Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Страляў у прэзыдэнта і... ходзіць на свабодзе


Вацлаў Клаўс пасьля нападу

Вацлаў Клаўс пасьля нападу

Сёньня прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Клаўс памілаваў двух сваіх ахоўнікаў, якія ніяк не спынілі нападзеньне на кіраўніка дзяржавы падчас наведваньня ім гораду Храстава. 26-гадовы рабочы, які страляў у чэскага прэзыдэнта, знаходзіцца пад сьледзтвам на свабодзе.

Малады прыхільнік камуністаў Павел Вандроўш страляў у прэзыдэнта Клаўса 28 верасьня, калі той прыехаў на адкрыцьцё новага мосту. Вандроўш, знаходзячыся ў натоўпе людзей, прыблізіўся да Клаўса, прыклаў плястыкавы макет пісталета да рукава прэзыдэнта і шчоўкнуў некалькі разоў. Без усялякай рэакцыі ахоўнікаў ён потым адышоў з месца чыну і да свайго затрыманьня яшчэ пасьпеў даць інтэрвію журналістам. Вандроўш патлумачыў, што хацеў выказаць сваю незадаволенасьць палітыкай ураду і тым, што «палітыкі ня слухаюць людзей».

Здарэньне выявіла недапушчальны ўзровень аховы чэскіх высокіх асобаў, аднак адзіным яго наступствам дагэтуль стала добраахвотная адстаўка шэфа прэзыдэнцкай аховы. Сёньня сваім указам аб памілаваньні Вацлаў Клаўс спыніў крымінальную справу супраць сваіх двух ахоўнікаў, якія непасрэдна несьлі службу ў дзень акцыі. Нядаўна таксама стала вядома, што сам Клаўс у сувязі са справай даваў паказаньні паліцыі. Адпаведная частка пратаколу была перададзеная паліцыяй яго нападніку – дзеля таго, каб ён мог падрыхтавацца да абароны. Вандроўш замест гэтага абнародаваў паказаньні прэзыдэнта. Да суду рабочы знаходзіцца на свабодзе. Паводле чэскіх мэдыяў яму пагражае да двух гадоў зьняволеньня за хуліганства.

Якім чынам можна ў гэтым выпадку акрэсьліць дзеяньні чэскай юстыцыі – як гуманнасьць ці мяккацеласьць?

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода вядомая беларуская адвакатка Тамара Сідарэнка перш за ўсё адзначыла, што, на яе думку, прэзыдэнт Клаўс вельмі ўзважана і цьвяроза ацаніў сытуацыю. Калі замах ня меў на мэце пазбаўленьне яго жыцьця, то я толькі рада за краіну і яе кіраўніка, кажа Сідарэнка. Яна адзначае, што як у беларускім, так і замежным заканадаўстве крымінальныя артыкулы за хуліганства бяруць пад увагу намер, спосаб хуліганства, памер шкоды ці цялесных пашкоджаньняў пацярпелага. Калі цялесных пашкоджаньняў не было, то, напрыклад, і паводле беларускага закону нападнік мог бы разьлічваць на частку 1 артыкула 339КК, які прадугледжвае пакараньне і без пазбаўленьня волі, а значыць чалавек можа да суду быць на свабодзе.

Сідарэнка адзначае, што хаця ў Беларусі і зьявіліся артыкулы за зьнявагу прэзыдэнта, аднак яны прадугледжваюць зьнявагу ў заявах, словах, выказваньнях. У астатнім закон не адрозьнівае пасаду пацярпелага ад хуліганства і выглядае, што нават не дапускае магчымасьці «хуліганіць рукамі» адносна прэзыдэнта.

У сувязі з чэскім інцыдэнтам беларуская адвакатка згадала справу беларускага «хулігана» Зьмітра Дашкевіча, які разам з паплечнікам па Маладым Фронце быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня нібыта за бойку на вуліцы. Сідарэнка нагадвае, што на працэсе Дашкевіча-Лобава ніхто ня бачыў пацярпелых, не было магчымасьці ацаніць іх асобы і верагоднасьць іх заяваў, задаваць пытаньні і адпаведна выбудаваць сваю абарону. У справе Дашкевіча так шмат перагібаў, што гэта застаецца больлю і грамадзкасьці, і юрыстаў, кажа Сідарэнка.
XS
SM
MD
LG