Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы — ня чэрствыя людзі


Саша, Віктар і Яўген Фянчук

Саша, Віктар і Яўген Фянчук

Віктар Фянчук — дырэктар слаўнай і не зусім звычайнай для Беларусі арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Дзякуючы яе актывістам бадай кожны беларус ведае пра вяртлявую чаротаўку і чорнага сьвіргуля. У сям’і самога Віктара двое сыноў — чацьвёртаклясьнік Яўген і другаклясьнік Саша. Мы сустрэліся ў двары менскай гімназіі нумар 23.

Будынак гімназіі — у самым цэнтры гораду. Дрэваў вакол мала, пляцоўка ўсярэдзіне заасфальтаваная. А з чалавекам, які абараняе птушак, хочацца гаварыць толькі пра жывое:

«Беларусы вырасьлі разам з прыродай, мы яшчэ ад яе не адарваныя», — спакойна кажа Віктар. Ад праспэкту Незалежнасьці ў гадзіну пік нас аддзяляе толькі будынак школы, у якой, дарэчы, вучацца і дзеці Віктара, і двое маіх дзяцей.

«Многія людзі, жывучы ў Менску, ня ведаюць, што такія ж прыгожыя птушкі, як папугаі і канарэйкі, якіх яны трымаюць, ёсьць у нас. Жывуць літаральна ў нас над галавою. Але мы, заклапочаныя сваімі справамі, гэтую галаву ў неба не падымаем, — працягвае Віктар. — Альбо нам цяжка адыйсьці тры крокі ўлева, прайсьціся па парку і паслухаць, хто там сьпявае».

Прашу Сашу:

— Распавядзі мне пра птушку, якая табе найбольш падабаецца.

— Мне найбольш падабаюцца розныя птушкі, — адказвае ён. — Але птушаняты. Яны маленькія, і я маленькі. Яны дзеці, і я дзіця.

— Жэня, а табе?

— Крыжадзюб.

— А ты бачыў жывога?

— Не. Але мне падабаецца, бо ў яго дзюба скрыжаваная.
Саша: «Мне найбольш падабаюцца розныя птушкі. Але птушаняты. Яны маленькія, і я маленькі. Яны дзеці, і я дзіця»

Саша: «Мне найбольш падабаюцца розныя птушкі. Але птушаняты. Яны маленькія, і я маленькі. Яны дзеці, і я дзіця»


Падчас размовы нечакана для мяне высьвятляецца, што мы зь Віктарам у адзін год скончылі адзін і той жа ліцэй у Берасьці. Праўда, адзін аднаго ня памятаем. Затое нашыя дзеці цяпер ходзяць у адну гімназію. Віктар за гэты час скончыў біялягічны факультэт Берасьцейскага ўнівэрсытэту. Працаваў у Белавескай пушчы, у Акадэміі навук у Берасьці. У АПБ — амаль ад моманту яе заснаваньня. Прыйшоў туды маладым яшчэ хлопцам. І вось ужо сем год як дырэктар.

«З маленства мне была цікавая прырода. Ня толькі птушкі, — пасьміхаецца Віктар. — Але і АПБ — не зусім птушыная арганізацыя. Яна займаецца аховай разнастайнасьці прыроды ў цэлым».

Больш за палову сябраў АПБ — гэта дзеці, распавядае Віктар. Ім цікавая сама магчымасьць пабачыць нешта жывое, паназіраць за ім. Гэтай магчымасьці шукаюць і дарослыя.

Шмат хто можа спытацца: як гэта ў краіне, дзе такія малыя заробкі, жорсткія палітычныя разборкі, нараджаецца мала дзяцей і распадаецца шмат сем’яў, можна так сур’ёзна ставіцца да зьнікненьня нейкай маленькай птушкі зь дзіўнай назвай? «Навошта птушак ахоўваць? Ну, ня будзе іх — і ня будзе. І што?» — пытаюся ў хлопцаў.

«Калі ня будзе птушак, будзе вельмі многа розных чарвякоў і насякомых. Яны зьядуць усю зелень», — абсалютна сур’ёзна адказвае Яўген. «Яшчэ калі ня будзе расьлін, ня будзе жывёл», — падхоплівае за братам Саша.
Калі мы вывучаем птушак, разумеем іх патрэбы, мы робім добра ня толькі птушкам, але і ўсёй прыродзе


«Калі мы вывучаем птушак, разумеем іх патрэбы, мы робім добра ня толькі птушкам, але і ўсёй прыродзе, — пераконвае тата Віктар. — Бо птушкі прызнаныя вельмі добрымі індыкатарамі стану навакольнага асяродзьдзя. Вывучаючы птушак, мы зьбіраем адмысловыя веды, спэцыялістаў — каманду, якая разумее, што трэба рабіць, якая хоча штосьці рабіць, можа штосьці рабіць і разьвязваць праблемы».

Вырашаць гэтыя праблемы трэба тут, на гэтай зямлі. І так, каб гэта несла плён ня толькі нам, але і ўсяму сьвету — Віктар упэўнены, што гэта магчыма.

Летам Віктар узяў сыноў у Тураў. У АПБ там цэлы надзел зямлі. Гэта адзіны ў Беларусі рэзэрват, якім кіруе грамадзкая арганізацыя. Віктар кажа, што гэтая зямля важная для міграцыі птушак і працы там шмат. Штолета ў Тураве АПБ ладзіць валянтэрскія летнікі.

«Добра, што мая праца зьвязаная з прыродай і я магу выяжджаць у розныя цікавыя месцы, — кажа Віктар. — Калі ёсьць мажлівасьць, бяру з сабою дзетак. Для іх, можа, яшчэ не ахова птушак ёсьць тая ідэя, якая робіць штосьці для іх цікавым, але новыя месцы, новыя сустрэчы, новыя дзеяньні. У адным месцы можна секчы кусты, у другім — хадзіць па балоце, а ў трэцім — рабіць дуплянкі. Проста быць у прыродзе, назіраць за прыродай і рабіць нешта разам зь іншымі. Менавіта гэта робіць для іх такія паездкі цікавымі».
Віктар Фянчук: «Добра, што мая праца зьвязаная з прыродай і я магу выяжджаць у розныя цікавыя месцы. Калі ёсьць мажлівасьць, бяру з сабою дзетак»

Віктар Фянчук: «Добра, што мая праца зьвязаная з прыродай і я магу выяжджаць у розныя цікавыя месцы. Калі ёсьць мажлівасьць, бяру з сабою дзетак»


Калі трапляеш за мяжу, зьдзіўляе, як экалягічнае выхаваньне стала простай звычкай: папяровае, шкляное і плястыкавае сьмецьце зьбіраюць асобна. У крамах выбіраюць тавары ва ўпакоўцы, якую пасьля можна адправіць на перапрацоўку. Выкарыстаныя батарэйкі складаюць у адмысловыя кантэйнэры. Супэрмодна — карыстацца толькі тым, што ня шкодзіць прыродзе. Ці думаюць пра такое нашыя бацькі і Міністэрства адукацыі?

Эўропа да такога прыйшла не адразу, — кажа Віктар.

«Глядзіце, вось мы часта езьдзім на Палесьсе. Там маленькія вёсачкі стаяць на беразе Прыпяці ці на берагах прытокаў. Усе берагі там засьмечаныя. Бо людзі прыяжджаюць і вывальваюць сьмецьце за плот. Яны ведаюць, што будзе веснавая паводка, яна ўсё забярэ і панясе. Так людзі рабілі сотні гадоў. Праблемы ў гэтым ніколі не было, бо тое, што людзі яшчэ 50 год таму выкідалі за плот, было натуральнае. Дый ня так шмат чаго выкідалася. Тады ж нават старыя боты клалі „на гару“, і яны там маглі дзесяцігодзьдзямі ляжаць. Але тое, што выкідалася, драўлянае, скураное — біялягічны прадукт. Не было экалягічных праблемаў. Літаральна за 10–15 год шмат зьмянілася — прыйшлі плястыкавыя бутэлькі, пакеты».

І нашая сьвядомасьць будзе паступова мяняцца — упэўнены Віктар. Было б дзіўна, кажа ён, каб мы зараз абвясьцілі, што трэба зьбіраць выкарыстаныя батарэйкі асобна, і ўсе беларусы адразу пабеглі да батарэйкавых кантэйнэраў. Але беларусы імкліва прагрэсуюць, кажа Віктар. Мы бярэм ня толькі кепскае, але лепшае, што прыходзіць да нас. Вось згадалі пра жахлівы выпадак, калі птушанятам бакланаў адрэзалі дзюбы. Такім птушанятам, якія так падабаюцца Сашу, бо ён маленькі, і яны маленькія. Ён дзіця, яны дзеці.
Мы зусім ня сталі такімі чэрствымі людзьмі, як часам можа падавацца


«У сытуацыі з бакланамі што мяне ўразіла, — распавядае Віктар. — Ня той чалавек, які адрэзаў гэтыя дзюбы. Але тая хваля непрыманьня ў беларускім грамадзтве, якую выклікаў гэты ўчынак. Мы звыклыя ўспрымаць гэтае грамадзтва як ня вельмі актыўнае, апатычнае. Бакланы паказалі, што пытаньні прыроды, паважлівага стаўленьня да яе — істотныя для нас. Калі сапраўды здараецца нешта абуральнае, мы гатовыя на гэта адрэагаваць. Мы зусім ня сталі такімі чэрствымі людзьмі, як часам можа падавацца».

Як людзям патлумачыць, што нельга птушак крыўдзіць? — пытаюся ў Сашы і Яўгена.

Адказы ў іх простыя і выканальныя:

«Калі птушаня выпала, яго нельга браць дахаты, бо яго можа яшчэ маці знайсьці, — кажа Яўген. — А яшчэ кожны можа зрабіць кармушку. Выразаць са скрынкі з-пад малака сьценкі. Можна проста каля вакна павесіць, ці на дрэва».

Няможна было страціць магчымасьць спытацца пра палёт расейскага прэзыдэнта з журавамі. Бо можа падобная ідэя прыйсьці ў галаву і нашым чыноўнікам. У Віктара неадназначнае стаўленьне да гэтага ўчынку.

«У стэрхаў няма рэфлексу міграцыі, — тлумачыць Фянчук. — Замест Пуціна паляцеў бы іншы чалавек, але паляцеў бы ўсё адно».

А стэрхі — важны від для Расеі, для яго захаваньня трэба шмат чаго зрабіць. Гэтая праца патрабуе значных сродкаў.

«Увага першай асобы краіны да гэтай праблемы надзвычай патрэбная, — кажа Віктар. — Асабліва калі гэтая ўвага ня скончыцца палётам на дэльтапляне, а на праграму захаваньня стэрхаў будуць выдаткаваныя дадатковыя сродкі».

АПБ — адна з самых актыўных грамадзкіх арганізацыяў. Падзеяў, якія адбываюцца зь яе ініцыятывы, шмат, і яны надзвычай розныя. «Вельмі цікавая праграма ў Менску — «салаўіныя ночы». Мы просім людзі хаця б на гаўбец выйсьці і паслухаць, ці не сьпявае салавей. І аказваецца, салаўі ў Менску сьпяваюць, — пасьміхаецца Віктар.

Вось так можна адказаць на пытаньне, дзе ж навучыцца любіць прыроду, калі ты вырас на шостым паверсе ў спальным раёне, жывых зьвяроў бачыў у заапарку, а назіраць мог толькі за сваім хамяком у клетцы.

«Калі мы возьмем нават Менск, наш адзіны мэгаполіс, то нават тут прырода ёсьць усюды, па яе далёка хадзіць ня трэба. Ад простых рэчаў, як кармушкі зімой — і да цябе птушкі прылятаюць, да выхаду ў лес. А парк Чалюскінцаў — той жа лес. У ім салаўі пяюць. Гэта ўсё вельмі проста!»

Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG