Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яроменак з Акрэсьціна: Хопіць імітаваць «змагарства»


Уладзь Яроменак

Уладзь Яроменак

Судзьдзя Маскоўскага раёну Менску Тамара Моталь пакарала актывіста Маладога Фронту Уладзімера Яроменка 15 суткамі адміністрацыйнага арышту. У судзе Яроменак здолеў перадаць сябрам ліст, які мы перадрукоўваем з сайту Маладога Фронту.

Давайце рабіць справу.

Заўсёды прыемна, калі цябе хваляць. Аднак, на сёньняшні дзень мне больш падабаецца слухаць крытыку ў свой адрас (і ў адрас усёй нашай апазыцыі). Здаровую крытыку.

Калі паслухаць выступы нашых «палітыкаў», то складваецца ўражаньне, быццам усе дэмакратычныя сілы працуюць па 25 гадзін на суткі, каб у краіне адбыліся нейкія-кольвек малыя перамены. Ня буду раўняць усіх, ёсьць людзі, якія дзеля гэтага сапраўды прыкладаюць шмат намаганьняў.

Гэтым разам на Акрэсьціна я патрапіў у пяцімесную камэру. Адзін з сукамэрнікаў увогуле не беларус, таму далейшая гісторыя аб ім не ўзгадае. Вы не паверыце, але трое менчукоў, зь якімі я сустрэўся тут, мяне ўразілі. Уразілі ня лепшым чынам. Калі адзін зь іх калісь бачыў жывых апазыцыянэраў і нешта чуў пра апазыцыю ўвогуле (дый той думаў, што на дадзены момант яе ўжо няма), то двое іншых увогуле (!) нічога пра апазыцыю ня чулі й ніколі зь ёй не сутыкаліся. У нас пачалася доўгая гутарка. Колькі пытаньняў на мяне пасыпалася (добра, што па прыезьдзе не сказаў нічога пра сваю дзейнасьць, хоць выспаўся ноччу:) Вы спрабавалі пачынаць размаўляць з людзьмі з нуля, з чыстага аркуша?

Я перакананы на сто адсоткаў, што мае сукамэрнікі – не забулдыгі ці п’янтосы, а простыя працоўныя людзі – былі не апошнімі трыма менчукамі, якія толькі даведаліся пра альтэрнатыву сёньняшняму рэжыму. Я ўпэўнены, што добры адсотак жыхароў сталіцы (не кажу ўжо пра ўсіх беларусаў) ня ведаюць пра існаваньне «змагароў». Канечне, скажаце вы, яны вінаватыя самі, бо не цікавяцца й не шукаюць альтэрнатыву. А я скажу інакш: вінаватыя мы самі. Вінаватыя, што не дагрукаліся да іх, што ня мелі напорства, каб данесьці свае ідэі да людзей. А можа (што ўжо тут хаваць), не хацелі данесьці? Той, хто мае жаданьне, шукае магчымасьці, хто яго ня мае – шукае адгаворкі, ці ня так? Дый аб якой працы з насельніцтвам мы можам казаць? Ня трэба ў гэтых недапрацоўках вінаваціць «крывавы рэжым». Былі магчымасьці: і падчас лібэралізацыі, і падчас прэзыдэнцкай кампаніі, і падчас парлямэнцкай. Дарэчы, аб апошняй.

Апазыцыя доўга кічылася (дый дагэтуль чую) вынікамі «байкоту». Я не сумняюся, што байкот адбыўся. Але, ці намаганьнямі апазыцыі? Вось, мае сукамэрнікі таксама байкатавалі «выбары», хоць і ня ведалі аб плянах апазыцыі. Я ўпэўнены, што большасьць людзей не пайшлі на выбары, удзельнічаць у гэтай клавунадзе па нейкіх сваіх прычынах. У кагосьці лянота, хтосьці разумее ўвесь бутафарызм сёньняшняга парлямэнту, але дайшоў да гэтага сваім уласным розумам.

Дык вось я да чаго вяду. Сябры (калі дазволіце вас так называць)! Давайце ня будзем сабе прыпісваць ня нашыя заслугі й дасягненьні. Давайце будзем несьці да людзей альтэрнатыву, а ня толькі казаць аб гэтым. Перамены ў Беларусі мусяць і будуць рабіць беларусы, а ня нейкі добры дзядзя «з-за бугра», якому вы даеце справаздачы, каб атрымаць наступны грант. Пакуль у Беларусі існуюць такія «Валодзі», «Ігары» й «Віталікі», якіх я сустрэў на Акрэсьціна, ні аб якіх пераменах мы ня можам казаць.

Карацей, давайце будзем займацца справай, а не імітаваць «змагарства»!

Уладзь Яроменак,

7 лістапада 2012, Акрэсьціна

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG