Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыпляматычныя кансультацыі Менску і Кіева закрануць тэму АБСЭ


9 лістапада ў Кіеве пройдуць кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў Украіны і Беларусі.

Пра гэта 8 лістапада паведаміў на брыфінгу прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.

У 2013 годзе Ўкраіна будзе старшыняваць у АБСЭ.

Беларусь разам з Расеяй выступаюць за радыкальнае рэфармаваньне гэтай міжнароднай арганізацыі. Украіна не выказваецца так рэзка, як афіцыйныя Менск і Масква.

Трэба дадаць, што Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека — структура менавіта АБСЭ, і менавіта гэтая структура прызнаецца ва ўсім сьвеце як найбольш дасьведчаная і кваліфікаваная ў справе правядзеньня выбараў. Менавіта БДІПЧ АБСЭ чарговым разам прызнала, што выбары ў Палату прадстаўнікоў Беларусі, якія адбыліся напрыканцы верасьня, не адпавядаюць міжнародным стандартам і абавязаньням, якія ўзяла на сябе Беларусь, уступаючы ў АБСЭ.

Лукашэнка пра АБСЭ: «сто гадоў не патрэбная»

6 лістапада кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня бачыць ніякай карысьці ад дзейнасьці Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе.

«У ёй былі зацікаўленыя Захад і ЗША, калі ім супрацьстаяў магутны СССР. Сёньня ім гэтая арганізацыя не патрэбная. А нам, з-за таго што АБСЭ не выконвае сваіх функцый, таксама яна сто гадоў не патрэбная», — заявіў Лукашэнка журналістам.

«Такая арганізацыя патрэбная была б, калі б яна прытрымлівалася таго, што дэкляравала пры сваім стварэньні», — дадаў ён.

«АБСЭ сёньня ніякай бясьпекай не займаецца, а супрацоўніцтва ў іх накіраванае на раздрай, на разлад», — сказаў кіраўнік краіны.

«Яны (АБСЭ. — Інтэрфакс) спрабуюць навязаць нам свае неіснуючыя стандарты, яны палітызаваныя», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Офіс АБСЭ спыніў сваю дзейнасьць у Менску 31 сакавіка 2011 году.

Місія АБСЭ працавала ў Беларусі ад 1998 году. Рашэньне закрыць Офіс было прынятае беларускімі ўладамі ў канцы 2010-га.
XS
SM
MD
LG