Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр Левага фронту: Сталін меў рацыю


Дзьмітрый Кудранок

Дзьмітрый Кудранок

Дзьмітры Кудранок, 39, адзін зь «нефармальных», як ён сам пра сябе кажа, лідэраў Левага фронту ў Беларусі. Жыве ў Пінску, мае дзьве вышэйшыя адукацыі, магістар эканамічных навук. Амаль гатовая да абароны ягоная кандыдацкая дысэртацыя на тэму дзейнасьці дэструктыўных рэлігійных сэктаў на тэрыторыі Беларусі. «Я, напэўна, адзіны ў Беларусі спэцыяліст у гэтай тэме», — кажа Дзьмітрый.

Радыё Свабода гаворыць зь Дзьмітрыем Кудранком з нагоды акцыі ў Курапатах, якую, магчыма, арганізавала радыкальная левая арганізацыя «Авангард чырвонай моладзі»:

Радыё Свабода: «Дзьмітры, ці бярэ вашая арганізацыя на сябе адказнасьць за акцыю ў Курапатах?

Дзьмітры Кудранок: „Я літаральна ўчора даведаўся пра Курапаты ад журналістаў. Нічога не магу сказаць. Альбо гэта правакацыя, скіраваная супраць мяне асабіста, для таго каб узбудзіць крымінальную справу ці нешта такое. Альбо гэта адно з аддзяленьняў АКМ вырашыла так праявіць ініцыятыву і правесьці такую акцыю.

Я па нашых хлопцах празваніў, ніхто нічога ня можа сказаць“.

РС: „Зусім нядаўна літоўскую амбасаду закідалі кактэйлем Молатава. Ці можа нехта зь левых арганізацый мець да гэтага дачыненьне?“

ДК: „Што тычыцца літоўскай амбасады, то ані я, ані арганізацыя ніякага дачыненьня да гэтай акцыі ня маем. Мы гэта ацэньваем як правакацыю дзеля дыскрэдытацыі стасункаў паміж Беларусьсю і Літвой. Мусяць разьбірацца праваахоўныя органы“.

РС: „Што сабою ўяўляе „Левы фронт“? Вы надзвычай актыўныя цяпер у сацыяльных сетках, ёсьць інфармацыя пра тое, што вы зьбіраецеся афіцыйна рэгістравацца“.

ДК: „Левы фронт“ — гэта кааліцыя левых арганізацыяў. Сацыялістычныя, камуністычныя арганізацыі — левыя, карацей. Пакуль увайшлі афіцыйна „Левы фронт“, АКМ, „Пролетарское возрождение“ і цэлы шэраг дробных арганізацыяў. У нас каля тысячы актывістаў, прыхільнікаў. У нас няма ўзроставага абмежаваньня. Пакуль мы яшчэ ў межах станаўленьня».

РС: «А зь Левым фронтам у Расеі вы падтрымліваеце стасункі?»

ДК: «Безумоўна, гэта сяброўская арганізацыя. Сяргея Ўдальцова я добра ведаю, гэта мой добры сябар. Мы каардынуем нашыя дзеяньні, бо мэта ў нас адна: адраджэньне нашай краіны, якую ў нас скралі. Гэта па-першае.

А па-другое, мы выступаем за тое, каб у Беларусі была адроджаная ўлада Саветаў і скасаваная пасада прэзыдэнта. Лукашэнку Аляксандру Рыгоравічу — дзякуй вялікі. Але ён будзе першым і апошнім прэзыдэнтам Беларусі. У гэты гістарычны момант такі чалавек быў патрэбны краіне, яму дзякуй. Ён будзе заўжды ў памяці народу як прэзыдэнт, ганаровы грамадзянін, яму нізкі паклон. Але ён бліскуча прадэманстраваў, што прэзыдэнцкая форма кіраваньня не для нас. Нам патрэбная парлямэнцкая рэспубліка ці іншая форма, мы яшчэ будзем думаць. Але нашая пазыцыя такая».

РС: Ці «Левы фронт» ужо праводзіў у Беларусі нейкія акцыі?

ДК: «Пакуль не. Мы, па-першае, у стадыі станаўленьня. А па-другое, намі вельмі зацікавіліся спэцслужбы. Асабліва пасьля таго, як мы на „Пінскдрэве“ стваралі прафсаюз, заўважылі скрайне нэгатыўнае стаўленьне да нас уладаў. Акцыя на Пінскдрэве таксама была акцыяй „Левага фронту“. Таму, зыходзячы з досьведу, мы будзем больш асьцярожныя. „Сьвяціць“ сваіх людзей без патрэбы пакуль ня будзем».

РС: «Я ведаю, вас нават затрымалі ў Менску 7 лістапада?»

ДК: «Так, 7 лістапада нас затрымалі, проста не пусьцілі на мітынг. Без усялякай прычыны спынілі супрацоўнікі КДБ для высьвятленьня асобаў. Даставілі ў Маскоўскі РУУС, пратрымалі тры гадзіны. Са сьмехам абяцалі расстраляць. Гэта жарт, канечне. Але такія жарты супрацоўнікаў міліцыі ў дачыненьні да затрыманых не да месца, на маю думку.

І сьцягі нашыя скралі. Калі нас выпускалі ўжо, мы спрабавалі вярнуць сваю маёмасьць. А нам кажуць: „Не было ў вас ніякай маёмасьці — ані газэт, ані сьцягоў“. Фактычна скралі. Мы зараз будзем даваць гэтаму прававую ацэнку. Магчыма, напішам заяву па факце крадзяжу».

РС: «У некаторых СМІ вас называюць старшынём беларускага аддзяленьня АКМ. Калі і якім чынам вас абралі?»

ДК:
«Не, мяне не абіралі, я не старшыня. У нас нядаўна была ўстаноўчая канфэрэнцыя, быў абраны склад кіраўніцтва, і я ў яго таксама ўвайшоў. Я зьяўляюся фармальным кіраўніком».

РС: «Сталін меў рацыю» — так напісана на лістоўках, якія раскіданыя ў Курапатах. Патлумачце сваё стаўленьне да такіх ідэяў«.

ДК: «Што тычыцца Сталіна, то, на нашую думку, ягоная роля ў гісторыі краіны і чалавецтва — велізарная. Для нашай арганізацыі і прыхільнікаў Сталін — гэта вялікі аўтарытэт. Што тычыцца Курапатаў, яшчэ вялікае пытаньне, хто каго, чаго расстрэльваў... Кузьняцоў усё спрабуе нешта давесьці. Але нават калі дапусьціць, што гэта месца расстрэлаў савецкіх грамадзянаў, то трэба зыходзіць з таго, што прысуды былі прыведзеныя ў выкананьне на падставе таго савецкага заканадаўства. Яны тады разглядаліся як ворагі савецкай дзяржавы.

Я не магу сказаць, добрых ці кепскіх людзей там расстралялі. Магу толькі сказаць, што законныя прысуды былі прыведзеныя ў выкананьне. Маральную ацэнку мы даваць цяпер ня можам. Гэта яшчэ гісторыя дасьць.

Але што тычыцца дзейнасьці Сталіна і сталінскага пэрыяду, то мы ацэньваем пазытыўна. Сталін меў рацыю. Гэта прарыў у будучыню.

Мяне зь дзяцінства выхоўвалі бацькі так: „Не давай аб сябе выціраць ногі“. Чалавекам быць зусім ня страшна. І жыцьцё мяне неяк выштурхнула ў гэтую дзейнасьць. Я б задавальненьнем навучаў цяпер студэнтаў, але вось так, на жаль, атрымалася».



Палітычны аналітык Віктар Марціновіч ацэньвае пэрспэктывы леварадыкальных ідэяў у Беларусі:

Віктар Марціновіч

Віктар Марціновіч

Віктар Марціновіч: «На маю думку, леварадыкальныя ідэі маюць пэрспэктывы ў Беларусі толькі ў тым выпадку, калі актывісты-леварадыкалы зь нейкіх прычынаў выгадныя для ўлады. На дадзены момант эфэктыўнасьць беларускіх спэцслужбаў, ступень іх пранікненьня ў моладзевы асяродак, праслухоўваньня, перапіскі вельмі вялікая. Дапусьціць, што зьявілася нейкая радыкальная сіла, якой проста так удаецца падманваць усёабдымныя беларускія спэцслужбы, — і гэта ва ўмовах, калі ніхто ня можа весьці палітычную барацьбу, эфэктыўна дзейнічаць, — было б наіўна.

Калі казаць паліталягічна, а не паліттэхналягічна, дык левыя ідэі настолькі ж запатрабаваныя ў Беларусі, як і правыя. Бо ані тых, ані іншых не рэалізавана. У нас няма левых ці правых партыяў. У нас ёсьць адно партыі «супраць Лукашэнкі». Пры тым, што сама прывабнасьць ідэяў, напрыклад, сацыяльнай роўнасьці вялікая паўсюль, у тым ліку ў Беларусі.

Радыё Свабода: «Ці можна пабачыць у актывізацыі леварадыкалаў у Беларусі ўплыў тых палітычных працэсаў, якія адбываюцца ў Расеі?»

Віктар Марціновіч: «Пры жаданьні расейскі сьлед можна пабачыць у любой зьяве беларускай палітыкі ці культуры. Мы цесна зьвязаныя — праз кадравыя, рэсурсавыя ці нават сваяцкія сувязі.

Так склалася, што калі ў Расеі ўзьнікае ЛДП і робіцца папулярнай, то празь некалькі гадоў ЛДП узьнікае і ў Беларусі. Калі нейкая іншая партыя ў Расеі ўзьнікае, то праз пэўны час яна будзе шукаць выхаду сваім ідэям і на Беларусь. Пра непасрэдныя сувязі левых радыкалаў Беларусі і Расеі я ня ведаю, бо ня ведаю іх структурнай арганізацыі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG