Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўракамісар Фюле заклікаў вызваліць палітвязьняў


Эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і палітыцы добрасуседзтва Штэфан Фюле сустрэўся ў Брусэлі з жонкамі беларускіх палітвязьняў — Натальляй Пінчук, жонкай праваабаронцы Алеся Бяляцкага, і Марынай Адамовіч, жонкай экс-кандыдата ў прэзыдэнты Мікалая Статкевіча.

Як паведамляе прэс-служба эўракамісара, падчас сустрэчы абмеркаваныя ўмовы, у якіх утрымліваюцца беларускія палітвязьні, а таксама намаганьні ЭЗ па іх вызваленьні і рэабілітацыі.

Фюле адзначыў, што вызваленьне беларускіх палітвязьняў — адна з найважнейшых тэмаў для ЭЗ.

«Я добра разумею, якія выпрабаваньні перажываюць вашы мужы і вашы сем’і. Я зноў заклікаю беларускія ўлады неадкладна і без аніякіх умоваў вызваліць і рэабілітаваць усіх палітвязьняў. Я таксама заклікаю ўлады перастаць аказваць ціск на палітвязьняў і пагаршаць умовы іх утрыманьня».

Штэфан Фюле заявіў: любыя станоўчыя зьмены ва ўзаемаадносінах ЭЗ і ўладаў Беларусі залежаць ад вырашэньня пытаньня пра палітвязьняў, перадае БелаПАН.

7 лістапада жонкі Бяляцкага і Статкевіча таксама сустрэліся з старшынёй Эўрапарлямэнту Марцінам Шульцам, сябрамі камітэту па правах чалавека Эўрапарлямэнту і эўрапарлямэнтаром з Польшчы Яцэкам Сарыюшам-Вольскім.
XS
SM
MD
LG