Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Спрэчка супраць будаўніцтва аптэкі дайшла да суду


Галіна Волкава

Галіна Волкава

Калегія па грамадзянскіх справах Берасьцейскага абласнога суду не скасавала рашэньне гарвыканкаму аб інвэстыцыйным праекце, згодна зь якім будуецца аптэка. Супраць яго пратэстуюць людзі, пры доме якіх ідзе будоўля.

Жыхары шматпавярховіка на набярэжнай імя Францыска Скарыны ў Берасьці ўжо некалькі месяцаў дабіваюцца скасаваньня будоўлі.

«Нам балюча бачыць, што суд, які павінен бараніць людзей, гэтага ня робіць. Ні ўлады не бароняць, ні суд не бароніць. Да каго нам зьвяртацца цяпер? Як верыць законам? Прападае давер да ўладаў і іншых органаў. Яны самі змушаюць нас, каб мы ішлі далей, і мы пойдзем. Таму што гэта наш дом, і мы павінны абараніць яго для нашых унукаў. Будзем зьвяртацца ў Вярхоўны суд», — кажа жыхарка дому Галіна Волкава.

Галіна Волкава распавяла, што 98 кватэр іхняга дома — прыватызаваныя, таму людзі хочуць, каб іх меркаваньне як уласьнікаў улічвалі.

Гарвыканкам прыняў рашэньне, згодна зь якім інвэстар будуе аптэку «ў міжкалённай прасторы» шматпавярховіка. Пасьля гэтага і разгарэўся канфлікт. Жыхары зьвярталіся ў розныя інстанцыі, у выніку падалі на гарвыканкам у суд. Аднак суд першай інстанцыі адмовіўся адмяніць рашэньне гарвыканкаму аб будаўніцтве. Абласны суд цяпер таксама ня стаў на бок жыхароў дома.

Людзі, якія пратэстуюць супраць аптэкі, зьвярнуліся па юрыдычную дапамогу ў грамадзкую прыёмную кампаніі «Гавары праўду». Юрыст кампаніі Раман Глушчук пагаджаецца, што тут ідзе гаворка аб парушэньні правоў жыхароў на ўласнасьць:

«Гэта ёсьць парушэньне права на прыватную ўласнасьць. Перад тым як заходзіць на нечыю ўласнасьць, зямельны надзел, трэба спытаць дазволу ва ўласьніка. Тут мы бачым парушэньне з боку Берасьцейскага гарвыканкаму, які аддаў зямельны надзел пад будаўніцтва аптэкі».

Юрыст райвыканкаму, які выступаў на судзе, заявіў: надзел інвэстару дадзены зь меркаваньняў «дзяржаўнай патрэбы» і палажэньні Грамадзянскага кодэксу пры гэтым не былі парушаныя.

Раман Глушчук кажа, што «дзяржаўную патрэбу» можна абгрунтоўваць па-рознаму:

«Што зьяўляецца „дзяржаўнай патрэбай“? Нейкія інвэстыцыі, нейкае фінансавае пытаньне — або інтарэсы грамадзкасьці? І менавіта законныя інтарэсы грамадзкасьці».
XS
SM
MD
LG