Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 сутак за правапарушэньне, якога не было


Раман Васільеў

Раман Васільеў

Судзьдзя Маскоўскага раёну Менску Тамара Моталь пакарала актывіста Маладога Фронту Рамана Васільева 15 суткамі адміністрацыйнага арышту. Ён быў зьвінавачаны ў брыдкаслоўі ў адпаведнасьці з артыкулам 17.1 аб дробным хуліганстве.

Раман Васільеў быў затрыманы 8 лістапада, калі выходзіў са свайго дому. Але ў пратаколе паведамлялася, што затрымалі яго нібыта 6 лістапада на плошчы Незалежнасьці ў Менску разам з Уладзімерам Яроменкам, які атрымаў 15 сутак за тое, што абліў валяр’янкай помнік Леніну. Судзьдзя Тамара Моталь не зьвярнула ўвагі на гэту супярэчнасьць і адправіла маладафронтаўца за краты на 15 сутак. Раман Васільеў на разьвітаньне пасьпеў сказаць:

«Камунізм — пад трыбунал».

Рамана Васільева, як і Ўладзімера Яроменка, таксама асабіста затрымліваў намесьнік начальніка Маскоўскага РУУС Алег Бегуноў. Ізноў жа ён быў адзіным сьведкам у судзе, які заявіў, што Раман Васільеў нібыта таксама абліваў помнік Леніну валяр’янкай і брыдкасловіў. Актывістка Маладога Фронту Марыя Квяцінская, якая прысутнічала ў судзе, гэтак пракамэнтавала пачутае:

«Натуральна, што гэты суд нельга прызнаць справядлівым. Калі сьведкі даюць ілжывыя паказаньні, калі судзьдзя далучаецца да гэтай хлусьні і ўсім гэта відавочна, то гэты суд увогуле нельга ўспрымаць як судовы працэс з пункту гледжаньня права».

Яшчэ адна актывістка Маладога Фронту Кася Галіцкая, якая прыйшла падтрымаць свайго паплечніка ў суд, кажа, што зьмяшчэньне пад варту Рамана Васільева — працяг сыстэматычнага перасьледу актывістаў Маладога Фронту:

«Я б не сказала, што гэта новы перасьлед, я б не сказала, што ён калісьці спыняўся. Максымальны тэрмін, які маладафронтаўцы заставаліся бяз „сутак“, — тры месяцы. А за акцыі 7 лістапада нас перасьледуюць традыцыйна. Бо Малады Фронт штогод 7 лістапада праводзіць акцыі пратэсту. І так будзе заўжды, і ніякія перасьледы ў гэтым пытаньні нас ня спыняць».

Па заканчэньні працэсу адвакат заявіў, што пакараньне Рамана Васільева 15 суткамі арышту ён будзе абскарджваць у судзе вышэйшай інстанцыі.
XS
SM
MD
LG