдзі пасьля сьмерці Брэжнева, мы прайшлі поўнае кола. Сыстэма застаецца ў тупіку, і нічога не паказвае, што яна хоча зь яго выйсьці

Мадэль рэформаў Андропава, якую сацыёляг Вольга Крыштаноўская называе «аўтарытарнай мадэрнізацыяй», была падобная на шлях, якім да гэтага часу ішоў Кітай — кіраваныя жорсткай рукою эканамічныя рэформы, якія ўводзяць рынкавыя мэханізмы, але без палітычных зьменаў...

Мадэль Гарбачова, якая прадугледжвала больш шырокія эканамічныя і палітычныя рэформы, у канчатковым рахунку вызваліла сілы, што прывялі да палітычнага плюралізму і разбурылі аўтарытарную сыстэму.

Абедзьве мадэлі непазьбежна раскалолі ранейшую кааліцыю сілавікоў і тэхнакратычных лібэралаў...

Калі прыняць, што Пуцін ішоў шляхам Андропава на працягу свайго першага прэзыдэнцкага тэрміну ў Крамлі ў 2000-2004 гг., то прэзыдэнцкі тэрмін Дзьмітрыя Мядзьведзева можна было б параўнаць зь нейкай лёгкай вэрсіяй Гарбачова.

І хоць верасень 2011 г., калі Пуцін абвясьціў аб сваім вяртаньні ў Крэмль, нельга параўнаць зь пераваротам супраць Гарбачова ў жніўні 1991 году, памкненьне было падобнае: сілавікі баяліся страціць уладу і зрабілі свой ход, каб спыніць дадатковыя зьмены. Яны прайгралі ў жніўні 1991, але аказаліся больш пасьпяховымі восеньню летась.

Такім чынам, за тры дзесяцігодзьдзі пасьля сьмерці Брэжнева, мы прайшлі поўнае кола. Сыстэма застаецца ў тупіку, і нічога не паказвае, што яна хоча зь яго выйсьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG