Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ясін: Сыстэма кіраваньня Лукашэнкі абсалютна беспэрспэктыўная


Яўген Ясін
Яўген Ясін

Скарачэньне паставак расейскай нафты ў Беларусь і згортваньне ценевага бізнэсу на экспарце нафтапрадуктаў пад выглядам бязмытных растваральнікаў ды разбаўляльнікаў адкінулі паказьнікі беларускай эканомікі ў мінус практычна па ўсіх парамэтрах. Як лічаць незалежныя экспэрты, падобная дыспрапорцыя сьведчыць пра тое, што без расейскіх субсыдыяў мадэль «беларускага эканамічнага цуду» нежыцьцяздольная.

Былы міністар эканомікі Расейскай Фэдэрацыі, навуковы кіраўнік Дзяржаўнага ўнівэрсытэту «Вышэйшая школа эканомікі» прафэсар Яўген Ясін перакананы, што ўсе праблемы беларускай эканомікі маюць палітычны складнік. У Беларусі няма ні эканамічнай, ні палітычнай канкурэнцыі. А толькі пры наяўнасьці гэтых фактараў можна спадзявацца на аздараўленьне эканомікі і ўсяго грамадзтва. На думку суразмоўцы, узятая беларускімі ўладамі за аснову савецкая мадэль плянавай эканомікі ня можа эфэктыўна разьвівацца ва ўмовах глябалізацыі рынку, а дырэктыўнае кіраваньне стрымлівае працэсы мадэрнізацыі вытворчасьці:

«Справа вось у чым: як бы ні спрабаваць знаходзіць нейкія пазытыўныя моманты ў той сыстэме гаспадараньня, якая ў Беларусі сёньня існуе, яна абсалютна беспэрспэктыўная. І гэта ня толькі мая асабістая думка, гэта ўсё абсалютна відавочна. Дакладна гэтак жа, як і беспэрспэктыўны сам мэханізм кіраваньня Аляксандра Рыгоравіча. І галоўны фактар беспэрспэктыўнасьці — гэта яго ўласная асоба. Таму нешта параіць у гэтай сытуацыі наўрад ці магчыма — лепш усё роўна ня будзе. Але я перакананы, што ўрэшце рэшт чым хутчэй беларускі народ пазбавіцца ад гэтага рэжыму, тым хутчэй ён зможа зрабіць адкрытую рынкавую эканоміку. І, адпаведна, тым лепш яму будзе. Я не скажу, што адразу ж будуць больш высокія тэмпы эканамічнага росту, што будуць нейкія асаблівыя дасягненьні, якіх мы чакалі і ў нас у Расеі, і ва Ўкраіне, і на іншых тэрыторыях. Але адназначна, што будзе больш-менш нармальнае жыцьцё, што людзі будуць сябе адчуваць больш камфортна ва ўсіх сэнсах. Вось і ўсё».

Адрозна ад вышэйшага кіраўніцтва Беларусі, прафэсар Ясін ня мае ілюзіяў наконт жыцьцяздольнасьці насаджанага беларускаму грамадзтву пастуляту, што стабільнасьць у асобна ўзятай краіне можна ўсталяваць «уручную». На яго думку, дзяржава, напрыклад, ня можа рабіць больш свабоднай сфэру вольнага абароту валют і ў той жа час ажыцьцяўляць кантроль над прамысловасьцю. Патрабуецца лібэралізацыя эканомікі і як мінімум аслабленьне дзяржаўнага кантролю. У іншым выпадку Беларусь чакае ня росквіт, як улады намагаюцца пераканаць насельніцтва, а сапраўдная эканамічная катастрофа:

«Эканамічная катастрофа цалкам магчымая, бо зьмяняюцца ўмовы гаспадараньня. У вас быў гэткі мядовы пэрыяд, калі былі асабліва цёплыя адносіны з Расеяй, калі Масква шчодра субсідзіравала беларускую эканоміку. З боку падавалася, што ўсё нібыта вельмі добра, што Беларусь нават лепш за Расею ўпраўляецца са сваёй гаспадаркай, а Аляксандар Рыгоравіч — такі таленавіты кіраўнік, што толькі дзякуючы сваім здольнасьцям забясьпечвае свой народ. Ну, у нейкай ступені гэта так, бо гэта ж яму давалі ўсе субсыдыі. Зараз гэтага няма — ва ўсялякім разе, у нашмат меншай меры: у такім памеры, каб трымаць пры сабе, каб ня зьбег, але і не настолькі, каб жыць, як гаворыцца, ад пуза. Таму што тычыцца таго, пра што вы кажаце, як там будуць складацца абставіны, — то, з майго гледзішча, рэсурсаў у Расеі будзе ўсё менш і менш. Адпаведна, Беларусі перападаць будзе таксама ўсё меней».

Адносіны Беларусі з Расеяй Яўген Ясін называе прыкладам «двурушнасьці» беларускай афіцыйнай палітыкі. Саюзьнік ня толькі патрабуе аднолькавых умоваў гаспадараньня, асабліва ў частцы пастаўкі энэргарэсурсаў, але не цураецца таго, каб праверыць Маскву на пільнасьць. Найбольш паказальная гісторыя — з растваральнікамі ды разбаўляльнікамі.

Больш за год Беларусь гнала на Захад бэнзін і салярку пад выглядам прадуктаў нафтахіміі, ня сплачваючы мыта ў расейскі бюджэт. Папярэдне страты ацэненыя сама меней у 2 мільярды даляраў. Скарачэньне ў якасьці асымэтрычнага адказу паставак сырой нафты і патрабаваньне спыніць паліўную кантрабанду неадкладна прывялі да праблемаў з гандлёвым балянсам Беларусі. Па словах спадара Ясіна, усё гэта яскрава сьведчыць пра сутнасьць беларускага рэжыму — ён ня столькі партнэр, колькі халяўшчык:

Цяпер нафтавая залежнасьць — як кручок, на якім Пуцін будзе трымаць Лукашэнку
Яўген Ясін

«Я ведаю гэтыя высновы, хоць спэцыяльна лічбаў не адсочваў і ня маю поўнага ўяўленьня пра тое, якая рэальная карціна. Але што дакладна можна сказаць, дык гэта тое, што жыць добра, не карыстаючыся замежнымі субсыдыямі, не ажыцьцяўляючы нейкія апэрацыі зь пераразьмеркаваньнем рэсурсаў, а толькі за кошт той эканомікі, якая сёньня ёсьць у Беларусі, немагчыма. Прынамсі, немагчыма доўга. Вось гэта можна сказаць заведама, без асаблівых разумовых практыкаваньняў і навуковых пошукаў. Такая вось паразытычная пазыцыя — уладкаваліся, і ім здавалася, што можна так доўга і бесклапотна жыць. Аказваецца, што зусім не. Выйшла нават наадварот: цяпер нафтавая залежнасьць — як кручок, на якім Пуцін будзе трымаць Лукашэнку. Вось і ўвесь вынік уяўнай „халявы“. Хоць наш таксама ня моцна адрозьніваецца ад вашага, але ў яго ёсьць сыравіна, якая, на жаль, сёньня ўсім кіруе. Так што Аляксандру Рыгоравічу прывітаньне і глыбокія пажаданьні хутчэй сысьці на пэнсію. Ад гэтага ўсім будзе толькі лепш».

Доктар эканамічных навук, прафэсар Яўген Ясін не выключае і новай дэвальвацыі беларускага рубля. Ён лічыць: калі фінансавыя ўлады сапраўды адпусьцілі курс нацыянальнай валюты ў вольнае плаваньне, то ён будзе зьніжацца, пакуль на валютным рынку не ўсталюецца раўнавага. А яна будзе толькі тады, калі ня будзе ажыятажу і карыстацца беларускім рублём, далярам ці расейскім рублём можна аднолькава. Усе спробы штучна трымаць «патрэбны» курс, на думку Яўгена Ясіна, толькі прысьпешаць сумны фінал.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG