Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пэкіне распачаўся 18-ты зьезд Кітайскай камуністычнай партыі, які можа быць галоўнай палітычнай падзеяй краіны за апошняе дзесяцігодзьдзе. Чакаецца, што зьезд вылучыць новае пакаленьне лідэраў.

Ужо вядома, што цяперашняга лідэра кампартыі Ху Цзіньтао заменіць Сі Цзіньпін. Ён будзе абраны кіраўніком КПК, у сакавіку 2013 году зойме пасаду Старшыні КНР, а празь нейкі час будзе кіраўніком Вайсковай камісіі, што тоесна функцыі Вярхоўнага галоўнакамандуючага. Такое прасоўваньне па прыступках — традыцыйнае для Кітаю ў апошні час і гарантуе пераемнасьць улады.

У першы дзень зьезду Ху выступіў з дакладам «Цьвёрда рухацца наперад на шляху сацыялізму з кітайскай спэцыфікай і змагацца за поўную пабудову сярэднезаможнага грамадзтва». Пры гэтым Ху спаслаўся на «тэорыю Дэн Сяопіна», якога лічаць аўтарам эканамічных і, у пэўным сэнсе, палітычных рэформаў пасьля Мао Цзэдуна.

Экспэрт у справах Кітаю ў лёнданскім Chatham House Род Ўай прагназуе, што новае кіраўніцтва, найхутчэй, будзе кіраваць краінай наступныя дзесяць гадоў. Ён адзначае, што сем зь дзевяці членаў Сталага камітэту Палітбюро (вышэйшага кіруючага органу кампартыі) дасягнулі пэнсійнага ўзросту (65 гадоў). Таму са «старога» складу ў вышэйшым кіраўніцтве застануцца, верагодна, толькі Сі Цзіньпін і Лі Кэцян. Вялікія кадравыя перамены прагназуе аналітык і ў Сакратарыяце ЦК КПК.
XS
SM
MD
LG