Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі пра напад на амбасаду Літвы


Андрэй Савіных

Андрэй Савіных

«Мы перакананыя, што гэта злоснае хуліганства. Разьлічваем, што сьледчыя органы апэратыўна правядуць расьсьледаваньне, і вінаватыя будуць пакараныя», — заявіў прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Савіных.


Амбасада Літвы пачала працу ў звычайным рэжыме

8 лістапада супрацоўнік амбасады Літвы ў Беларусі пачалі свой працоўны дзень у звычайным рэжыме. «Усе займаюцца сваімі справамі. Наведвальнікаў у нас сёньня візуальна не болей і не меней, як у звычайныя дні», — паведаміла «Свабодзе» прэсавы сакратар амбасады Віта Наўскайціце.

6 лістапада каля 23-й гадзіны вечару невядомыя кінулі на тэрыторыю амбасады, якая знаходзіцца на вуліцы Захарава, дзьве бутэлькі з «кактэйлем Молатава». Яны загарэліся. Аднак літоўскія паліцыянты, якія працуюць у амбасадзе, здолелі «кактэйлі» пагасіць.

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу. Яна вядзецца паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу пра хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў.

У СК Інтэрфаксу паведамілі, што «маецца відэазапіс таго, як было зьдзейсьненае злачынства, на відэазапісы бачныя дзьве цёмныя постаці. У цяперашні час вырашаецца пытаньне аб перадачы гэтага відэазапісу амбасадай Літвы праваахоўным органам».

У СК ўдакладнілі, што пакуль што ніхто не затрыманы.

Факт, што ў будынак амбасады Літвы ў Менску кінулі дзьве бутэлькі з запальнай сумесьсю, трэба расцэньваць як тэрарыстычны выпад супраць нашай краіны, лічыць міністар замежных справаў Аўдронюс Ажубаліс і старшыня парлямэнцкага Камітэту па замежных справах Эмануэліс Зінгерыс. «Гэта тэрарыстычны выпад супраць літоўскай тэрыторыі», — сказаў 7 лістапада ў парлямэнце журналістам Зінгерыс.

Сьледзтва чакае запісаў з камэраў Літоўскай амбасады

«Пакуль што ў нас няма відэазапісу з камераў назіраньня ў Літоўскай амбасадзе, на якой зафіксаваны дадзены інцыдэнт. Ёсьць толькі фрагмэнты бутэлек, якія былі сканфіскаваныя на месцы здарэньня», — заявілі Інтэрфаксу ў сілавых структурах Беларусі.

Прадстаўнік Сьледчага камітэту дадаў «па выніках агляду месца здарэньня, канфіскаваныя (...) аскепкі шкла, фрагменты бутэлек, узоры зьмесьціва бутэлек».

«Абедзьве бутэлькі загарэліся, але агонь быў своечасова лякалізаваны супрацоўнікамі службы бясьпекі амбасады. Будынак амбасады не пашкоджаны, бо абедзьве бутэлькі ўпалі на брук», — удакладнілі ў СК. «Адразу ж пасьля атрыманьня інфармацыі аб здарэньні, на месца выехала сьледча-апэратыўная група, якой быў арганізаваны агляд прылеглай тэрыторыі. Непасрэдна да агляду месца здарэньня супрацоўнікі пачалі толькі пасьля ўзгадненьня з амбасадарам Літоўскай Рэспублікі, каля 9 гадзін раніцы наступнага дня».


Іншыя выпадкі нападаў на амбасады ў Менску



У ноч на 25 ліпеня 2008 году невядомыя размалявалі нацыянал-бальшавіцкай сымболікай і закідалі ўлёткамі амбасаду Літвы ў Менску.

Тады міліцыя распачала крымінальную справу ў сувязі з актам вандалізму на тэрыторыі літоўскай амбасады ў Менску. Аднак злаўмысьнікаў так і не знайшлі.

2 лютага 2008 году невядомыя напалі на амбасаду Чэхіі ў Менску. Яны парвалі чэскі сьцяг, разьбілі шкло ў будынку і шыбу ў дыпляматычнай машые.

Таксама 2 лютага 2008-га быў напад і на амбасаду Вялікай Брытаніі. Невядомы падышоў да амбасады і пачаў мэталічнай трубой біць па дзьвярах і па відэакамэры«. Ахоўнікі затрымалі нападніка, перадалі яго міліцыі. Аднак пазьней стала вядома, што міліцыя адпусьціла гэтага чалавека.

У 2007 годзе былі пашкоджаныя будынкі амбасады Латвіі і консульства Эстоніі. Вінаватых не знайшлі.

У жніўні 2010 на тэтыторыю амабсады Расеі кінулі бутэльку з «кактэлем Молатава». Вялікага пажару ня здарылася. Згарэла адна машына, прыпаркаваная ў двары амбасады. Ніхто не пацярпеў.

24 траўня 2011 года Заводзскі суд Менску вынес абвінаваўчыя прысуды Аляксандру Францкевічу (3 гады пазбаўленьня волі), Мікалаю Дзядку (4,5 гады) і Ігару Аліневічу (8 гадоў зьняволеньня). Маладыя людзі былі асуджаныя на працяглыя тэрміны паводле абвінавачаньня ў зьдзяйсьненьні шэрагу палітычных акцый, у тым ліку і за напад на амбасаду Расеі ў Менску ў жніўні 2010 года.
XS
SM
MD
LG