Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вандалізм у Курапатах: «Сталин был прав!»


У Курапатах зьдзейсьнены акт вандалізму. Невядомыя размалявалі «лаву Клінтана», яны таксама раскідалі ўлёткі. Загалоўкі ўлётак: «Сталін меў рацыю», «Мы байцы АКМ».

АКМ расшыфроўваецца як «Авангард чырвонай моладзі».

Пра гэта «Свабодзе» праз сацыяльную сетку Facebook паведаміла Ганна Аземша.

Аземша заўважыла ўлёткі і размаляваную лаву вечарам 8-га лістапада. Аднак напісала пра гэта толькі 9-га.





Дзьмітрый Кудранок

Дзьмітрый Кудранок

Дзьмітры Кудранок, адзін з каардынатараў Левага фронту ў Беларусі: «Што тычыцца акцыі ў Курапатах, то я пра яе ня ведаў. Я патэлефанаваў сваім сябрам па арганізацыі — таксама ніхто ня ведае. Але я не выключаю, што яна магла быць зьдзейсьненая адным з крылаў АКМ. Сталін для нашай ідэалёгіі — важная постаць. Што тычыцца Курапатаў, яшчэ пытаньне, хто каго, чаго расстрэльваў. Але нават калі дапусьціць, што гэта расстрэлы савецкіх грамадзянаў, то трэба зыходзіць з таго, што прысуды былі прыведзеныя ў выкананьне на падставе заканадаўства. Яны тады разглядаліся як ворагі савецкай дзяржавы».












Акты вандалізму ў Курапатах

У красавіку 2012 невядомыя паламалі крыжы ў Курапатах.

Пры канцы 1990-х гадоў паламалі таблічку на Крыжы Пакуты.

Што да мэмарыяльнага знаку «Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці», то было дванаццаць выпадкаў вандалізму. У 2002 годзе адрамантаваную каторы ўжо раз «лаву Клінтана» ўсталёўваў у Курапатах амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак.

У сьнежні 2005 году невядомыя вандалы двойчы апаганілі свастыкай і сатанінскімі надпісамі курапацкія крыжы, помнік загінулым ва ўрочышчы габрэям і выяву Маці Божай Курапацкай мастака Аляксея Марачкіна. Ня раз ламалі і крыжы. З фактаў вандалізму ў Курапатах заводзілі крымінальныя справы, аднак злачынцаў ніколі не знаходзілі. Летась напярэдадні Дзядоў быў паламаны Крыж Пакуты, актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ аднавілі яго.

У 2008 годзе актывісты КХП БНФ затрымалі двух падлеткаў, якія павалілі некалькі крыжоў на алеі ў Курапатах. Актывісты выклікалі міліцыю і потым далі паказаньні супраць падлеткаў. Бараўлянская міліцыя распачала справу паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу «Апаганьваньне гістарычна-культурных каштоўнасьцяў». Артыкул прадугледжвае пакараньне да трох гадоў пазбаўленьня волі. 12 студзеня стала вядома, што міліцыя Бараўлянскага сельскага савету спыніла крымінальны перасьлед двух маладзёнаў, якіх падазравалі ў разбурэньні крыжоў. Доказаў, якія атрыманыя ў часе сьледзтва, недастаткова, для таго, каб перадаць справу ў суд і прыцягнуць да адказнасьці двух непаўналетніх навучэнцаў школы і ПТВ.

Грамадзкасьць зьвярнулася да ўладаў з заклікам забясьпечыць ахову ўрочышча Курапаты, якое зьяўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасьцю першай катэгорыі. Аднак у адказ упраўленьне ўнутраных справаў Менскай вобласьці прапанавала аргкамітэту для ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў плаціць за ахову ўрочышча Курапаты.





Курапаты

Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены парэшткі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году створана ўрадавая камісія, і пракуратура БССР узбудзіла крымінальную справу па выяўленых фактах.

У працэсе расьсьледаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 год супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выявілася, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, зь якіх шляхам эксгумацыі было праверана 8. У 6 зь іх знайшлі шкілетныя парэшткі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінулых.

Каб ушанаваць памяць ахвяраў, пастаўленыя крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG