Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто заменіць Гілары Клінтан?


Гілары Клінтан
Гілары Клінтан

На другі дзень пасьля перамогі на выбарах прэзыдэнт Абама, па словах яго атачэньня, пачаў папярэднія абмеркаваньні кандыдатураў для яго будучага кабінэту. Вядома, што, як найменей, тры ключавых міністра — фінансаў, абароны, дзяржсакратар — абвясьцілі пра сваё жаданьне пакінуць кабінэт.

Падчас сваёй перадвыбарнай кампаніі Барак Абама ня раз указваў, што галоўны акцэнт падчас яго другога тэрміну будзе зроблены на такіх праблемах як фіскальнае аздараўленьне, стварэньне новых працоўных месцаў, падаткаабкладаньне і іміграцыйная рэформа. Што да зьнешняй палітыкі, многія экспэрты сёньня мяркуюць, што Абама ў агляднай будучыні хутчэй за ўсё не прапануе новых ініцыятыў у палестынскіх-ізраільскім урэгуляваньні і ўжо дакладна не ўжыве сілавыя дзеяньні ў дачыненьні да Сырыі і нават Ірану. Хто ў такой сытуацыі можа стаць на чале зьнешнепалітычнага і абароннага ведамстваў ЗША?

Леон Панэта
Леон Панэта
Гілары Клінтан дала зразумець, што абмяжуе свае паўнамоцтвы дзяржсакратара заканчэньнем першага прэзыдэнцкага тэрміну Абамы. Міністар абароны Леон Панета пакуль не выступаў з падобнымі заявамі, аднак, улічваючы, што ён праводзіць амаль кожны ўікэнд у сваім доме ў Каліфорніі, людзі зь яго атачэньня не выключаюць рашэньня Панеты сысьці ў адстаўку ў наступным годзе. Такім чынам, Бараку Абаме хутчэй за ўсё давядзецца шукаць новых людзей, здольных ўзначаліць гэтыя два ведамствы.

Якімі прынцыпамі звычайна кіруюцца амэрыканскія прэзыдэнты пры адборы кандыдатураў на пасаду дзяржсакратара і кіраўніка Пэнтагона? Пытаньне палітолягу з Унівэрсытэта штата Мічыган Ўільяму Алену:

— Гістарычна прэзыдэнты ЗША, пераабраныя на другі тэрмін, заўсёды імкнуліся не зьмяняць зьнешнепалітычную стратэгію. Таму на такія пасады ў асноўным прыходзяць не занадта калярытныя людзі, нацэленыя на ўмацаваньне дзейнага балянсу адносін ЗША з астатнім сьветам. Мы пакуль ня ведаем дэталяў зьнешнепалітычнай стратэгіі Абамы на наступныя чатыры гады. Аднак, думаю, прэзыдэнту будзе няпроста знайсьці такіх людзей, калі толькі гаворка не ідзе аб пераходных фігурах. Магу толькі выказаць здагадку, што Абама паспрабуе адбіраць людзей з найменш супярэчлівай рэпутацыяй, каб максымальна спрасьціць працэс іх зацьвярджэньня ў Кангрэсе.

Крыніцы, блізкія да адміністрацыі, сьцьвярджаюць, што ў прэзыдэнта ўжо ёсьць шорт-ліст. Сярод самых верагодных кандыдатур на замяшчэньне Гілары Клінтан называюцца сэнатар Джон Кэры, сталы прадстаўнік ЗША ў ААН Сьюзан Райс і дарадца прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы Том Данілон.

Калі ў адстаўку сыдзе Леон Панета — на яго месца могуць прыйсьці былая намесьнік міністра абароны Мішэль Фларной альбо цяперашні першы намесьнік Панеты Эштан Картэр. Некаторыя экспэрты мяркуюць, што Абама таксама можа папрасіць ўзначаліць Пэнтагон кагосьці з прыкметных рэспубліканцаў. Напрыклад, былога сэнатара Чака Хэйгела або былога дзяржсакратара і кіраўніка Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў Коліна Паўэла. Апошні выказаў падтрымку Абаме ў ходзе яго абедзьвюх перадвыбарных кампаній.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG